Мэйнстрым не пройдзе, таму што...

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Вынікі шоукейса ў Эстоніі для нашага рынку
Увесну ў эстонскай сталіцы ў шосты раз прайшоў Музычны шоукейс-фестываль “Tallinn Music Week” з удзелам больш чым дзвюх соцень выканаўцаў з 27 краін свету. Не ўсім яшчэ знаёмае слова “шоукейс” азначае, што прадстаўленыя на мерапрыемстве артысты ў сваёй аснове — не занадта знакамітыя або зусім невядомыя ў глабальнай індустрыі забаў, і прыехалі яны дэманстраваць сваё майстэрства на яго, па большай частцы, за ўласны кошт і, адпаведна, не атрымліваючы ганарар.

/i/content/pi/cult/478/10187/13-1.jpg

На адной з пляцовак “Tallinn Music Week”.

У рамках форуму, які доўжыўся тры дні, на трыццаці пляцоўках старажытнага горада адбылося мноства канцэртаў рок-, поп-, індзі-, індзі-поп-, этна-, рэп-, альтэрнатыўнай, электроннай і класічнай музыкі. Акрамя выступленняў, прайшлі канферэнцыя па музычным рынку і некалькі панэлей-дыскусій, прысвечаных праблемам арганізацыі фестываляў, функцыянаванню незалежных лэйблаў, прасоўванню артыстаў, выкарыстанню музыкі ў рэкламе, а таксама перспектывам стварэння адзінага музычнага рынку для дзяржаў Балтыі. “Фішкай” жа “Tallinn Music Week” стаў сеанс хуткіх сустрэч: на размову адводзілася пяць хвілін, калі можна было пагутарыць з супрацоўнікамі кампаній, якія займаюцца менеджментам выканаўцаў, кіраўнікамі фестываляў і лэйблаў.

Беларусь на форуме была прадстаўлена папулярным музычным інтэрнэт-парталам, на чале якога стаіць вядомы журналіст, піяр-менеджар і прадзюсар Дзмітрый БЕЗКАРАВАЙНЫ. З ім мы і пагутарылі пра фэст.

— Вазьму на сябе смеласць сказаць ад імя беларускага меламана: гледзячы на “спісачны склад” удзельнікаў фестывалю, можна прасякнуцца сумневамі наконт значнасці форуму... Дзе ж зорныя артысты?..

— А фэст і не арыентаваны на мегазорак. Навошта на яго едуць? Прамоўтары і незалежныя лэйблы — у пошуках талентаў, каб паглядзець на нераскручаных або вядомых пэўнаму колу спецыялістаў выканаўцаў, узяць кагосьці з іх на заметку, нешта сяму-таму прапанаваць. Артысты — каб наладзіць кантакты з прадстаўнікамі індустрыі, прадэманстраваць сваё мастацтва. Асабістыя ж зносіны, жывое ўспрыманне ў гэтым сэнсе больш выйгрышнае, чым перапіска па электроннай пошце, відэаканферэнцыі ды праслухоўванне трэкаў у Інтэрнэце. Што да брэндаў, то яны былі: буйныя кампаніі, арганізацыі, якія працуюць у сваім сегменце музыкі. Гэта фестывалі з Іспаніі, Фінляндыі, Латвіі, Расіі, лэйблы з ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Адпаведна, гэты адзін з галоўных шоукейс-фестываляў у Еўропе можа стаць кропкай адліку, даць шанц у прасоўванні творчасці, бо, урэшце, гэта ж тыповая сітуацыя, калі невялікі лэйбл праз час перадае альбо прадае свайго артыста так званым мэйджарам. Але фэст і не “чароўная пігулка”, якая нешта гарантуе. Тут мала даць дыск — трэба пісаць, прасіць водгук, мець зносіны…

— Беларусь упершыню ўлілася ў форум?

— За апошнія пяць гадоў там быў толькі адзін беларускі артыст — праект Дзмітрыя Лук’янчыка “Folkmashina”. Так што, фактычна, масава мы адкрылі для сябе гэты фестываль толькі цяпер. На ўдзел у ім ад нашых музыкантаў прыйшло 70 заявак, арганізатары адабралі чатырох выканаўцаў — гурты “Super Besse”, “Петля пристрастия”, “Devil Dandies” і “Ветах”, але апошні з-за хваробы вакалісткі так і не даехаў да Таліна. Вынікам жа стала тое, што “Super Besse” запрасілі з канцэртамі ў Латвію, а “Петля…” зацікавіла эстонцаў. І гэта прытым, што абодва калектывы — рускамоўныя.

— Дык што, у першую чаргу патрэбен якасны прадукт, і не важна, на якой ён мове?

— Сусветная поп-індустрыя стаіць на англійскай мове, гэта кожны ведае. Але на індзі-ўзроўні, няхай гэта будзе рок ці поп, могуць мець пэўную вядомасць неангламоўныя выканаўцы. Таму я не выключаю таго, што беларускамоўны творца будзе запатрабаваны на Захадзе, хоць бы зыходзячы са свайго вопыту зносін з тамтэйшымі спецыялістамі, цікавасць у якіх больш выклікае наша інструментальная, электронная музыка, а таксама і этна. Музычны рынак сёння настолькі варыятыўны, што нішу знайсці можна — малазанятую, а то і сапраўдную лакуну. Для гэтага, так, патрэбен прадукт (не важна, рок гэта акажацца або не рок) ды захады для яго раскруткі. У нас жа артыст выпусціць дыск і чакае, што зараз на яго зваляцца запрашэнні даваць канцэрты. А яго не запрашаюць, таму што выканаўца “забыўся” апавясціць пра альбом хоць бы беларускую грамадскасць…

— Што для сябе карыснага вынес з “Tallinn Music Week”?

— Як краінам, якія знаходзяцца быццам бы на перыферыі, у тым ліку сучаснай некамерцыйнай музыкі, пазіцыянаваць сябе і дзейнічаць у гэтым кантэксце. Якія спосабы ды магчымасці існуюць для прарыву калі не ў сусветны, дык у еўрапейскі шоу-бізнес — у дадзеным яго праламленні. І разуменне таго, што наша музыка ні каліва не горшая за тую, што ёсць у суседніх краінах (пра гэта мне, дарэчы, шмат казалі на фе+стывалі самыя розныя людзі). І тое быў не дзяжурны камплімент. Пытанне ж — толькі ў прасоўванні тавару. І паездкі з выступленнямі па нямецкіх барах, акрамя, магчыма, нейкай капейчыны, мала што дадуць у плане прамоцыі. Мне бачыцца вельмі фантастычнай сітуацыя, каб на канцэрт у еўрапейскую глухмень нейкім неверагодным спосабам трапіў менавіта той чалавек, які шукае “свежую кроў”, і гэтай крывёю для яго стаўся той самы артыст. Па клубах — гэта добра, але важна ехаць туды, дзе збіраюцца спецыялісты.

— А наш шоу-бізнес — прамоўтары, прадзюсары ды іншыя менеджары — праігнараваў імпрэзу, пра якую мы гаворым. Як і Міжнародную канвенцыю “Colisium”, што прайшла ў Мiнску: важкіх гульцоў на рынку там было з пяцёра...

— Напэўна, яны пра шоукейс не ведаюць... А мо лічаць сябе падкаванымі ў тых пытаннях, якія абмяркоўваліся ў Таліне. Камусьці сапраўды абодва гэтыя фарматы былі не патрэбны. А калі сур’ёзна, то адна з нягод айчыннага шоу-бізнесу якраз у тым, што многім нашым менеджарам, прамоўтарам ды артыстам бракуе актуальных ведаў па працы ў сучасным шоу-бізнесе. Вучыцца яны, можа, і хочуць, але нічога для гэтага не робяць. Мне здаецца, па меры з’яўлення вынікаў ад падобных імпрэз цікавасць да апошніх вырасце...

— І паставім тлустую кропку. У каго больш шанцаў зацікавіць заходняга прамоўтара/прадзюсара: у Ані Шаркуновай або ў гурта “LiteSound”?

— Шанцаў, лічу, аднолькава мала. Мэйнстрымавая музыка павінна быць суперцікавай, каб на яе звярнулі ўвагу, суперпрафесійна запісанай, а гэта, перш за ўсё, — бюджэт. Шаркунова і “LiteSound” — усё ж такі лакальныя аналагі пройдзеных у свеце рэчаў. Я ўсё ж паставіў бы на беларускiя індзі і альтэрнатыву — гэта ніша, у якой больш акцэнтаў на арыгінальнай музыцы, а не на тэхналогіях...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"