“Кліч” як новая фармацыя

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

У Бюро міжэтнічных зносін Рэспублікі Малдова, што ў Кішынёве, прайшла ўстаноўчая канферэнцыя грамадскага аб’яднання “Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова “Клiч”. Ініцыятарам яго стварэння стала ўраджэнка Мінска Ганна Мазур — культуролаг, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фотамастачка.

У канферэнцыі прынялі ўдзел Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Салаўёў, старшыня Беларускай грамады Юрый Статкевіч, старшыня Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь” Генадзь Зяньковіч, беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка, народная артыстка Рэспублікі Малдова і сябра беларускай дыяспары ў Малдове Маргарэта Iвануш.

Наогул, паводле перапісу насельніцтва за 2004 год, у Рэспубліцы Малдова пражывае каля 6 000 этнічных беларусаў. Інфраструктура беларускай дыяспары прадстаўлена тут восьмю грамадскімі арганізацыямі. Адна з іх — “Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова” (Кішынёў) носіць статус рэспубліканскага грамадскага аб’яднання беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова.

За перыяд існавання больш за паўтысячы гадоў на малдоўскай зямлі беларускі этнас пакінуў на ёй велізарны пласт карыснага і канструктыўнага. Аднак, адзначае Ганна Мазур, трывожыць тое, што працэс адаптацыі беларусаў, асабліва другога і трэцяга пакаленняў, у мясцовы культурны асяродак адбываецца ў форме асіміляцыі. Спадарыня Мазур падкрэсліла: “Амаль цалкам адсутнічае беларускамоўны асяродак — галоўны фактар захавання беларускай нацыі ў Малдове. Сёння для прадстаўніка беларускага этнасу амаль немагчыма пачуць у Малдове беларускую мову, а тым больш — пагутарыць на ёй. Магу канстатаваць, што ў Рэспубліцы Малдова няма ніводнай адукацыйнай установы, дзе можна якасна вывучаць беларускую мову”.

У сувязі з гэтым “Клiч” — новая фармацыя беларускай дыяспары. Гэта этнакультурны фармат для ўсіх тых, хто адносіць сябе да беларускага этнасу альбо праяўляе цікавасць да беларускай культуры.

Асноўнымі мэтамі Руху з’яўляюцца: захаванне, вывучэнне, развіццё і папулярызацыя беларускай культуры, мовы, гісторыі, традыцый, звычаяў; сімбіёз культур; спрыянне ўмацаванню двухбаковых сяброўскіх адносін; садзеянне развіццю інфраструктуры беларускай дыяспары і ўзаемадзеянню яе суб’ектаў для захавання фактару беларускай прысутнасці ў свеце на карысць беларускага народа; захаванне беларускай дыяспары ў Малдове, развіццё сацыяльных інстытутаў дыяспары...

Аляксандр Салаўёў паабяцаў новай фармацыі комплексную дапамогу і падтрымку з боку дыпструктур Беларусі ў Малдове. Па словах Юрыя Статкевіча, Беларуская грамада ў Малдове выдатна ўсведамляе прыярытэтнасць мэт беларускай дыяспары, а пашырэнне інфраструктуры — гэта бясспрэчны прыярытэт, які ўзмацняе фактар культурнай і інфармацыйнай прысутнасці ў іншай краіне. Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь” цёпла адгукнулася на ініцыятыву стварэння новай арганізацыі. Быў зацверджаны яго Статут і выбрана Праўленне Руху, якое ўзначаліла Ганна Мазур.

Пасля афіцыйнай часткі канферэнцыі паказалі беларускамоўны інтэрактыўны спектакль пад назвай “Вясновы Клiч” (паводле абраду “Гуканне вясны”). Ён падрыхтаваны дзецьмі і моладдзю беларускага, малдаўскага, рускага, украінскага і румынскага паходжання.