Аркестр і яго вытокі

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Любая вялікая рака свой пачатак бярэ з маленькай крынічкі. Мае свае вытокі і ўзорны баянны аркестр Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў.

Ён вядзе адлік свайго творчага часу з 1989 года. Менавіта тады Валянціна Калоша, таленавіты педагог, чалавек ініцыятыўны і мэтанакіраваны, арганізавала спачатку ансамбль баяністаў і акардэаністаў, а потым — і аркестр. У ім іграла не такая вялікая колькасць чалавек, як цяпер, ды і рэпертуар быў не вельмі разнастайны. Валянціна Раманаўна кіравала аркестрам больш за два дзясяткі гадоў. Паступова дзіцячы баянны калектыў станавіўся вядомым і запатрабаваным не толькі на Маларытчыне, але і ў вобласці. У 1999-м калектыву баяністаў за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўнае творчае жыццё было прысвоена званне “ўзорны”.

З 2010-га аркестр узначальвае Наталля Яромчанка. Калектыў не спыніўся ў сваім развіцці. З прыходам новага кіраўніка баянны аркестр працягвае традыцыі, закладзеныя Валянцінай Калоша. Сёння калектыў складаецца з 27 чалавек.

 — Стварыць дзіцячы аркестр у музычнай школе, ды яшчэ — з добрай канцэртнай праграмай, адпаведным узроўнем выканальніцкага майстэрства, — кажа Наталля Яромчанка, — справа вельмі складаная. Кожны год у калектыве часткова абнаўляецца склад. Дзеці заканчваюць навучанне і пакідаюць сцены школы, ім на змену прыходзяць іншыя. Усё пачынаецца спачатку. Некаторыя з выпускнікоў-удзельнікаў баяннага аркестра ўжо набылі, а іншыя яшчэ атрымліваюць адукацыю ў спецыяльных музычных навучальных установах. Саліст аркестра Пётр Манько стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Іграць у аркестры для мяне вельмі прэстыжна і ганарова, — гаворыць удзельнік калектыву Максім Паўлаў. — Каб устойліва “трымацца” на дасягнутым узроўні, які цяпер мае аркестр, мы шмат працуем...

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта