Ода... падушцы

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Клуб кветкаводаў “Флора” Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі адкрыў чарговую выстаўку і назваў яе “Жыццё ў падушках”. Разам з творчай групай “Жывая тканіна” мясцовай гімназіі № 3, пад кіраўніцтвам мастака і кветкавода Алены Дамарад “фларавікі” не толькі аформілі выстаўку аўтарскіх падушак, распісаных у тэхніцы батык, але і падрыхтавалі прэзентацыю.

/i/content/pi/cult/478/10182/10-6.jpg /i/content/pi/cult/478/10182/10-8.jpg

Працаваць давялося з дзецьмі. Мусілі ўлічваць, што сучасныя падлеткі могуць сканцэнтраваць сваю ўвагу ўсяго толькі хвіліны на чатыры, таму выкарыстоўвалі метад “пераключэння каналаў” успрыняцця: “Паслухайце, а цяпер паглядзіце. А цяпер памацайце ці нават панюхайце. А цяпер ізноў паслухайце”. Так будавалася работа з будучымі чытачамі “дарослай” бібліятэкі.

Цяжка пералічыць усіх удзельнікаў і памагатых: бібліятэкары, бацькі, педагогі, кветкаводы, чытачы… Словам, гэта была калектыўная акцыя дабрыні, прысвечаная падушцы, што дае салодкі сон, ратуе ад хвароб, хавае пад сабой доўгачаканы падарунак…

Мы “ажывілі” назву выстаўкі. Мастачкі-гімназісткі сталі на пэўны час артысткамі, манекеншчыцамі. Дэфіле піжам адбылося дзякуючы дапамозе гендырэктара па ідэалогіі ААТ “Купалінка” Ілоны Гражынскай. Яна вельмі хвалявалася, ці спадабаецца іхняя прадукцыя маленькім модніцам. І гэта менавіта яна прэзентавала падарункі ад “Купалінкі” ўсім удзельнікам выстаўкі.

Сон-арт — новы кірунак (не шукайце ў слоўніках: мы самі яго прыдумалі). Прысутныя старанна распісалі ўручную падушку. А экскурсію па выстаўцы правяла Зінаіда Рамановіч, якая распавяла пра гісторыю падушкі… Вось і атрымалася, што ў маленькіх артыстаў і мастакоў творчы дэбют адбыўся менавіта ў бібліятэцы. Успаміны пра гэта застануцца на ўсё жыццё. І мы спадзяёмся, што бібліятэка, у якой не заўжды бывае ціха, стане для будучых чытачоў роднай.

Кацярына ВАВІЛАВА, бібліятэкар першай катэгорыі Салігорскай РЦБ, кіраўнік клуба кветкаводаў “Флора”