Працаваць давялося з дзецьмі. Мусілі ўлічваць, што сучасныя падлеткі могуць сканцэнтраваць сваю ўвагу ўсяго толькі хвіліны на чатыры, таму выкарыстоўвалі метад “пераключэння каналаў” успрыняцця: “Паслухайце, а цяпер паглядзіце. А цяпер памацайце ці нават панюхайце. А цяпер ізноў паслухайце”. Так будавалася работа з будучымі чытачамі “дарослай” бібліятэкі.
Цяжка пералічыць усіх удзельнікаў і памагатых: бібліятэкары, бацькі, педагогі, кветкаводы, чытачы… Словам, гэта была калектыўная акцыя дабрыні, прысвечаная падушцы, што дае салодкі сон, ратуе ад хвароб, хавае пад сабой доўгачаканы падарунак…
Мы “ажывілі” назву выстаўкі. Мастачкі-гімназісткі сталі на пэўны час артысткамі, манекеншчыцамі. Дэфіле піжам адбылося дзякуючы дапамозе гендырэктара па ідэалогіі ААТ “Купалінка” Ілоны Гражынскай. Яна вельмі хвалявалася, ці спадабаецца іхняя прадукцыя маленькім модніцам. І гэта менавіта яна прэзентавала падарункі ад “Купалінкі” ўсім удзельнікам выстаўкі.
Сон-арт — новы кірунак (не шукайце ў слоўніках: мы самі яго прыдумалі). Прысутныя старанна распісалі ўручную падушку. А экскурсію па выстаўцы правяла Зінаіда Рамановіч, якая распавяла пра гісторыю падушкі… Вось і атрымалася, што ў маленькіх артыстаў і мастакоў творчы дэбют адбыўся менавіта ў бібліятэцы. Успаміны пра гэта застануцца на ўсё жыццё. І мы спадзяёмся, што бібліятэка, у якой не заўжды бывае ціха, стане для будучых чытачоў роднай.
Кацярына ВАВІЛАВА, бібліятэкар першай катэгорыі Салігорскай РЦБ, кіраўнік клуба кветкаводаў “Флора”