Калі 30 наведвальнікаў — установу трэба “рэзаць”

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

У Маладзечне — пра дыскатэкі з праблемамі, канкурэнцыю і цякучку кадраў
Кароткі змест папярэдняй “серыі”. У Культурную сталіцу Міншчыны, як часцяком на афіцыйным і неафіцыйным узроўнях называюць Маладзечна, я адправіўся пасля таго, як азнаёміўся “з першакрыніц” яшчэ ў сталіцы з асновамі эканомікі культуры Мінскай вобласці: даведаўся пра тое, колькі сродкаў з бюджэту было накіравана ў яе цягам 2013 года, якія спосабы падсілкавання шукаліся для культурнай дзялянкі з дапамогай пазабюджэтнага фінансавання. І вось цяпер — чарга Маладзечна.

/i/content/pi/cult/478/10181/10-1.jpg /i/content/pi/cult/478/10181/10-2.jpg

Аляксандр Рамановіч; Таісія Лянкевіч.

/i/content/pi/cult/478/10181/10-3.jpg

Ля Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

/i/content/pi/cult/478/10181/10-4.jpg

На рэпетыцыі спектакля "ОбломOFF" у Мінскім абласным драматычным тэатры: Дзяніс Фешчанка, Андрыян Барткевіч і Аляксей Карпец.

(Працяг. Пачатак у № 14.)

Няпростыя вiзавi...

У трох апытаных вядомых асоб, якiя нарадзіліся ў Маладзечне, — сваё стаўленне да горада. Яны, прызнацца, здзівіліся нашай прапанове (зірнуць на тамтэйшую культуру з каляэканамічнага гледзішча), ды ў просьбе не адмовілі...

Валерыя АРЛАНАВА, кінаактрыса, артыстка Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”:

— У Маладзечне бываю толькі наведваючы маму. А навіны пра горад паведамляе сястра, якая жыве там. Яна кажа, што з культурай у горадзе ўсё ў парадку. Праўда, не так даўно сястра была на нейкай музейнай выстаўцы, якая ёй не спадабалася. Напэўна, таму і людзей туды прыйшло мала...

Ніна БАГДАНАВА, спявачка, тэлевядучая:

— Шмат папаездзіўшы па краіне, заяўляю з упэўненасцю: у Маладзечне беражліва ставяцца да ўсяго таго, што звязана з культурай. Я не хачу сказаць, нібыта ў іншых населеных пунктах з ёй усё неяк не так! Але ж Маладзечна — мой родны горад, магу ж я быць трошачкі прадузятай?!. Як артыстку мяне задавальняюць канцэртныя пляцоўкі. Надзвычайны Палац культуры, Летні амфітэатр, які калі ў чым і саступае віцебскаму, дык толькі ў колькасці пасадачных месцаў: камфортны, зручны, з выдатнай акустыкай і класнай гукавой апаратурай. Дакладна ведаю, што нашы ды замежныя выканаўцы з задавальненнем выступаюць і ў Палацы, і ў амфітэатры!..

Мікалай КІРЫЧЭНКА, народны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

— Так выйшла, што ў Маладзечне я не быў даўно. Запрашалі неяк на Дзень горада, але паездка па пэўных прычынах сарвалася. Аднак магу сказаць, што Маладзечна нездарма называлі і называюць Культурнай сталіцай Міншчыны. Ён і сам па сабе прыгожы, вечна малады, нягледзячы на шматвяковую гісторыю, і яго ўстановы культуры заўсёды цешылі вока...

Не дыскатэкі, а канцэрты

...П’ючы зялёную гарбату, прапанаваную начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандрам РАМАНОВІЧАМ, я ні на хвіліну не забываўся на тое, дзеля чаго, уласна, дамагаўся яго аўдыенцыі. Гутарылі мы, прызнацца, пра многае, у тым ліку і пра рэчы, якія наўпрост не мелі дачынення да прадмета, абумоўленага рэдакцыйным заданнем. Размова была доўгай і, лічу, прадуктыўнай, аднак абмяжуюся трыма пытаннямі і трыма адказамі з яе.

— На якім “фронце” платных паслуг для насельніцтва ваш край атрымаў найбольшы поспех?

— Калі казаць пра Маладзечанскі раён наогул, дык да 2013 года асноўныя пазабюджэтныя паступленні ў вёсцы давалі нам дыскатэкі, летась жа мы зрабілі ўпор на платныя канцэрты. Справа ў тым, што вячэрнія дыскатэкі (з 20 да 24 гадзін) абыходзіліся нам дорага ў плане фінансавых страт. Сітуацыя вядомая любому начальніку аддзела: калі праваахоўнымі органамі на такіх мерапрыемствах затрымліваліся дзяўчаты ды юнакі, якiя праз свой узрост не мелi права знаходзіцца на танцавальных вечарах пасля пэўнага часу, то ўстановы культуры былі вымушаны плаціць штрафы, а іх набралася на 13 мільёнаў рублёў. І тады мы пайшлі на кардынальныя меры (нягледзячы на магчымую незадаволенасць людзей): пакінулі толькі падлеткавыя дыскатэкі, самыя познія з якіх заканчваюцца да 22-й гадзіны. Узамен прапанавалі на пастаяннай аснове канцэрты беларускіх артыстаў — і так выйшла, што скаргаў ад наведвальнікаў дыскатэк было няшмат, а на выступленне выканаўцаў публіка хадзіла актыўна. Але тут ужо ўзнікла наступная тонкасць: калі грошы ад дыскатэк усе былі нашы, то з канцэртаў пэўную суму мы абавязаны выплаціць артыстам. Гэта значыць, як сказалі б раней, “план па вале” выканалі, але грошай недаатрымалі. Ламаем цяпер над гэтай праблемай галаву...

— Кажуць, з “праславутай” аптымізацыяй вы апярэдзілі на Беларусі ўсіх...

— Цалкам верагодна, што мы сталі першапраходцамі ў гэтым аспекце. Напрыклад, у Лебедзеве ўжо некалькі гадоў таму ўстановы культуры сабралі ў адзін культурны цэнтр, а вызваленыя будынкi альбо адышлі прадпрыемствам, альбо былі выстаўлены на аўкцыён. У Аляхновічах пайшлі падобным шляхам. Уціскацца нам, вядома, трэба. У раёне сёння — 74 установы культуры, дзе занята больш чым 800 работнікаў. Шмат, трэба “рэзаць”. Як? Дапусцім, бібліятэкі, рэйд па якіх мы нядаўна здзейснілі. У адзін дзень у адной з іх 50 наведвальнікаў, у іншы — 30, часцей — апошняя лічба. А абслугоўваюць іх чатыры чалавекі. Дык ці мэтазгодна тое? У пытанні аптымізацыі неабходны кропкавы падыход і, калі трыццаць наведвальнікаў — гэта тэндэнцыя, то, значыць, будзем бібліятэкараў скарачаць...

— На ваш погляд, ці варта нешта скарэктаваць у культурнай сферы на ўзроўні заканадаўства?

— Патрабуе, лічу, грунтоўнай рэвізіі Закон “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”, многія палажэнні якога альбо састарэлі, альбо ўвогуле не адпавядаюць сённяшняму дню. Даходзіць да таго, што, да прыкладу, адна і тая ж структура ў нашай сферы можа называцца ў розных месцах па-рознаму: “цэнтралізаваная клубная сістэма” або “цэнтральны аддзел клубаў”. Усё гэта і спараджае непатрэбную бюракратыю. Варта навесці парадак у штатным раскладзе. І я больш правоў дэлегаваў бы ўстановам культуры менавіта на месцах — у юрыдычных, фінансавых пытаннях...

Раскладка па музеі

Ад райвыканкама да Мінскага абласнога краязнаўчага музея (не забываем, размешчанага ў Маладзечне) — рукой дацягнуцца. Падыходжу. Акуратнае, моцнае, як кажуць, збудаванне — ніводнай плямкі звонку, быццам толькі ўчора пасля суботніка. Усярэдзіне — такая ж строгасць, вытанчанасць і чысціня. Раблю камплімент дырэктару Таісіі Лянкевіч, маўляў, адразу відаць стаўленне людзей да свайго другога дому. Яна дзякуе, усміхаецца. А дзяржава ў 2013 годзе выказала сваё стаўленне да музея, у тым ліку і праз бюджэт, на суму больш як 2 мільярды 631 мільён рублёў.

Мяркую, артыкулы выдаткаў будуць цікавыя і для калег Таісіі Лянкевіч ды яе супрацоўнікаў. Дык вось, 840 мільёнаў з названага аб’ёму вылучылі на набыццё слуцкага пояса, у 70 мільёнаў абышліся карціны мясцовых мастакоў — графічныя і жывапісныя. Для выстаўкі “Прырода Міншчыны” набыты чучалы жывёл (рысь, да прыкладу, каштавала 13 мільёнаў); для будучай экспазіцыі пра XX стагоддзе закупілі друкарскую машынку “Ундэрвуд” пачатку мінулага стагоддзя, швейную машынку “Зінгер”, прадукцыю Мінскага фарфоравага завода, нагрудныя знакі. Нарэшце, для патрэб установы быў набыты камп’ютар.

“Нам перадалі ўжо будынак колішняга архіва, — дзеліцца звесткамі Таісія Леанідаўна. — Там будзе праведзены капітальны рамонт і размесціцца фондасховішча музея. Але гэта планы яшчэ нават не заўтрашняга дня”.

Сярэдняя заработная плата тутэйшых музейных работнікаў на канец мінулага года (у штаце — 27 чалавек) складала каля 2,5 мільёна рублёў. Амаль 18 мільёнаў супрацоўнікі ўстановы зарабілі праз пазабюджэт, выканаўшы адпаведны план на 140%. Акрамя білетаў, бліжэйшым часам праз касу можна будзе купіць розныя сувеніры, а на рэалізацыю музей, хутчэй за ўсё, стане браць прадукцыю рамеснікаў.

І яшчэ. Таісія Лянкевіч кажа, што ўстанова рыхтуецца да Другога Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, які пройдзе ўвосень у Гомелі.

Ідзіце ў тэатр і...

З дырэктарам Абласнога драматычнага тэатра Юрыем Крывенькiм мы сустрэліся па завяршэнні ранішняга дзіцячага спектакля. Юныя гледачы ажыўлена абмяркоўвалі ля ўвахода перыпетыі толькі што ўбачанага і жмурыліся ад сонца...

У тэатры з залай на 150 месцаў працуюць 84 чалавекі, акцёрскі склад — 22 адзінкі (21 артыст — у штаце, адзін — запрошаны). У сезон трупа дае 380 спектакляў (з цяперашняга красавіка іх у рэпертуары 36, 10 з якіх — дзіцячыя; 80 працэнтаў пастановак — на беларускай мове). У мінулым годзе тэатрам было “выпушчана” 4 новыя спектаклі (па 2 дзіцячых і дарослых). Кошты на білеты: дзіцячыя — 18-20 тысяч рублёў, дарослыя — 35-40 тысяч.

З бюджэту-2013 тэатр атрымаў 3 мільярды 160 мільёнаў рублёў, якія былі патрачаны, у асноўным, на новыя пастаноўкі ды гастрольную дзейнасць. Сваімі сіламі, на спектаклях, паказаных у горадзе і на выездзе, маладзечанцы зарабілі 450 мільёнаў рублёў.

— З запаўняльнасцю, — не хавае заклапочанасці Юрый Паўлавіч, — апошнім годам з’явіліся праблемы. Расце канкурэнцыя з боку устаноў, якія прапануюць публіцы замежнае масавае мастацтва — у першую чаргу расійскае, антрэпрызы. Тэатралы не зніклі раптам, але сёння яны, стамляючыся ад навакольных рэалій, усё часцей выбіраюць у якасці рэлакс-сродкаў шырспажыў, каб проста “праветрыць мазгі”. На кожным нашым мастацкім савеце абмяркоўваем, чым жа мы можам завабіць публіку. Раней яна ішла яшчэ і на прыезджыя беларускія тэатры, на так званую абменку (гэта калі калектыў, напрыклад, з Віцебска едзе ў Маладзечна, а мы, адпаведна, — у Віцебск). Цяпер такога ўзаемаабмену стала менш: усё ўпіраецца ў недахоп сродкаў. Аплата праезду, пражыванне ў гасцініцы, камандзіровачныя — гэтыя выдаткі сур’ёзна б’юць па кішэні тэатра. Таму скарацілася і частата гастролей, і колькасць артыстаў, якія выязджаюць на іх. Тыповая гастроль цяпер выглядае так: адпраўляецца трупа раніцай, дае ранішні, дзённы спектаклі, адзін вячэрні і — вяртаецца назад. Эканомія грошай? Так. Але такі сціснуты рэжым адбіваецца на акцёрах, прыводзіць да стрэсаў, што, вядома ж, прафесіі ў плюс не ідзе.

А самы-самы галаўны боль для дырэктара — кадры. Сярэдняя заработная плата ў тэатры складае 2 мільёны 720 тысяч рублёў, канкрэтна ў акцёраў — 2 мільёны 860 тысяч рублёў. Маладыя спецыялісты, якія прыйшлі па заканчэнні профільных устаноў, атрымліваюць 1 мільён 600 тысяч рублёў, і таму тут не затрымліваюцца. “Асветніцтва патрабуе грошай, — іранічна уздыхае Юрый Паўлавіч і не без сарказму дадае: — Але як ставілі мы спектаклі, так і будзем ставіць. Шукаем спосабы для прыцягнення фінансаў ды для іх эканоміі. Ёсць магчымасць нешта зрабіць таннейшым — зробім. Але нельга ўсё рабіць танна да бясконцасці. Можам даэканомiцца да таго, што адукоўваць людзей стануць аўтары нізкапробных п’ес (і гэта ўжо ў маштабах не толькі нашай краіны адбываецца!), а не Крапіва з Купалам...”

І яшчэ Юрый Крывенькi нястомна думае над тым, як захаваць акцёрскі касцяк — гонар і гісторыю тэатра, артыстаў, якія аддалі мастацтву шмат гадоў, а на іншы прыробак сіл фізічных ужо не засталося. І ставіць дырэктар пытанне перад вышэйшымі інстанцыямі, каб у рамках бюджэту ён мог распараджацца апошнім у плане рэгулявання хаця б даплат. Іншая ідэя заключаецца ў тым, каб падзяліць трупу на дзве часткі: адна будзе занята ў рэпертуарных спектаклях у горадзе, другая — гастраляваць, у тым ліку з антрэпрызамi, разлічанымі на масавага гледача пастаноўкамі, якiя прыносяць “жывыя” грошы...

Не спаць!

Ну вось і завяршылася падарожжа эканамічнага дылетанта па абласных цэнтрах Беларусі. Некаторым агульным высновам і, па магчымасці, аналітыцы, звязаным з эканомікай культуры ў прапанаваным вам разрэзе, плануецца прысвяціць адзін з будучых матэрыялаў.

Акунуўшыся ж на некалькі гадзін у сферу культуры Маладзечна як абласнога горада, не скажу, што выявіў там нейкія уласцівыя толькі гэтым мясцінам праблемы і дасягненні, прыгадваючы свае камандзіроўкі ў Віцебск, Брэст, Магілёў, Гродна ці Гомель. Усюды, з разуменнем ставячыся да не самых лепшых часоў у эканоміцы, дзякуюць дзяржаве за тое, што яна, зыходзячы з магчымасцей, вылучае сродкі з бюджэту, якія трацяцца з розумам, на самае першачарговае, на самае неабходнае ў дадзены момант. Усюды, як могуць, — з фантазіяй або рухаючыся накатанай дарогай, адшукваюць дадатковыя грошы на сваё існаванне. І ўсюды з трапятаннем ставяцца да слова “аптымізацыя”. Канкрэтна па Маладзечанскім раёне мяне крыху насцярожыла “барацьба з дыскатэкамі”, хаця Аляксандр Рамановіч і не хавае, што меры, прынятыя ў дачыненні да іх, — хутчэй за ўсё, часовыя, і пытанне кантролю ўзросту наведвальнікаў “танцпляцовак для моладзі”, зразумела, трэба вырашыць больш цывілізаваным спосабам.

Крыху  статыстыкі

З бюджэту ўстановам культуры Маладзечанскага раёна ў 2013 годзе было выдзелена 44,5 мільярда рублёў. З іх у Маладзечна: для Палаца культуры — 8,4 мільярда рублёў, Дзіцячай школы мастацтваў — 5,9 мільярда рублёў. Пазабюджэтныя даходы раёна — 4 мільярды 775 мільёнаў 500 тысяч рублёў, або 159,6 працэнта ад 2012 года. Напрыклад, Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” зарабіў такім чынам каля 300 мільёнаў рублёў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"