Калектыўныя дагаворы: практыка выканання

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Апошнім часам на адрас газеты “Культура” пачалі паступаць звароты ад нашых падпісчыкаў ды чытачоў з просьбай дапамагчы разабрацца і асвятліць на старонках выдання няпростую, на іх погляд, сітуацыю, звязаную з практычным выкананнем асобных умоў Тарыфных пагадненняў і калектыўных дагавораў. Звароты звязаны з тым, што асобныя кіраўнікі папросту ігнаруюць умовы Тарыфных пагадненняў і калектыўных дагавораў. Па адпаведныя тлумачэнні мы звярнуліся ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні ФПБ А.С. Мікшы. Вось яго тэкст:

“У адпаведнасці з артыкулам 358 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК) пагадненне — нарматыўны акт, які змяшчае абавязкі бакоў па рэгуляванні адносін у сацыяльна-працоўнай сферы на ўзроўні пэўнай прафесіі, галіны, тэрыторыі.

Згодна з артыкулам 361 ПК калектыўны дагавор — лакальны нарматыўны прававы акт, што рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і яго работнікамі.

Калектыўны дагавор рэгулюе працоўныя і звязаныя з імі адносіны паміж работнікамі і наймальнікам на аснове норм, устаноўленых у нарматыўных прававых актах, у Генеральным, тарыфным і мясцовым пагадненнях, а таксама норм, устаноўленых па пагадненні бакоў непасрэдна ў калектыўным дагаворы.

Мэтай прыняцця калектыўнага дагавора з’яўляецца забеспячэнне сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў праз устанаўленне адпаведнага ўзроўню аплаты працы, поўнай і прадуктыўнай занятасці, здаровых і бяспечных умоў працы, эфектыўнай, прыбытковай працы арганізацыі.

Калектыўны дагавор дазваляе ўстанаўліваць дадатковыя, у параўнанні з дзеючым заканадаўствам, палажэнні аб умовах працы і яе аплаты, сацыяльным і жыллёва-бытавым забеспячэнні работнікаў арганізацыі, гарантыі і кампенсацыі, якія прадастаўляюцца наймальнікам.

Адным з асноўных прынцыпаў сацыяльнага партнёрства з’яўляецца абавязковасць выканання дамоўленасцей і адказнасць за прынятыя абавязкі (артыкул 353 ПК).

Згодна з пунктам 9 артыкула 55 ПК абавязкам наймальніка пры арганізацыі працы работнікаў з’яўляецца забеспячэнне выканання заканадаўства аб працы, умоў, устаноўленых калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі і працоўнымі дагаворамі.

Змяненні і дапаўненні ў калектыўны дагавор, пагадненне ўносяцца па ўзаемнай згодзе бакоў у парадку, устаноўленым ПК для іх заключэння (артыкул 372 ПК). Зыходзячы з дадзенай нормы, унясенне змяненняў (у тым ліку прыпыненне дзеяння асобных норм) у калектыўны дагавор, пагадненне ў аднабаковым парадку будзе з’яўляцца парушэннем дадзенага артыкула.

На падставе артыкула 375 ПК кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора, пагаднення ажыццяўляецца бакамі, а таксама спецыяльна ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

Адказнасць бакоў за невыкананне норм калектыўнага дагавора замацавана ў артыкуле 376 ПК, згодна з якім за невыкананне норм і абавязкаў, прадугледжаных калектыўным дагаворам, бакі нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам, калектыўным дагаворам.

Разам з тым, артыкулам 9.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжана адміністратыўная адказнасць за парушэнне заканадаўства аб працы (далей — КоАП).

У прыватнасці, часткай чацвёртай дадзенага артыкула 9.19 прадугледжана адказнасць за іншыя (наўпрост не прадугледжаныя КоАП) парушэнні заканадаўства аб працы. Правам прыцягнення да адказнасці надзелены Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Прыведзеныя вышэй нормы заснаваны, у прыватнасці, на міжнародным заканадаўстве, Рэкамендацыі МАП № 91 “Аб калектыўных перамовах”, згодна з пунктам 3 якой усякі калектыўны дагавор павінен звязваць бакі, што яго падпісалі, а таксама асоб, ад імя якіх ён заключаны.

Неабходна таксама адзначыць, што ў адсутнасці кіраўніка яго паўнамоцтвы па кіраванні арганізацыяй ускладаюцца на адпаведную службовую асобу, якая надзяляецца ўсім аб’ёмам правоў і абавязкаў кіраўніка арганізацыі”.