Духоўны заняпад і "асяроддзе пражывання"

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Ларыса НІЯЗАВА, бібліятэкар другой катэгорыі Рабовіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, Слаўгарадскі раён:
— Узровень культуры ў грамадстве падае. Дастаткова паглядзець тэлевізар, пачытаць папулярныя часопісы, паглядзець “шэдэўры” сучаснага мастацтва, каб прыйсці да сумнай высновы: дэмакратызацыя грамадства, што мае на ўвазе і дэмакратызацыю культуры, вядзе, відаць, і да духоўнага жабрацтва.

Не, у нас ёсць добрыя пісьменнікі, рэжысёры, мастакі… Але іх мала, і яны ў адзін голас кажуць: культура гібее, у яе носьбітаў няма “асяроддзя пражывання”, а грамадства нібыта забылася на вечныя каштоўнасці з-за клопату пра здабычу грошай. І так жыве пераважная большасць людзей. Яны губляюцца ў атмасферы цынізму, бездухоўнасці ды няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А хтосьці, наадварот, пачувае сябе досыць камфортна, знаходзіць сапраўднае задавальненне ад таго, што можна палавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Масавае забаўляльнае мастацтва навязваюць нам стэрэатыпы паводзін, якія супярэчаць нашаму нацыянальнаму характару. А тон нешматлікіх сапраўдных твораў — трагічны. На каго спадзявацца? На моладзь? Хочацца верыць, што ў гэтым асяродку ёсць шчырыя і неабыякавыя людзі, заклапочаныя лёсам Беларусі. Хочацца верыць, што засталіся яшчэ юнакі ды дзяўчаты, якія не губляюць аблічча, на першае месца вылучаюць творчую асобу, нашу гісторыю і культуру…