А дзе тое “наперад”?

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Як і куды развівацца рэгіянальнай культуры
Куды ісці? Натуральна, наперад. Ды толькі вось дзе яно, тое “наперад”? Бліжэйшая перспектыва, падавалася б, акрэслена Дзяржпраграмай “Культура Беларусі”. Але пры “наяўнасці адсутнасці” належнага фінансавання канкрэтных адказаў на пытанне “А што будзе заўтра?” не дае і яна. Не, што рабіць работнікі культуры ведаюць добра: адраджаць, захоўваць, прапагандаваць ды прымнажаць… Балазе мэты і задачы ў нас застаюцца непахіснымі. Змяняюцца хіба сродкі іх дасягнення ды вырашэння. Тэндэнцыі — гэта, папросту кажучы, кірункі развіцця і звязаныя з гэтым заканамернасці. Не бяруся браць на сябе абавязкі эксперта па адсочванні названых заканамернасцей. Адзіная мая перавага — журналісцкая: шмат бачыў і магу параўноўваць. Кожнае маё суб’ектыўнае меркаванне можа і павінен аспрэчыць любы ахвотны і неабыякавы чытач. І гэта абавязкова стане падставай для чарговай публікацыі. Але не будзем забягаць наперад. Рушыць тут варта паступова і з развагай…

Згадка пра клубную будучыню

“Наперад” для клубных устаноў — нястомная мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы аграгарадкоў. Зрэшты, іх перспектыва наўпрост залежыць ад заможнасці тутэйшай сельскагаспадарчай арганізацыі. Застанецца яна на плаву — выжыве і мясцовы СДК. Я абсалютна не пра тое, на чыім балансе знаходзіцца клуб. Я — пра шляхетнае стаўленне да звання “гаспадар”. Вось Арлоўскі ў родных Мышкавічах быў за савецкім часам сапраўдным гаспадаром. Ды і пасля яго ў калгас “Рассвет” запрашалі лепшых спецыялістаў: не толькі сельскагаспадарчага профілю, але і культурна-эстэтычнага. Азеляненнем цэнтральнай сядзібы займаліся лепшыя ў рэспубліцы ландшафтныя дызайнеры, у школе мастацтваў выкладалі лепшыя музыканты і мастакі, якія на заробкі не скардзіліся. А маладыя спецыялісты павінны былі конкурсны адбор вытрымаць, каб трапіць у Мышкавічы. Карацей, ніхто ў Мінск з’язджаць тады не збіраўся.

Традыцыі падтрымліваюцца ў Мышкавічах і па сёння. Праўда, далёка не за тыя заробкі і з іншым канчатковым вынікам. Прынамсі, Палац культуры і дасюль нагадвае знешнім выглядам палац. Не, і на сёння ў Беларусі існуюць пэўныя стасункі паміж СДК і СВК. Але, у лепшым выпадку, стасункаванне зводзіцца да прадастаўлення транспарту для клубнікаў і выдаткавання сціплых грошай для набыцця ці падарункаў, ці сцэнічных касцюмаў для калектываў. Так званае кропачна-эпізадычнае ды, бывае, што прыхоўваць, змушанае спонсарства без намёкаў на трывалае безахвярнае мецэнацтва. Пра горшыя выпадкі лепш і не згадваць…

Меркаванне эксперта

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман перакананы, што клубныя ўстановы рана ці позна прыйдуць да неабходнасці ўласнай самаакупнасці. І гэта будуць буйныя комплексныя аграгарадоцкія цэнтры з пастаянна ўдасканальваемай тэхбазай, магутным кадравым патэнцыялам і тэндэнцыяй да развіцця аграэкатурызму…

Гісторыя развіваецца па спіралі. Катэджы для даярак і механізатараў будаваліся яшчэ пад час брэжнеўскага кіраўніцтва. І гэта, як бачна, вёску не надта выратавала. Будаваць, напэўна, варта свядомасць. Чым? І годнымі заробкамі, якія дапамагаюць развіццю такога пачуцця, як самапавага. Гэтае пачуццё і дапамагае дакладна вызначыць, дзе тое “наперад”.

Тэатральна-бібліятэчная перспектыва

Не хочацца, а трэба сказаць… За без малога дзесяць гадоў працы ў рэдакцыі “Культуры” быў узрушаны ад наведвання сельскіх бібліятэк толькі пару-тройку разоў. Адзін з іх звязаны з выпадковай паездкай у аграгарадок “Мішневічы” Шумілінскага раёна. Тым познім зімовым вечарам здзівіў не столькі шыкоўны зімовы сад, што “атабарыўся” ці не ва ўсіх бібліятэчных пакоях, колькі напоўненасць тых пакояў чытачамі. Налічыў ці не два дзясяткі маладзёнаў — збольшага ўдзельнікаў бібліятэчнага тэатральнага гуртка, якім кіравала загадчыца ўстановы...

І яшчэ адзін прыклад бібліятэчнага прафесіяналізму, пра які без стомы распавядаю сельскім бібліятэкарам у час камандзіровак. Загадчык сельскай бібліятэкі ў Мішневічах Людміла Тарасава спачатку разабралася з чытачамі, а потым ужо пагаварыла са мной. І нават пад час гутаркі, калі ў дзвярах з’яўляліся людзі, яна, папрасіўшы прабачэння, бегла да іх: “А раптам гэта новыя чытачы!”. Людміла Тарасава — лепшая ў Шумілінскім раёне. Сустракаўся з ёй у 2008-м. Стала цікава, ці працуе яна цяпер. Працуе! Праўда, як кажуць, мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя стала, мякка кажучы, не такой заможнай. (Тэндэнцыя? Тэндэнцыя! І сярод аграгарадкоў сёння адбываецца жорсткі натуральны адбор…)

Моладзь з Мішневічаў пакрысе знікае. Тэатральны гурток, што складаўся ў асноўным са старшакласнікаў, спыніў існаванне. Тарасава раскруціла гурток краязнаўчы, куды ўвашлі дарослыя ды дзятва. Няхай ёй шчасціць у гэтай справе…

Тады, у 2008-м, падумаў пра тое, што тэатральны акцэнт — самы арганічны для бібліятэчнай установы, а працяг папулярызацыі кнігі і барацьбы за чытача — на клубнай сцэне. Даўно гэта зразумелі ў дзіцячых бібліятэках Асіповіччыны, дзе дзіцячыя лялечныя тэатры сталі нормай. І нездарма Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж пачаў выпускаць апошнім часам “кніжнікаў” з навыкамі правядзення клубных масавых мерапрыемстваў. Тэатр-бібліятэка — чым не новы тып якасна новай па комплексных задачах і шырокіх перспектывах установы культуры?!

Зараз ідзе інтэграцыя школьных ды публічных бібліятэк. Мы пакрысе зжыліся з думкай, што і тут разумная аптымізацыя — справа карысная. Калі ў сельскую бібліятэку не надта ходзяць, дык у школьнай заўжды захаваецца гарантаванае чытацкае кола. (Захаваецца, натуральна, пры ўмове захавання школ, якія сёння аптымізуе само жыццё. І гэта таксама не надта радасная тэндэнцыя.)

А вось у пэўных сельскіх бібліятэкараў схільнасці іншыя. “Ну як можна бібліятэку закрываць! — даводзіла ў запале спрэчкі адна з работніц культуры. — За мяне — уся вёска. Калі б у краме павесілі скрыню для галасавання, усе прагаласавалі б за мяне”. Меркаванне ідэаліста: а чаму ідэю не ўвесці ў практыку дадатковай ацэнкі бібліятэчнай запатрабаванасці? Фармальным справаздачам паверыць цяжка, а вось такому персаніфікаванаму (што важна!) vox populi — заўжды і з радасцю. І ўвогуле, па маім суб’ектыўным меркаванні, аптымізаваць варта не толькі бібліятэчную сетку, але і справаздачы (ад сяла да раёна), што развіваюць недарэчныя бюракратычныя схільнасці ды замінаюць удасканаленню прафесійнай творчасці…

Неаспрэчным застаецца адно: бібліятэчную справу і надалей неабходна аніміраваць (ключавое слова — “анімацыя”), ажыўляць, расфармалізоўваць. Не хачу згадваць будучы электронны складнік сельскай бібліятэкі, бо справа гэтая — непазбежная.

Меркаванне эксперта

Дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Валянціна Дуброва прытрымліваецца думкі, што вельмі пашанцавала тым вёскам, дзе з часін савецкіх калгасаў-мільянераў захаваліся гмахі культуры. У перспектыве, па яе перакананні, тут размесцяцца не толькі клубы ды бібліятэкі, а і цэлы комплекс сацыяльна-культурных паслуг: кавярні, крамы, стаматалагічныя кабінеты, трэнажорныя залы ды гульнявыя пакоі, сацыяльныя службы. Такія “кангламераты” дапамогуць выжыць бібліятэчнай справе. Чалавек, завітаўшы сюды ці не на палову дня, не абміне і кніжныя паліцы. Пры ўмове, канешне ж, калі не будуць яны патыхаць сумам ды творчай бяздзейнасцю…

Гаворка пра “наперад” — доўгатэрміновая. Па-за полем зроку пакуль засталіся раённыя і сельскія музеі, дамы рамёстваў, ДШМ… Будзем ўдзячны, калі да выяўлення тэндэнцый ды перспектыў падключыцеся і вы, чытачы “К”!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"