Пано Савіцкага пойдзе ў сховішча

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Старая карціна не "ўпісваецца" ў новую раму?
Засталося няшмат часу да таго моманту, калі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адсвяткуе наваселле ў спецыяльна для яго ўзведзеным будынку на праспекце Пераможцаў, які мае стаць адной з архітэктурных славутасцей сталіцы. А што будзе з творамі мастацтва, якіх у фондах музея недзе 5 000 адзінак захоўвання? Пра гэта спрабаваў даведацца наш карэспандэнт.

/i/content/pi/cult/478/10172/5-3.jpg

Тое самае пано работы Міхаіла Савіцкага. / Фота да матэрыялу — Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/478/10172/5-2.jpg

Так, мо каму і шкада, што музей пакідае “намоленыя” сцены ў самым цэнтры сталіцы. Але відавочна, што ў новым гмаху ўмовы для разгортвання экспазіцыі ды захоўвання гістарычных рэліквій лепшыя. Да таго ж вакол музея раскінуўся парк Перамогі, які разам з ім утварае адзіны мемарыяльна-прасторавы комплекс.

З усім скарбам

Аднак кожны, каму хоць раз даводзілася змяняць “прапіску” ды пераязджаць з усім скарбам на новае месца, ведае, якіх высілкаў гэта каштуе і колькі праблем пры гэтым узнікае. Вось і нашым чытачам цікава, як у сваім новым доме музейшчыкі “расставяць мэблю”. У прыватнасці, ці знойдзецца ў экспазіцыі месца творам мастацтва, якіх у фондах музея недзе 5 000 адзінак захоўвання; што будзе з манументальнай аздобай “старога” будынка, у прыватнасці, з роспісам “Вялікая Айчынная вайна” работы Міхаіла Савіцкага; што за лёс чакае дыяраму, створаную ў 1970-х гадах беларускімі мастакамі, якую летась замянілі новай — аўтарства мастакоў Студыі імя М.Грэкава?

Тлумачэнні па гэтых пытаннях мы атрымалі ад намесніка дырэктара музея па навуцы Ганны Галінскай. Найперш спадарыня Галінская супакоіла нас адносна лёсу мастацкай калекцыі: усё перавязуць у сховішчы новага гмаху, і нейкая частка тых твораў будзе прадстаўлена ў экспазіцыі. Іншыя ж грамада зможа пабачыць на выстаўках, якіх у музеі праходзіла нямала і якія маюць ладзіцца і надалей.

Жывапіснае пано работы Міхаіла Савіцкага будзе дэмантавана і таксама перавезена ў новы будынак. Але пакуль — толькі ў сховішча. Там ім, калі спатрэбіцца, зоймуцца рэстаўратары. У экспазіцыі, якая адкрыецца 3 ліпеня, для яго месца не прадугледжана. Але не выключана, што з часам магчымасць выставіць твор з’явіцца. Зараз жа можна меркаваць, што для работы выдатнага майстра будуць у наступным створаны належныя ўмовы захоўвання.

Дыярама “Мінскі кацёл” работы беларускіх мастакоў, якая доўгі час з’яўлялася адным з эмацыйных акцэнтаў экспазіцыі, нядаўна была перададзена Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Былі ў мяне і яшчэ пытанні да Ганны Галінскай, у прыватнасці, пра канцэпцыю экспазіцыі. Яна нагадала, што навуковую частку распрацоўвалі беларускія спецыялісты, а дызайн-праект рабілі ў Польшчы. Рэалізуецца ж праект рукамі нашых мастакоў.

Што сказаў архітэктар

Кожны можа пераканацца, што ў структуру будынка музея гарманічна ўпісаўся мемарыял ў гонар надання Мінску звання “горад-герой” — стэла і бронзавая Маці-Радзіма. Дарэчы, менавіта аўтар гэтай скульптуры Валянцін Занковіч і ягоны калега Аляксандр Дранец зрабілі рэльефы на “промнях”-пілонах новага гмаху. Па словах аўтара праекта будынка музея Віктара Крамарэнкі, на стадыі зацвярджэння праекта адбываліся бурныя спрэчкі адносна мэтазгоднасці такой аздобы пілонаў...

Ён сам зыходзіў з таго, што пластыка на “промнях” патрэбна для, так бы мовіць, падтрымкі скульптуры, для гарманізацыі прасторы, візуальна задзейнічанай галоўным фасадам і мемарыялам перад ім. Архітэктар сваю пазіцыю здолеў адстаяць.

Мы запыталіся ў Віктара Уладзіміравіча: ці “азіраўся” ён у часе працы над праектам, скажам, на маскоўскую Паклонную гару? Ці падобны наш музей на аналагічны тамтэйшы, а калі не, дык чым адрозніваецца? Архітэктар запэўніў нас, што будынак нашага музея — абсалютна арыгінальная распрацоўка. Раскрыць шматзначную тэму вайны сродкамі архітэктуры даволі складана. Трэба было знайсці вобраз, які адпавядаў бы пастаўленай мэце і не меў аналагаў у сусветнай практыцы. Вынікам творчых пошукаў стала, напрыклад, канцэптуальнае рашэнне залы Перамогі. Яна перакрыта шклом: гэта дазваляе бачыць неба. Мірнае неба. Такім чынам яно становіцца эмацыйным фонам экспазіцыйнага шэрагу. У зале ўсталяваны Алтар Перамогі вышынёй 12 метраў. Такога таксама дагэтуль нідзе не было. А яшчэ вышэй згаданыя “промні”-пілоны, што сімвалізуюць святочны салют; “падаючыя” сцены, якія вобразна ўвасабляюць разбурэнні, выкліканыя вайной, і адначасова — адпор агрэсіі...

Дык месца ўсё ж няма?

Паколькі архітэктар зыходна меў на мэце стварэнне новага вобраза экспазіцыі, імкнуўся арганізаваць прастору паводле нязвыклых для шырокай грамады прынцыпаў, уключэнне ў гэты кантэкст твораў мастацтва, больш-менш адпаведных традыцыйнай эстэтыцы, станавіўся праблемным. Той жа роспіс “Вялікая Айчынная вайна” пэндзля Савіцкага мог бы глядзецца ў новых сценах зусім не так гарманічна, як на старым месцы.

Відаць, адыграла ў сітуацыі пэўную ролю і тая акалічнасць, што дызайн-праект экспазіцыі рабілі замежнікі. Адпаведна, ім цяжка зразумець, што такое для нас творчасць Савіцкага. Зыходзячы са свайго досведу і менталітэту, яны маглі папросту не браць да ўвагі мастацкія творы, якія аздаблялі стары музей. Можа, экспазіцыя і без пано Савіцкага атрымаецца выразнай. І ўсё ж мне шкада, што адна з найлепшых у беларускім выяўленчым мастацтве работ на ваенную тэматыку знікае на няпэўны час з вачэй публікі. Скажу больш: дадзены твор — не проста жывапіс, а дакумент часу, які сёння мае гістарычную каштоўнасць не меншую, чым ваенныя артэфакты 1941 — 1945 гадоў. Сама біяграфія вялікага майстра, абаронцы Айчыны і вязня фашысцкіх канцлагераў, — гэта летапіс нацыянальнай гісторыі. А ягоны погляд на вайну быў ісцінай ці не ў апошняй інстанцыі для некалькіх пакаленняў беларусаў. Такая асоба мае права быць згаданай, а яшчэ лепш — грунтоўна прадстаўленай у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны...

У працяг тэмы

Засмучае заганная, як мне падаецца, тэндэнцыя, калі пры рэканструкцыі, прыстасаванні пад новую функцыю аб’ектаў, знакавых для гісторыі ды культуры, ігнаруецца прынцып гістарычнай і, адпаведна, эстэтычнай пераемнасці. Бо калі нейкі адрэзак часу варты наймення “эпоха”, дык і эстэтыку ён мае адметную. Яшчэ на самым золку 1990-х перад будынкам ЦК КПБ дэмантавалі бюсты Маркса і Леніна. Цяпер яны, на шчасце, знаходзяцца ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура. Я па часах СССР не сумую, але мяркую, што прывязка бронзавых карыфеяў да прасторы была ўдалай, ды і майстэрства Азгура пад сумнеў не ставіцца.

Ці насамрэч была патрэба выводзіць з прасторы фае Вялікага тэатра габелены Аляксандра Кішчанкі, каб на іх месца павесіць люстэркі? Лёс габеленаў Кішчанкі — увогуле асобая тэма. І тэма, на жаль, балючая... А каму муляў вока рэльеф у фае кінатэатра “Партызан”, які зараз стаў Домам кіно? Ніхто не здолеў нам адказаць, што з ім сталася. Паводле адной з версій, рэльеф зашылі гіпсакартонам, паводле іншай — дэмантавалі, і дзе ён зараз, невядома. Што сталася з керамічнымі пано інтэр’ераў гасцініцы “Кастрычніцкая”, якая перабудавана ў “Прэзідэнт-гатэль”? Дакладна вядома толькі тое, што яны больш не аздабляюць яе сцены. Інвестары будаўніцтва гасцініцы на беразе Свіслачы побач з цыркам, калі зацвярджаўся праект, абяцалі паклапаціцца пра помнік прамысловай архітэктуры — першай мінскай электрастанцыі, на месцы якой гасцініца будуецца. Разглядаліся варыянты: і захаванне фрагментаў фасада, і аднаўлення будынка за дваццаць метраў ад месца, дзе ён першапачаткова знаходзіўся... І калі гмах гасцініцы ўжо стаіць, то няма ніякіх знакаў аднаўлення страчанага помніка гісторыі. А колькі раз паўставала пытанне дэмантажу металічнага рэльефу работы Анатоля Арцімовіча на будынку Дома мод! Не пасуе, маўляў, змест новай рэчаіснасці — лепш на месцы рэльефу ўстанавіць экран для дэманстрацыі рэкламы…

Калісьці ў галіне рэстаўрацыі дамінавала практыка: навукоўцы вызначалі ў гісторыі помніка нейкі адзін, найбольш важны для яго, перыяд, і на аднаўленне эстэтыкі гэтага перыяду арыентавалі праекціроўшчыкаў ды выканаўцаў. Потым такі радыкальны падыход змянілі на больш узважаны: захоўваць знакі ўсіх эпох, якія адбіліся ў абліччы помніка. Трэба, нарэшце, навучыцца ставіцца да манументальнай спадчыны савецкай эпохі як да каштоўнасці. У шэрагу былых сацкраін, колішніх савецкіх рэспубліках, які раз пра тое кажам, манументальныя творы сацрэалізму збіраюць на музейных пляцоўках, што маюць немалы поспех у мясцовых жыхароў і турыстаў. Кантэкст, у якім змешчаны гэты сацрэалізм, — іншае пытанне (абяром свой!), але ж тое — якая ні ёсць гарантыя захаванасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"