Вучымся радавацца

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Уладзімір ШАБЛІНСКІ, дырэктар канцэртнага агенцтва, прадзюсар, уладальнік аграсядзібы
Я ладжу на сваім хутары самыя розныя канцэрты і фестывалі. Мяне часта пытаюць журналісты: маўляў, ці можна такія мерапрыемствы праводзіць у любым раённым цэнтры, у любой вёсцы Беларусі? Напэўна, маюць на ўвазе, што нефармальная акцыя, а такіх ладжу большасць, — заўжды якасная, а таму — цікавая… Я пастараюся адказаць на гэтае пытанне. Але спачатку давайце паразважаем вось над чым. Чаму ў нашай краіне анансуецца безліч самых разнастайных дзяржаўных і камерцыйных святаў, канцэртаў ды фестываляў, але яркіх і запамінальных падзей з іх ліку на выхаде — да крыўднага мала?

/i/content/pi/cult/478/10171/5-1.jpgЕўрапейскія прыклады пераконваюць, што большасць рэгіянальных свят ініцыююцца не дзяржаўнымі ўстановамі, а жыхарамі мястэчак. І справа тут не ў грошах, не ў выверанай рэжысуры, нават не ў прафесіяналізме выканаўцаў, а ў элементарным жаданні і ўменні радавацца жыццю. А радасць, як вядома, не ўзнікае па загадах ды інструкцыях. Калі ж на першае месца вылучаецца “абавязалаўка”, дык і свята аказваецца прыцягнутым за вушы. У клубнікаў ёсць план па правядзенні мерапрыемстваў, яго неабходна выконваць, а часу не стае. Таму збольшага фэсты гарадоў ды вёсак ажыццяўляюцца ці не па адным сцэнарыі — змяняюцца толькі ўдзельнікі і дэкарацыі. Планавая руціна паглынае жывую творчасць. Ці не ў гэтым уся справа?..

У маркетынгу ёсць паняцце “дэлегаванне паўнамоцтваў”. Ці не час надзяліць раёны і вёскі гэтымі паўнамоцтвамі ў справе наладжвання нефармальных масавых мерапрыемстваў? Каб не стрымліваць ініцыятыву знізу ці накіроўваць яе ў рэчышча задавальнення нейкіх вельмі канкрэтных патрэб, як гэта было за савецкім часам, калі мы 1 Мая ці 7 лістапада насілі на дэманстрацыях партрэты членаў Палітбюро. А ці ж можна адбіраць у людзей натуральнае жаданне радавацца? Лепшыя ўзоры мастацтва створаны дзякуючы менавіта гэтаму пачуццю. І вясковыя абрадавыя фэсты калісьці былі святамі ледзь не сямейнымі, бо ў вёсцы ўсе — родзічы ды сваякі. Як узнавіць такую камернасць, як навучыцца радавацца простым рэчам — сустрэчы з сябрамі, суладнай песні, — а не ператвараць шчырае свята ў ненатуральнае для сельскіх ваколіц псеўдаэстраднае шоу?

Думаецца, каб пазбегнуць усяго гэтага, уключыць варта найперш заканадаўчыя рычагі, каб святы ладзіць не толькі на вуліцах ды пляцах, але і на асабістых падворках. Урэшце, а чаму моладзь не можа правесці нейкую канцэртную рок-акцыю дзесьці ў гаражы ці ангары? Калі, натуральна, мэты гэтых акцый — творчая самарэалізацыя, выказванне мовай музыкі добрых і гуманных пачуццяў, прага элементарнай радасці ад сумеснага баўлення часу. І менавіта заканадаўства павінна ставіць нас у строгія рамкі гарантаванай бяспекі для ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў. Якасць свята — і ў гэтым таксама.

Калі ж грамадства баіцца самавыяўлення добрых эмоцый, яно пачынае хварэць. А чалавек, які страціў жаданне радавацца, ператвараецца ў сляпога выканаўцу чужых і іншым разам небяспечных жаданняў. Дык ці не час навучыцца радавацца ад таго, што ў сям’і тваёй усё добра, што ўраджай сабраны неблагі і будучыня тваіх дзяцей — бясхмарная?..

На сваёй аграсядзібе мы распачынаем фестываль “Бітлзфэст”. Запланавана, што ён адбудзецца 31 мая. Прагучыць пазітыўная інтэрнацыянальная музыка. Фальклорны фэст “Вольнае паветра” пройдзе пад час Купалля. Замежных гасцей не будзе, бо мы не ў стане аплаціць ім канцэртныя пасведчанні. Так што выступяць толькі айчынныя гурты, якія з адказнасцю ставяцца да захавання нашай традыцыйнай мастацкай спадчыны. Дарэчы, калі б і па сёння існавалі мулявінскія “Песняры” (менавіта мулявінскія), мы абавязкова запрасілі б на фэст і іх… У нас не будзе ні кроплі гарэлкі, і экалогія наўкола хутара “Шаблі” застанецца некранутай. Мы ў чарговы раз будзем вучыцца радавацца...

Фота прадастаўлена Уладзімірам Шаблінскім