У Беларусі бываем (ня)часта…

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Дык няўжо так “добра там, дзе нас няма”? Даследаванне "К" / Частка ІІІ
Гэтым матэрыялам мы працягваем тэму, закранутую ў папярэдніх нумарах нашай газеты (№№ 13 і 15): чаму беларускія музыканты з’язджаюць з краіны і як складаецца іх жыццё ўдалечыні ад радзімы. Перад вамі — чарговая порцыя нявыдуманых аповедаў ад айчынных выканаўцаў, якія, пакаштаваўшы замежных “хлеба і відовішчаў”, усё ж вярнуліся ў Беларусь.

Перспектыўны Патліс: павароту не здарылася

— У 1999 годзе ўдзельнікі гурта “Новы Іерусалім”, дзе я спяваў, — успамінае Аляксандр ПАТЛІС, яго колішні лідар, — атрымалі працоўныя візы ў ЗША і разам з жонкамі ды дзецьмі перабраліся ў гэтую краіну, па якой да таго калектыў часам гастраляваў.

Асталявацца там вырашылі сур’ёзна — у штаце Нью-Ёрк у горадзе Рочэстэр нам нават далі базу. Пачалася больш насычаная канцэртная дзейнасць, калясілі з уласнай апаратурай па Амерыцы на двух аўтобусах. Тады ж паступіла і прапанова аб кантракце ад вядомага мясцовага прадзюсара. У выпадку нашай згоды нам вылучылі б саўндпрадзюсараў, студыю, асабіста мне як вакалісту павінны былі наняць выкладчыка па англійскай мове. Мы абмяркоўвалі-абмяркоўвалі, як паступіць, але адзінага рашэння так і не прынялі. Мне было цікава пакаштаваць таго артыстычнага жыцця, да таго ж узрост — 33 гады... Але павароту не здарылася...

Аляксандр не бярэцца гадаць, што было б з камандай, каб засталася яна ў Штатах. Мо аднойчы Патліс, а затым некаторыя іншыя музыканты не сышлі б з гурта. Не выключана і тое, што ансамбль падарожнічаў бы сёння па свеце. Але і без усялякіх фестываляў артыст задаволены тым, што ў яго шмат канцэртаў па ўсім былым Саюзе — ад Далёкага Усходу да Баку...

“Дзялок” Хлястоў: Бахрэйн быў і... застаўся

Лёс і абставіны закінулі Аляксея ХЛЯСТОВА на сыходзе мінулага стагоддзя ў дзяржаву, дзе лад кардынальна адрозніваўся ад нашага.

— Напрыканцы 1996 года я праз знаёмага агента ўладкаваўся на працу ў адзін з пяцізоркавых гатэляў Бахрэйна, у якім было з пяць начных клубаў, — распавядае спявак. — Думаў, буду там выступаць для англамоўнай публікі, але высветлілася, што асноўны кантынгент іх наведвальнікаў — арабы. Давялося, з дапамогай новых мясцовых “прыяцеляў”, “асвойваць”, транскрыбiруючы на рускую мову, рэпертуар ліванскі, кувейцкі, алжырскі, егіпецкі, іранскі, аравійскі ды іншы. А песні тыя вельмі складаныя, эпічныя, такая своеасаблівая этніка. Трэба было навучыцца правільнаму прыдыханню і вымаўленню нават не слоў, а літар. Трэба было ведаць, пра што песні. А яшчэ пры іх выкананні рабіць нейкія характэрныя жэсты: прыціскаць рукі да сэрца, разводзіць іх у бакі пэўным чынам... Маю праграму на 70 працэнтаў і складалі такія рэчы — незвычайныя, з выразным барабанным бітам, эмацыйныя, а астатнія 30 — фармат MTV: для гасцей і пастаяльцаў з Еўропы ды Амерыкі. А праграму, дарэчы, прымалі ды зацвярджалі прадстаўнікі тамтэйшага Міністэрства турызму!..

У 2002-м у Бахрэйне адбыліся вялікія змены. Тое датычылася заканадаўства ў частцы знаходжання ў краіне замежнікаў. Месяцы чатыры ў Аляксея практычна не было выступленняў. Стала горш з заробкамі: чаявыя адмянілі... Ды і руціна яму надакучыла: увесь час гатэль, гатэль, гатэль, што неймаверна засмучала. Нягледзячы на поўны пансіён, яго накрыла пастаянная млявапраяўная дэпрэсія. І на пачатку лютага 2003 года Хлястоў з жонкай з’ехаў у Мінск, спадзеючыся праз месяц вярнуцца назад.

— З’язджаў — усё было дрэнна ў нас з шоу-бізнесам, — усміхаецца выканаўца. — Прыехаў — ён усё так жа дрэйфуе па вельмі павольнай плыні. А я ўжо стаў “дзялком”, стаў разбірацца, як і што правільна арганізаваць у гэтай сферы, ды і проста прывык працаваць на сябе! Увогуле, засумаваў ізноў я і на радзіме. Каб не сустрэча з Аляксандрам Ціхановічам, які прывёў мяне на тэлебачанне, не супрацоўніцтва з аўтарамі песень, што нечакана з’явілася, не ратацыі на радыё і ТБ, хто ведае, як далей усё склалася б. Да верасня 2003-га я зразумеў, што здабыў у Беларусі папулярнасць. А Бахрэйн... Ён застаўся са мной назаўжды. Часцінка яго культуры жыве ўва мне...

Магчымасці Лапкоўскага: на некалькі гарадоў

— Я часта з’язджаю з краіны, але на непрацяглыя тэрміны, — кажа лідар гурта “Цвет алоэ” Сяргей ЛАПКОЎСКІ. — У 2011 годзе некалькі месяцаў правёў у Маскве — шукаў аднадумцаў па творчасці, але, на жаль, на той час не было тых людзей, якія маглі б прапанаваць што-небудзь пэўнае ў плане кар’еры.

Тое ж самае магу сказаць і пра ЗША, дзе я правёў месяц, сустракаючыся з прадстаўнікамі лэйблаў, але нейкіх дамоўленасцей у выніку гэтых сустрэч не з’явілася. І ўсё ж там — за межамі Беларусі — мы толькі госці, а тут — ужо артысты. На дадзены момант ізноў ёсць магчымасць пераехаць у расійскую сталіцу, ужо фарміруецца бізнес-план на год па прасоўванні нашага гурта на тамтэйшы рынак...

Сяргей настолькі ўлюблены ў Мiнск і Беларусь, што з’язджаць ад нас назаўсёды ён не плануе, а вось працаваць і жыць на некалькі гарадоў — гэтага яму ў сувязі з родам дзейнасці, мяркуючы па ўсім, не пазбегнуць...

Грунтоўны Міцько: "пакуль будую дом"

У Маскве спрабаваў асталявацца і фронтмен “Лепрыконсаў” Ілья МІЦЬКО. Ды сталіца іншай славянскай дзяржавы яго вабіла-вабіла, ды не “вывабіла” з роднай “норкі”.

— Я пражыў у Маскве (з рэдкімі наездамі ў Мiнск) з 2000 па 2003 год: у гурта быў кантракт з буйной студыяй, — дзеліцца Ілья. — Потым вярнуўся ў Мінск, і, пабыўшы дома годзік, адправіўся ў Кіеў, дзе працаваў да 2007-га на музычным тэлеканале вядучым. Не хвалююся, што так усё склалася, на ўсё свой час. Зараз я заглыблены ў сямейныя клопаты, будую дом, гэта мне дае нашмат больш задавальнення, чым шоу-бізнес, тусоўкі. Калі з’явіцца выразна акрэсленая перспектыва, то гатовы зноў паехаць. Я і так практычна кожны тыдзень бываю за мяжой на гастролях, з працай у нас па-ранейшаму справы ідуць грунтоўна...

Фіналіст Рудэнка: адмены ў Польшчы і Расіі

Віктар РУДЭНКА з калектыву “Rostany” і былы вакаліст гурта “Dali” таксама заглядаўся ў бок славянскай краіны:

— У свой час гурт “Dali” пачаў супрацоўнічаць з польскім прадзюсарам Ігарам Зныкам — ён стаў у нас укладваць сродкі. Але амаль адразу пасля першай такой інвестыцыі, калі мы за яго кошт прыехалі ў Польшчу і ўдзельнічалі ад гэтай краіны ў адборачным туры на “Еўрабачанне” (прайшоўшы ў фінал, дарэчы), ён па асабістых прычынах згарнуў сваю дзейнасць... Мы не мелі ніякіх іншых кантактаў у Польшчы, таму праца і не прадоўжылася. Аналагічная сітуацыя была і з Расіяй. Мы дамовіліся з добрым чалавекам, тэлевізійным прадзюсарам, які пачаў намі займацца. Але нечакана яго кампанія збанкрутавала, і ён засяродзіўся толькі на ўласным выжыванні...

Канадскі Івашын: паверыў — не праверыў

Ну, і цэлую эпапею ўяўляюць з сябе замежныя пакуты экс-клавішніка гурта “Нейра дзюбель” Максіма ІВАШЫНА.

— У верасні 2004-га я стаў... не, не грамадзянінам Краіны Кляновага Ліста, але тамтэйшым жыхаром, — пачынае ён свой аповед. — З прыцэлам на, зразумелая справа, паспяховую кар’еру і, у рэшце рэшт, ужо згаданае грамадзянства. Балазе паказчыкі да асабістага росквіту былі сур’ёзныя: ступень аднаго з лепшых факультэтаў журналістыкі ЗША, адэкватная англійская мова, але галоўнае — жаданне і сілы змяніць жыццё ў лепшы бок. На жаль, адзначу забягаючы наперад, амбіцыі не ўрэчаісніліся...

Маю мужнасць прызнаць: збольшага мая канадская прыгода была памылкай, вопытам відавочна негатыўным. Я, што называецца, не зрабіў “хатняе заданне”. Тыя, хто прапанаваў мне выезд, ахарактарызавалі Канаду як “тыя ж Штаты, толькі з еўрапейскім акцэнтам”. Я ў адказ — паверыў, ды не праверыў... А высветлілася, што канадскія рэаліі... шмат у чым падобныя нават да беларускіх. Рынак — маленькі, да таго ж стары, стабільны, канкурэнцыя — велізарная, пры гэтым справы ідуць даволі млява. Не, кіроўцам-будаўнікам-праграмістам там справа знойдзецца… Разумеў, што на пасаду намесніка рэдактара мяне наўрад ці запросяць, — і не імкнуўся. Але спачатку працы для хоць бы падобных спецыяльнасцей у вялікім полі масавай камунікацыі не было зусім, і гэта вельмі бянтэжыла, калі не сказаць — палохала...

Кар’ерны рост кар’ерным ростам, але менавіта ў Канадзе Максім шчыльна стаў займацца сувязямі з грамадскасцю, чым зарабляе на хлеб і сёння. Ды, памятаючы пра цяжкi пачатак і агульныя негатыўныя ўражанні, як толькі зразумеў, што дасягнуў у сваёй дзейнасці столі і далей не зможа развівацца (а на той момант яму яшчэ не было сарака гадоў!), без шкадавання кінуў усё і з’ехаў... у Польшчу працаваць на радыё. А з часам вярнуўся і ў Беларусь.

— Затое ў галіне культуры мой досвед аказаўся вельмі цікавым, — шчыра прызнаецца Максім. — Па-першае, кіно. Канада для кінаіндустрыі Штатаў амаль тое ж, што Мiнск — для Масквы. “Сакрэтныя матэрыялы”, як мне (па сакрэце!) сказалі, амаль цалкам здымаліся ў ваколіцах Ванкувера. Адпаведна, попыт на масоўку ёсць заўсёды: многія імігранты, нават зусім далёкія ад кіно, так першыя грошы і зарабляюць. А далей — справа твайго таленту і шанцавання. У выніку ў мяне было двое агентаў (зразумела, не толькі маіх асабістых), праз якіх я трапіў у некалькі серыялаў “Discovery” і “BBC”. З Майклам Медсэнам пагутарыў пра літаратуру ў паўзе паміж дублямі. Ад Майкла Дугласа (здымалі карціну “Ахоўнік” пра гісторыі вакол Белага Дома) стаяў літаральна за метр, ад Кім Бейсінгер — за тры... Каліфарнійскі следчы, афіцэр канадскай паліцыі, сербскi апалчэнец і, вядома ж, “новыя рускія” ды бандзюганы тых жа часоў — усё гэта ў маім, не пабаюся сказаць, акцёрскім багажы. Але галоўнае — велізарны, разнастайны і пазітыўны вопыт, які, дарэчы, прыдаўся і тут: раз у месяц я сапраўды на адной з нашых здымачных пляцовак...

Было ў Івашына сёе-тое цікавае і ў плане музыкі. Да 2004 года яго праца ў “Нейра дзюбелі” падышла да лагічнага завяршэння. Але іграць хацелася, і інструмент ён павёз з сабой у Таронта, дзе прыняў удзел у праекце... лепшых канадскіх двайнікоў Элвіса Прэслі. Хлопцы (іх двое, таму і праект называўся “Double Trouble”) ставіліся да справы вельмі адказна. Інтанацыі, унікальная пластыка Элвіса, парыкі з натуральных валасоў, сцэнічныя касцюмы за паўтары тысячы долараў — язык не павернецца назваць гэта “простым хобі”. Намаганні былі ўзнагароджаны: “Double Trouble” не раз прызнаваліся “лепшымі элвісамi Канады”, а на Сусветным конкурсе двайнікоў Прэслі ў Лас-Вегасе хоць і не перамагалі, але стаялі на п’едэстале...

— І, з выканальніцкага пункта гледжання, мне было чым заняцца ў тым праекце, — заканчвае сваю споведзь Максім. — Здавалася б, рок-н-рол, тры акорды — што можа быць прасцей? Але ж у песнях Прэслі мноства цікавых нюансаў; разабраўся ў іх — стаў лепш разумець музыку Паўночнай Амерыкі.

Калі я і вярнуся ў Канаду, то на пенсіі. А пакуль... З пачатку года я ўжо пяць краін наведаў, прычым у асноўным з дзелавымі мэтамі!..

Паважаныя чытачы! У адным з бліжэйшых нумароў “К” чакае заканчэнне нашага аповеду пра “невозвращенцев", “возвращенцев” і тых, хто так і не рызыкнуў (і чаму прыняў такое рашэнне) пачаць усё спачатку недзе там, за пагранічнымі слупамі. Пра апошнія выпадкі, уласна, і будзе заключны матэрыял.

Пачатак матэрыяла — у №№ 13 і 15.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"