Этна “вымываецца” за мяжой. А ў нас?..

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Чалавек, які разгадаў таямніцу старажытнага абраду “Страла”
Юрый ВЫДРОНАК — фігура знакавая для нашай фольк-рок-музыкі. У 1992 годзе ён быў адным са стваральнікаў гурта “Палац” і стаў яго мастацкім кіраўніком. У 1996-м, у рамках фольк-мадэрн-студыі “Палац” ініцыяваў нараджэнне на свет трыа “Kriwi”, а ў 1999-м і з’явіўся той самы калектыў “Ur’ia”, у якім Выдронак нарэшце цалкам змог рэалізоўваць менавіта свае задумкі. З 2000 года артыст з’яўляецца арганізатарам мінскіх фестываляў “Таўкачыкi на Юр’я”, чарговы з якіх пройдзе 23 красавіка. І ўяўляць з сябе ён будзе не, як звычайна, набор канцэртных нумароў (сярод удзельнікаў фэсту — гурты “Ветах”, “Альтанка”, “Бан-Жвiрба”, “Хоха бэнд”, Наталля Матыліцкая ды іншыя), а сапраўднае шоу. Напрыклад, адбудзецца рэканструкцыя абраду “Юр’я”, для чаго з Любаншчыны прывязуць выпечаны каравай.

/i/content/pi/cult/478/10167/6-1.jpg

Юрый Выдронак пад час адных з "Таўкачыкаў". / Фота Вольгі КЛЯШЧУК

Што такое “Ur’ia”?

— Па маіх адчуваннях, адной з прычын твайго сыходу з, дапусцім, “Палаца” стала тое, што ў нейкі момант ён пачаў усё часцей і часцей выкарыстоўваць на канцэртах дапаможныя інструментальныя фанаграмы...

— Адкажу так: мне стала цесна ў рамках “Палаца”. Музыку і аранжыроўкі для яго я рабіў з улікам моды 1980 — 1990-х. У мяне з’явілася новая музыка і, адпаведна, яе бачанне. Захацелася стварыць новы праект з больш канцэптуальнай назвай, шырокім мастацкім дыяпазонам, багацейшай палітрай фарбаў, хацелася ўвесці прыгожыя і якасныя жаночыя вакалы, касцюмы, хацелася спяваць самому, асабліва хацелася ўнесці фарбу свабоды, радасці, драйву і духу 1970-х. Ніколі не задаваў сабе пытанне: чаму зоркі 70-х сёння гучаць не так, як раней, гэта значыць — гучаць значна горш? А адказ наступны: уся справа ў станоўчых гармоніках лямпавай апаратуры, якую цяпер ужо практычна не выкарыстоўваюць. Але гэта, канешне ж, не самае галоўнае. Знік дух свабоды ў творчасці, артыстаў загналі ў рамкі вузкіх фарматаў, таму што так зручны выдаўцу: менш затраты — большы прыбытак. Раней добрага артыста рыхтаваць трэба было доўга, укладаючы ў яго шмат цярпення і сродкаў, а цяпер і спяваць не абавязкова — аўтацюнінг усё выправіць, а медыя пераканаюць, што артыст — добры і толькі яго трэба слухаць. Праект “Ur’ia” быў створаны для жывой, энергічнай музыкі, якую мы адразу ж павезлі па Еўропе, і, скажу без залішняй сціпласці, яна зрабіла на тамтэйшую публіку ашаламляльнае ўражанне. Дык што такое “Ur’ia”, пытаешся? Гэта рок-драйв і рок-эстэтыка 1960 — 1970-х, этнічныя інструменты, рытуальная песенная архаіка, гарлавыя спевы.

— Перапыню цябе. Я таксама памятаю ўзрушэнне, якое зведаў: досыць агрэсіўная інструментальная падача, напор, экзатычныя інструменты і аўтэнтычныя спевы — натуральна, беларускія, народаў іншых краін...

— Канцэпт “Ur’ia” яшчэ і ў пошуку кропак судакранання розных культур, нават пракультур. Як практык-фалькларыст і этнограф я прыйшоў да высновы, што такія кропкі ў беларускай культуры ёсць, да прыкладу, з культурай гуральнай (Больш пашыраны варыянт назвы — гуральская. — А.К.) — тых жа гуцулаў, з румынскай, старажытнай егіпецкай, індыйскай... Больш за тое, скажу і вось што: у нас сапраўды з рускімі агульны культурны корань, як і са славянамі наогул. Дарэчы, першы сольнік на радзіме ў гурта адбыўся толькі ў 2012 годзе ў Канцэртнай зале “Мінск”...

— Чаму так позна?

— Бо нас, у тым выглядзе, як праект задумваўся, як ён павінен выглядаць і слухацца, у Беларусі ні асвятліць, ні агучыць не могуць: і ўсё ж я рызыкнуў. Няма апаратуры, спецыялістаў, як за мяжой: уяўляеш, на сцэне рок-калектыў плюс струнны квартэт, хор, балет, шмат этнаінструментаў, усё падпарадкавана скразной драматургіі, а на выхадзе — заводкі манітораў, гукавы дысбаланс ды іншае, да таго падобнае...

“Матрошкі з гармонікамі”

— А як у Еўропе з канцэртамі?

— З фестывалямі стала горш. Змяніліся ўмовы для запрашэння калектываў. Калі раней арганізатары аплачвалі ганарар, праезд і пражыванне, то цяпер яны высылаюць толькі запрашэнне. Артысты з ім павінны ісці ў спецыяльны фонд або Міністэрства культуры сваёй краіны, каб атрымаць грант на паездку. Што да канцэртных агенцтваў, то там таксама шмат змен. Ім патрэбны танныя артысты з таннай музыкай, каб зарабіць на іх больш. Сур’ёзная этнічная музыка з фестываляў “вымываецца” — застаюцца, што называецца, “матрошкі з гармонікамі”. Калі раней такія форумы выконвалі культуралагічную місію — знаёмілі публіку з каранёвым мастацтвам, — то сёння ўсё паставілі на эканамічныя рэйкі. І такім чынам людзей адвучылі ад натуральнага музычнага прадукту, які трэба спачатку асцярожна пакаштаваць, потым — адчуць яго смак, затым, смакуючы, старанна “перажаваць”. На змену ж прыйшоў фастфуд — “музыка хуткага прыгатавання”. Лічу, тое — катастрафічнае падзенне інтэлектуальнага ўзроўню.

— Некалькі гадоў таму, дарэчы, вы адмовіліся ад удзелу ў фольк-фестывалі на адкрытым паветры. Хадзілі чуткі, што гурт “зарадзіў” непад’ёмны для арганізатараў “цэннік”…

— Глупства, вядома. Гурту як заяўленаму хэдлайнеру прапанавалі выступіць днём. Табе шмат вядома хэдлайнераў, якія выступаюць у сярэдзіне зборнага мерапрыемства? Нам жа, як я ўжо казаў, у любым выпадку неабходна прафесійнае святло — нават у такіх умовах, каб глядач атрымаў хаця б мінімальнае ўяўленне аб шоу “Ur’ia”. І патрэбна публіка, а не тыя колькі дзясяткаў чалавек, якія апынуліся б перад сцэнай днём. На тым фестывалі не было і грымёрак для артыстаў, а я так не прывык...

— Як правіла, кожны фестываль дэкларуе нейкія мэты… “Таўкачыкі” — не выключэнне?

— Яго ідэя заключаецца ў тым, каб не проста адзначыць свята, а звярнуць увагу людзей на тое, што яны забылі традыцыі, лічы, уцяклі ад прыроды. І такая няпамятлівасць прыводзіць да таго, што на змену адным каштоўнасцям, натуральным, жывым, прыходзяць іншыя. Галоўная з іх сёння — катастрафічная для духу чалавека: грошы...

Вярнуць да вытокаў

— Вось пра цябе распавядаюць: Выдронак, маўляў, адгарадзіўся ад усіх сцяной, “сядзіць” у бярлозе, перыядычна вылазіць на святло — і зноў назад...

— Доля праўды ў гэтым ёсць. Я выбіраюся з дому на беразе Дняпра, у якім жыву, выключна па справе. Напрыклад, на здымкі дакументальных этнаграфічных фільмаў або на арганізацыю фестывалю.

— На беларускім тэлебачанні мы можам убачыць твае карціны?

— Збольшага — у Інтэрнэце. Гэта сапраўды цікавае, пазнаваўчае кіно пра старажытныя абрады. Прычым мне ўдалося зафіксаваць на плёнку анамальную з’яву! Я, мяркую, разгадаў таямніцу старажытнага абраду “Страла”, прысвечанага Перуну, заснаванага на ахвяраванні яму. Мая гіпотэза заключаецца ў тым, што гэта былі чалавечыя ахвяры, дакладней — самаахвяраванне.

— Жах...

— Жах далей будзе. Ёсць такая песня, якую я выкарыстаў яшчэ ў рэпертуары “Палаца”: “Як пушчу стралу па ўсяму сялу. / Ты ляці, страла, да і ўздоўж сяла. / Ты забі, страла, добра молайца. / Па тым молайцы някаму плакацi. / Матка старэнька, сястра маленька. / Жонка молада, у карагод пайшла...” І гэтак далей. Я ніяк не мог зразумець яе сэнс: нейкі набор фраз, і ў фалькларыстаў не сустракаў тлумачэнні. І здымалі мы бабуль у Веткаўскім раёне ў вёсцы Янова. Заспявалі яны яшчэ адну песню-замову з рытуалу “Пахаванне стралы” пад назвай “Падуйце, вятры буйныя...”, гляджу — сапраўды падымаецца вецер! Гэта бабулі яго выклікалі! Для чаго? Каб ён зганяў хмары. Хмары сутыкаюцца — нараджаецца маланка. Маланка — гэта страла, якой патрэбен громаадвод, тая самая ахвяра, у якую маланка і трапляе — добры маладзец, па кім няма каму плакаць: матка старэнька, жонка ў карагод пайшла, такім чынам парушыўшы традыцыі...

Наконт беларускага тэлебачання. Я прапаную ўжо некалькі гадоў (і сустракаўся з той нагоды са старшынём Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам) стварэнне тэлевізійнага шоу “Таўкачыкі”, а кампанія адказвае, што грошай у іх няма, і, наогул, стварэнне такой праграмы мусіць фінансаваць, хутчэй, Міністэрства культуры. Таму пытанне з праграмай пакуль так і вісіць. Як мне бачыцца, такое тэлешоу ўключала б звесткі пра славутасці, тапаніміку, мову, народную медыцыну, традыцыйныя рамёствы, канцэрты айчынных і замежных зорак, відэакліпы, экспедыцыйныя здымкі... Галоўнай асаблівасцю хочацца зрабіць удзел у праекце людзей з народу, якія паказвалі б абрады, песні, танцы, рамёствы ў аўтэнтычным выглядзе.

— А музычную архаіку якіх куткоў Беларусі ты больш за ўсё выкарыстоўваеш у творчасці?

— Гомельшчыны, Брэстчыны і Магілёўшчыны: там больш засталося цікавага для мяне аўтэнтычнага матэрыялу, са своеасаблівымі мелізмамі. А для выканання песен Гомельскай вобласці патрабуецца валодаць шырокім вакальным дыяпазонам, яны складаныя, а мяне цяжкасці заводзяць.

— Прапаную вярнуцца да Дняпра…

— Ці саджаю я ля дома дрэвы? Саджаю. Ці бяру сякеру ў рукі? Здараецца. Я жыву прыродным жыццём… Спадзяюся, сёлета выйдзе альбом “Ur’ia”. Працую над стварэннем сур’ёзнага твора — оперы. Да таго ж хочацца запісаць рэшткі этнаграфічнага матэрыялу па краіне. Паколькі я першым у свой час распачаў лічбавы аўдыя- і відэазапіс этнаматэрыялу, маю досвед працы ў якасці навуковага супрацоўніка ды рэстаўратара гуку, з’яўляюся этнографам-практыкам, валодаю ўсімі магчымасцямі рабіць гэта прафесійна. І, дарэчы, хачу звярнуцца праз вашу газету да ўсіх, хто можа дапамагчы фінансаваннем прафесійнай экспедыцыі, каб захаваць рэшткі нашай культурнай спадчыны.

— І — “кантрольнае” пытанне. Ты сустракаў людзей, якія з падазрэннем ставіліся да таго, што робіць “Ur’ia”? Хочаце ці не, але атрымліваецца так, што вы папулярызуеце веды пра дахрысціянскую эпоху, а да яе ў гісторыкаў стаўленне рознае...

— “Ur’ia” прапагандуе культуру нашых продкаў, нацыянальныя традыцыі. Калектыў названы ў гонар старажытнага свята славянскага народнага календара. У жывой традыцыі гэтае свята і абрад яшчэ існуюць на Тураўшчыне, маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзяцца пад аховай UNESCO. Часы змяняюцца, а культура, якая ўзнікла не дзве і не тры тысячы гадоў таму, усё яшчэ жывая. Гэта яна спарадзіла цяперашнюю цывілізацыю, а забываючы, адмаўляючы, абсякаючы свае карані, мы губім самі сябе. “Ur’ia” пасільна спрабуе вярнуць людзей да вытокаў. Выратаванне там, як мне бачыцца...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"