“Бывайце здаровы!..”, або Жыццё, пражытае па законах песні

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Да 110-годдзя з дня нараджэння Адама Русака
Паэт-песеннік Адам Русак з'явіўся на свет у вёсцы Пясочнае, што на Капыльшчыне. Сёння, 24 мая, у Пясочным праходзіць свята, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння гэтай выбітнай асобы, слава пра якую сягнула далёка за межы Беларусі. Мы ж прапаноўваем шаноўным чытачам успаміны дачкі паэта — Людмілы РУСАК. Успаміны пра бацьку, ягоных сяброў і паплечнікаў, пра няпросты век і “кухню” творцы… Таксама друкуем і ліставанне да Адама Русака, якое звязвала беларускага паэта з гэткімі ж геніяльнымі творцамі, што праславілі колішні Савецкі Саюз ва ўсім свеце.

/i/content/pi/cult/477/10166/14-1.jpg

Адам Русак. Ленінградскі перыяд.

Гэта ж якая адказнасць!

Быць нашчадкам вядомых бацькоў — вялікая адказнасць. Разуменне гэтага прыйшло не адразу — мінула гадоў пятнаццаць пасля таго, як не стала маіх родзічаў. У 1960-я — 80-я штодня па беларускім радыё гучалі песні “на словы Адама Русака”, майго бацькі. Ён радаваўся, як дзіця, калі іх чуў... Быў вельмі сціплым і маўклівым, заўжды казаў, што гэта самая галоўная ацэнка яго працы, калі ягоныя песні спявае і хоча чуць народ…

Маё прозвішча лёгка “рассакрэчвалі” ў школе і паўсюль, дзе б я ні з’яўлялася: перапытвалі, ці не даводжуся я выпадкова дачкой вядомага паэта-песенніка Адама Герасімавіча Русака. У дзяцінстве гэта было прыемна слухаць, а цяпер перада мною стаіць зусім іншая задача: захаваць і падтрымаць творчасць таты, ягоныя песні, якія і сёння гучаць у рэпертуары многіх беларускіх і расійскіх выканаўцаў. Мне падаецца, што такія творы, як “Бывайце здаровы, жывіце багата!..”, “Не шукай”, “Толькі з табою”, “Не за вочы чорныя”, “Ой бярозы ды сосны”, “Не магу я знайсці тое слова”, “Дзе ты, зорка мая…” і многія іншыя ўжо ўвайшлі ў залаты фонд беларускай песеннай творчасці і даследуюцца ў навучальных установах Беларусі.

Сямейны архіў

Гэта старыя чорна-белыя фатаграфіі, лісты на пажоўклай ужо паперы ды надрукаваныя на трафейнай нямецкай машынцы, неапублікаваныя вершы і ўспаміны пра сяброў, кампазітараў і паэтаў. Гэта — падзеі, якія сталі мінулым, гэта — гісторыя, якую нельга перарабіць, гэта — час, што немагчыма вярнуць. Можна толькі чытаць і ўяўляць, якім быў той век, калі кампазітары і паэты стваралі песні ў выніку натхнення, і атрымліваліся яны шчырымі ды светлымі. І толькі сэрца падказвала, што ў нашым жыцці ёсць сапраўднае і вечнае. Таму гэтыя песні і перажылі сваіх кампазітараў ды паэтаў, яны гучаць і сёння, хвалюючы непадробнай задушэўнасцю ды дабрынёй...

/i/content/pi/cult/477/10166/14-2.jpg

Адам Русак (злева) з групай сельскіх музыкаў.

“Якое маленькае слова!”

У адным са сваіх рукапісаў бацька згадаў: “Песня… Якое маленькае слова, і якое яно ёмістае, калі словы і музыка, злітыя ў адно цэлае, кранаюць душу і сэрца… Песня мае сваю прыроду і законы. У гэтым маленькім, але крылатым творы слова і музыка зліваюцца так, што калі слухаем песню, мы забываем, што яе стварылі два аўтары: паэт і кампазітар. Песня не церпіць рыторыкі, набору слоў. У ёй павінна быць паэзія і яшчэ раз паэзія. Мы, паэты-песеннікі, добра памятаем словы Максіма Горкага: “…Калі верш складаецца са срэбра, дык песня павінна быць з золата”. Але гэта яшчэ не ўсё. Галоўны суддзя песні — народ. І хоць пішацца песень многа, аднак добрых песень яшчэ мала. Беларускія паэты і кампазітары цудоўна ведаюць, што песня самацёку не церпіць, што над песняй трэба працаваць штодзённа...”

Аб гэтай “духоўнай адказнасці” мне і хочацца сказаць яшчэ некалькі слоў. У нас дома часта збіраліся госці: кампазітары, паэты, музыканты, выканаўцы… Асабліва пасля канцэртаў, калі абмяркоўваліся песні, выкананне і… поспех, творчы поспех. Усе шчыра радаваліся адно за аднаго, як за вялікую агульную ўдачу. Бо прагучала новая песня — і яна спадабалася публіцы. А колькі працы было ўкладзена да гэтага моманту! Днямі і, іншым разам, познімі вечарамі ў нас дома за фартэпіяна два чалавекі — паэт і кампазітар — спрабавалі знайсці той адзіны правільны “творчы ход”, тую “самую дакладную нотку”, якая падкрэсліла б сэнс слова, каб радок у песні “загучаў” і дайшоў да слухача, каб з першых слоў песня кранула душу і сэрца...

Гэта і сёння вялікая тайна: чаму адна песня застаецца жыць на доўгія гады, а на другую праз дзень забываюцца? Але адно магу сказаць адназначна: песні, напісаныя ў тыя гады, ствараліся ад душы і з вялікім натхненнем. Можа быць, таму яны намнога перажылі сваіх аўтараў і працягваюць жыць сёння.

/i/content/pi/cult/477/10166/14-3.jpg

Герасім Русак — бацька паэта (злева), Сямён Русак — дзед у вёсцы Пясочнае.

Паэт ці музыкант?

Хачу адразу сказаць, што мой бацька быў і тым, і другім. Скончыў Мінскі музычны тэхнікум (..), потым — Ленінградскую кансерваторыю і цягам амаль дваццаці гадоў працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога Опернага тэатра. Вярнуўся ў Мінск і яшчэ дзесяць гадоў граў у аркестры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але… Калі ўжо быў студэнтам музычнага тэхнікума, пачаў пісаць вершы. Неўзабаве быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а потым (у 1939-м) — і ў Саюз пісьменнікаў СССР. Атрымліваецца, Адам Русак — і прафесійны паэт, і прафесійны музыкант.

У заліковай кніжцы навучэнца Мінскага музычнага тэхнікума ёсць запіс: “Сальфеджыа — 5; спецыяльнасць — 5; паводзіны — 2 (глядзеў у акно і пісаў вершы)”. Ён увесь час лунаў у аблоках і быў вельмі далёкі ад усіх зямных праблем.

І яшчэ… Адам Русак нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і. Бацька — музыкант-самавук, майстраваў скрыпкі, а сям’я грала на вяселлях, хрэсьбінах і народных гуляннях. Без іх сямейнага ансамбля не абыходзілася ніводнае свята. Натуральна, тата літаральна купаўся ў народных песнях і музыцы, граў поруч з іншымі сямейнымі полькі, кадрылі, вальсы. Напэўна, адсюль, з далёкага мінулага, і бярэ пачатак пэўны рытм і музычнасць ягоных вершаў.

Наша паходжанне

У нашай сям’і перапляліся розныя карані. Адам Герасімавіч Русак нарадзіўся ў вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Мінскай вобласці, як і ягоны бацька — Герасім Сямёнавіч. Дзед Сямён, адслужыўшы пятнаццаць гадоў у царскім войску на мяжы з Малдавіяй, вярнуўся у Беларусь з жонкай — ці то цыганкай, ці то з малдаванкай. У любым выпадку, беларусы-аднавяскоўцы адразу далі смуглай прыгажуні мянушку “цыганка”. Разам з дзедам іх называлі “цыганы”: не толькі за смугласць, але і за музычнасць. Марыя Ігнатаўна, маці Адама Русака, простая беларуская жанчына, у час вайны ў сваёй хаце перавязвала раны партызанам, а Герасім Сямёнавіч “ладзіў ім зброю”. Хата стаяла на хутары сярод лесу, пад час вайны тут быў партызанскі шпіталь...

(Працяг будзе.)

Людміла РУСАК

Фота і лісты з архіва аўтара