Білефельд: прамыя музейныя трансляцыі

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Як павялічыць колькасць наведвальнікаў музеяў? Гэтае пытанне сёння хвалюе не толькі беларускіх, але і замежных музейшчыкаў. Напрыклад, музеі Германіі эксперыментуюць у сваёй дзейнасці ўсяк, як толькі могуць. У тым ліку — і ў горадзе Білефельдзе, дзе пражывае прыкладна 300 тысяч чалавек.

/i/content/pi/cult/477/10164/13-2.jpg

/i/content/pi/cult/477/10164/13-4.jpg

Экспанаты ў залах Гістарычнага музея ў Білефельдзе.

Цішыня, урачыстыя стэнды з экспанатамі, таблічкі “Не чапаць рукамі!” — усяго гэтага ў гістарычным музеі Білефельда не сустрэць. Тут зрабілі стаўку на інтэрактыўнасць ва ўсіх яе праявах, на актыўнае ўзаемадзеянне з наведвальнікамі. Да прыкладу, для дзяцей ад 6 да 12 гадоў музейшчыкі распрацавалі цэлую сітэму штомесячных мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Разам робім гісторыю”. У кожны апошні чацвер месяца школьнікам прапануецца прыйсці ў музей і паўдзельнічаць у гульнёвых праграмах, прысвечаных гісторыі горада. Тэмы сустрэч — заўсёды розныя: “Як раней друкаваліся кнігі?”, “Як мылі бялізну нашы бабулі?”, “Падарожжа ў сярэднія стагоддзі” ды іншыя.

Яшчэ адна форма працы з дзецьмі — святкаванне дзён нараджэння. Дзякуючы спецыяльна падрыхтаванай праграме школьнікі, гуляючы, атрымліваюць веды па гісторыі краіны. А пасля арганізуецца пошук падарунка для імянінніка і прысмакаў для ўдзельнікаў свята. Падарункі, дарэчы, схаваны сярод экспанатаў музея…

Не пакідаюць музейшчыкі па-за ўвагай і дарослых. Наведвальнікам, акрамя традыцыйнай экскурсіі, могуць прапанаваць урок валодання халоднай зброяй, а таксама абед, складзены з сухога пайка сучаснага нямецкага салдата. Да таго ж, і для дарослых, і для дзяцей музей часта ладзіць дні адкрытых дзвярэй, а летам — музейныя святы. У гэтыя асаблівыя дні экспанаты ўстановы культуры — швейныя машынкі, друкарскія станкі, генератары, наборныя машыны — прыводзяцца ў дзеянне. Музей, такім чынам, ажывае і поўніцца разнастайнымі гукамі. Не трэба і казаць, што падобныя мерапрыемствы выклікаюць асаблівае захапленне ў дзяцей ды падлеткаў.

Музейшчыкі Білефельда выкарыстоўваюць і іншыя спосабы прыцягнення наведвальнікаў. Напрыклад, кожнага дзесяцітысячнага госця вітае асабіста дырэктар музея і дорыць гэтаму турысту невялічкі прэзент з музейнай сімволікай ды рэквізітамі. Час ад часу ў мясцовай газеце змяшчаецца льготны талон: выразаўшы яго, кожны можа прыйсці ў музей бясплатна, праўда, у суправаджэнні як мінімум яшчэ аднаго чалавека, які ўжо павінен будзе заплаціць за ўваход. А яшчэ адна музейная “фішка” — правядзенне раз на год прамых трансляцый па мясцовым тэлеканале. У сувязі з падобным мерапрыемствам у музеі арганізоўваецца льготны ўваход для ўсіх ахвотных.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"