Норма прафесійнага этыкету

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Галоўнае — “дарагі кактэйль”: ідэя, свая тэма, разнастайнасць
Міжнародныя фестывалі цікавыя не толькі сваёй праграмай, але і закуліснымі сустрэчамі, размовамі з замежнымі калегамі ды гасцямі, ад якіх можна не толькі даведацца шмат цікавага, але і пераняць той-сёй досвед. Сярод членаў журы магілёўскага “М.@rt.кантакта” былі тэатральны крытык, мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю “Тэатрыён”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага форуму “Монатэатр” Ніна МАЗУР (Гановер, Германія), дырэктар Драматычнага тэатра імя А.Венгеркі, рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, доктар мастацтвазнаўства Агнешка КАРЫТКОЎСКА-МАЗУР (Беласток, Польшча), тэатразнаўца, тэатральны крытык, выкладчык Вільнюскай калегіі, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Адлюстраванне” Марыя ТАНАНА (Вільнюс, Літва). Яны распавялі для “К” пра асаблівасці суадносін драматургаў і тэатраў, фестывальны рух у сваіх краінах.

— У параўнанні з беларускімі, — падкрэслівае Ніна МАЗУР, — нямецкія артысты кроку без грошай не ступяць. Не таму, што няма ў іх творчай апантанасці, не. Гэта норма прафесійнага этыкету: спачатку — перадаплата па дамоўленасці, потым — выкананне замоўленай працы. Гэтак жа будуюцца стасункі з драматургамі. Калі тэатр хоча, каб для яго штосьці напісалі, дык выплачвае аванс.

— А раптам п’еса не падыдзе, не спадабаецца? Ці абставіны зменяцца? Карацей, тэатр вырашыць яе не ставіць. Што тады: драматург павінен грошы вяртаць, каб апошні не пачуваў сябе “абрабаваным”?

— Не, аванс не забіраюць. Але калі тэатр плаціць, гэта не значыць, што тыя грошы — ягоная ўласнасць, заробленая “потам і крывёю”. Тэатр, у сваю чаргу, падтрымліваецца муніцыпалітэтам — гэта значыць, дзяржавай. Так што грошы, урэшце, — дзяржаўныя. Такім чынам, можна сказаць, гэтай мерай дзяржава заахвочвае драматургаў.

— Нават, калі разабрацца, дае ім права на памылку, без чаго сапраўдная творчасць і, асабліва, мастацкі эксперымент — гэткі крок у нязведанае — папросту немагчымыя. Тут ёсць пра што задумацца, бо словазлучэнне “фестывальны спектакль” стала ўжо ледзь не сінонімам эксперыменту. А фестываляў у Германіі, ведаю, — колькасць незлічоная...

— Фестываль, калі захоча, можа арганізаваць і правесці кожны. Што для гэтага трэба? Падаць свой праект у мэрыю.

— І цярпліва чакаць адказу, адганяючы ў думках паразу... Ці ёсць хаця б нейкія крытэрыі, па якіх можна арыентавацца, пройдзе прапанова ці не?

— Галоўнае — арыгінальная ідэя. Тое, наколькі яна паспрыяе пашырэнню культурнай прасторы горада. Праект не пройдзе, калі ўжо існуе падобны да яго. А ўсё астатняе муніцыпалітэт будзе імкнуцца падтрымаць: чым больш фестываляў — тым лепш. Бо кожны — дадатковая нагода для турыстаў наведаць гэтую мясціну. Але не думайце, што ўсё так проста. Падобная фінансавая падтрымка разлічана на год-два. Надалей грошай будзе ўсё менш і менш. Задача дзяржавы — дапамагчы нараджэнню новага праекта. Але “нованароджаны” павінен вучыцца самастойна ўставаць на ногі, развівацца, быць жыццяздольным, прыцягальным для публікі. Калі ж арганізатары пра гэта не дбаюць, дык, маўляў, навошта такі фестываль?

— Але не кожны праект у галіне культуры і мастацтва можа быць самаакупным...

— Гэтага ніхто і не патрабуе! Існуе шэраг фестываляў, арганізатары якіх прынцыпова не прадаюць білеты — толькі запрашальнікі. Ці, да прыкладу, імпрэзы на адкрытым паветры, куды ўваход увогуле вольны. Калі мэрыя вылучае менш грошай, гэта не значыць, што ўзяць іх больш няма дзе. Арганізатары павінны ўмець самастойна шукаць спонсараў, найперш — сярод банкаў. Прасіць трэба значную суму, але, вядома, яе абгрунтаваць. Бо калі пачнеце звяртацца па дробязях, складзецца ўражанне, што мерапрыемства нейкае несур’ёзнае. Банк ніколі не адмовіць без лагічнай матывацыі. Але гэтак жа пачне паступова зніжаць суму, каб фестываль вучыўся сам “трымацца на плаву”. Бо, у рэшце рэшт, кожны фэст робіцца найперш для публікі, а не для крытыкаў і журы, як часта бывае на постсавецкай прасторы. Адсюль — асаблівасці арганізацыі.

У якасці прыкладу прывяду Міжнародны фестываль камерных спектакляў “МОСТ”, што праходзіць у Гановеры. Назва фестывалю — унікальная. Па-нямецку яна гучыць як “дарагі кактэйль”. Па-англійску — “самы” (маецца на ўвазе — “самы лепшы”). Па-руску ж мост асацыюецца са злучэннем, дарогай паміж рознымі берагамі. Таму ідэя фестывалю — паказаць лепшае, што злучыць людзей розных культур, — зразумелая кожнаму. Кожны дзень паказваецца ўсяго адзін спектакль. Пачатак — а 20-й гадзіне, каб чалавек пасля працы паспеў прыняць душ, пераапрануцца, павячэраць — і прыйсці ў тэатр. Лічыцца, што калі той або іншы калектыў запрошаны на фестываль, дык гэта ўжо прызнанне ягонага творчага ўнёску ў мастацтва. Глядач жа сам у стане разабрацца, што лепш, а што горш (публіка, дадам, там і сапраўды вельмі дасведчаная), таму няма ніякіх журы, гасцей, абмеркаванняў. А вось арганізатары аплачваюць не толькі праезд, пражыванне, харчаванне ды ганарар, але і сутачныя — невялікія, але каб можна было і каву дадаткова ў кавярні выпіць, і сувеніры прыдбаць. Да таго ж, удзельнікі, прыехаўшы, застаюцца да канца фестывалю, глядзяць спектаклі адно аднаго. Ім таксама бывае карысна бачыць новыя работы, параўноўваць сябе з замежнымі калегамі: нечаму яны ў іх навучацца, нечаму — тыя ў іх. Узаемаабмен! І карысць для развіцця культуры — неаспрэчная...

— Рэпертуар — не проста “аблічча тэатра”, — працягвае размову Агнешка КАРЫТКОЎСКА-МАЗУР. — Ад яго залежыць, наколькі тэатр будзе цікавы і публіцы, і крытыкам. Мы шукаем, у першую чаргу, рэпертуар “лакальны”. Не Шэкспіра, бо яго ставяць усе, а нешта, што можна будзе паглядзець толькі ў нас. Да прыкладу, п’есы пра беларуска-польскае памежжа. Калі гэта класіка — тая ж “Антыгона”, — дык яе пастаноўка павінна быць звернута да адлюстравання нашых цяперашніх праблем, пададзена скрозь прызму нашай нацыянальнай культуры і светаадчування, скіравана, зноў-такі, на нашы асаблівасці. Толькі так мы будзем цікавыя іншым, зможам разлічваць не адно на сваю публіку, але і на турыстаў.

— А ці едуць да вас з Беларусі? Патрэбна ж віза...

— Таму працуем над тым, каб для наведвання спектакляў існаваў спрошчаны візавы рэжым, як гэта зроблена для моладзі і пенсіянераў, якія едуць у Тэатр “Оперы і філармоніі Падляска”. Разгортваем асветніцкія праграмы, праводзім чыткі новых п’ес, у тым ліку беларускіх драматургаў: Мікалая Рудкоўскага, Паўла Пражко, Дзмітрыя Багаслаўскага. Дый вашы артысты ў нас іграюць: Алег Гарбуз, Вольга Гарцуева з Тэатра Янкі Купалы. Быў і праект з Яўгенам Карнягам. Такія стасункі маюць плён!..

— Тэатральныя фестывалі, — лічыць Марыя ТАНАНА, — павінны ахопліваць розныя жанры і кірункі. Гэта, з аднаго боку, стварае поўную мастацкую палітру, з іншага ж — дапамагае кожнаму з гледачоў знайсці тое, што яму бліжэй.

— А ці не надта пярэстай атрымаецца карціна?

— Для гэтага існуе штосьці накшталт “спецыялізацыі” кожнага з фестываляў. Міжнародны тэатральны фестываль “Сірэны” арыентаваны на тое, каб паказаць усё лепшае з Еўропы. Ёсць форум, скіраваны выключна на літоўскія спектаклі. У Клайпедзе, на беразе мора, праходзіць Міжнародны фестываль вулічных тэатраў. Фестываляў камерных тэатраў, монаспектакляў — некалькі, у розных гарадах. Фестываляў не бывае зашмат, галоўнае — чым яны адрозніваюцца адно ад аднаго, што прыўносяць у агульную тэатральную карціну і, шырэй, у культуру...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"