Навошта нам “гуляцца ў лялькі”?

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Два профільныя фестывалі. А мо і — замала?
Такога напластавання звязаных паміж сабой падзей у нас яшчэ не было. Два буйныя святочна-фестывальныя праекты міжнароднага маштабу, сканцэнтраваныя вакол тэатраў лялек, прайшлі літаральна нон-стопам, быццам прадоўжыўшы яшчэ адзін — вулічных тэатраў. А “круглы стол” па праблемах тэатраў пластычных, дзе, зноў-такі, узгадваліся і нядаўнія “лялечныя справы”, стаўся, у сваю чаргу, яшчэ адным лагічным працягам жывых дыялогаў пра нашу тэатральную рэчаіснасць. Дык навошта нам “гуляцца ў лялькі”? Тым больш, у гэткай колькасці!

/i/content/pi/cult/477/10159/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Самазванец" Брэсцкага дзяржаўнага тэатра лялек.

/i/content/pi/cult/477/10159/9-2.jpg

Сцэна са спектакля "Тарцюф" Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек.

/i/content/pi/cult/477/10159/9-3.jpg

Сцэна са спектакля "Фаўст. Сны" Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Калі на адной шалі вагаў — ІІ Міжнароднае свята тэатральнага лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам” (11 — 15 мая, Гродна), а на другой — VIII Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек (15 — 19 мая, Мінск), міжволі напрошваюцца параўнанні. І гэта цудоўна! Збег двух блізкіх паміж сабой творчых праектаў выклікае абсалютна нармальнае і такое неабходнае для любога развіцця (прынамсі, не толькі ў мастацтве) адчуванне здаровай канкурэнцыі. Але мы звернем увагу на іншае. Кожны з іх мае сваю адметнасць, нягледзячы на розніцу ва “ўзросце” і натуральны “перазоў” некалькіх спектакляў, якія былі паказаны (дарэчы, часам вельмі па-рознаму) для жыхароў абодвух сталічных гарадоў (не будзем забывацца, што Гродна сёлета — Культурная сталіца). Для гродзенскага фэсту важнае “збіранне сяброў”, незалежна ад геаграфіі і працы ажно трох складаў журы: прафесійнага, дзіцячага і маладых крытыкаў. Для мінскага — прынцыповы паказ усіх айчынных тэатраў з прэм’ернымі спектаклямі, зроблены на фоне замежных тэндэнцый. Усё разам і стварае шыкоўную панараму беларускага мастацтва ў кантэксце сусветнага.

Нашы — наперадзе!

Вызначаліся на фэсце пераможцы ці не, нашы лялечныя спектаклі, хай і не ўсе, былі сярод лепшых. Нагадаем, у Гродне лепшай рэжысёрскай работай быў прызнаны спектакль Аляксея Ляляўскага “Чаму старэюць людзі?” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Лепшай мужчынскай роляй — Халстамер Уладзіміра Тэвасяна ў аднайменным спектаклі Брэсцкага тэатра лялек. Але не будзем забывацца, што прэм’ера гродзенцаў — “Фаўст. Сны” — была заяўлена ў пазаконкурснай праграме (як пажартаваў мастацкі кіраўнік “Лялек над Нёманам”, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда, каб не забраць усе ўзнагароды, як гэта здарылася на Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі). І ўсё роўна гэты спектакль, паказаны шостым па ліку за дзень, ужо пасярод ночы, разглядаўся тымі ж крытыкамі як магчымы прэтэндэнт на спецыяльны прыз “альтэрнатыўнага журы”. Ну а Ларыса Мікуліч увогуле магла стаць уладальніцай ажно двух прызоў за аднаго Мефістофеля: гэта жаночая роля ці ўсё ж мужчынская? Дый сам А.Жугжда, акрамя рэжысёрскай іпастасі, прэтэндаваў і на неіснуючы прыз за лепшы сінхронны пераклад (з літоўскай мовы на рускую ў спектаклі “Каралева-лебедзь” Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек), і на такі ж непрадугледжаны прыз за лепшы розыгрыш (у ролі адной з удзельніц гурта “Дзеўкі гарадзенскія”, жартоўна папярэджваючы прагляд “Фаўста...”).

У Мінску, паводле традыцыі, журы не працавала, дый штодзённыя абмеркаванні прагледжаных спектакляў ператварыліся ў “круглыя сталы” з вострымі агульнымі праблемамі: сцэнічных пляцовак, выразных сродкаў (з лялькамі ці амаль без іх, са словамі ці без?), эстэтыкі і філасофіі тэатра (“упрыгожванне” рэальнасці, яе міфалагізацыя — ці “развенчванне”, іранічнае пераасэнсаванне?), тэатральнай педагогікі, прысвечанай падрыхтоўцы адэкватных, дасведчаных гледачоў... Але нават прытым, што выбар замежных удзельнікаў тут быў скіраваны не толькі на розныя тэхнікі, але і, больш мэтанакіравана, на лепшыя еўрапейскія здабыткі, нашы спектаклі ніколькі не прайгравалі. Больш за тое: яны і тут знаходзіліся на самых перадавых пазіцыях (не ўсе, вядома, але ў большасці) і дазвалялі разважаць як пра касмічную змястоўнасць пастановак, так і пра адметнае яе ўвасабленне. А яшчэ — пра новае прачытанне нацыянальных традыцый ды іх суадносіны з еўрапейскім мастацтвам.

На скрыжаванні “Усход — Захад”

Відавочнай была наступная тэндэнцыя. Заходні лялечны тэатр больш шырока выкарыстоўвае магчымасці монаспектакляў. Айчынны і, шырэй, у СНД, не збіраецца адмаўляцца ад “вялікіх”, аб’ёмных у прасторавым рашэнні, “шматфігурных” кампазіцый. Можна, канешне ж, спісаць усё на гастрольныя асаблівасці: маўляў, прывезці аднаго артыста з некалькімі лялькамі прасцей, чым цэлую трупу з фурай рэквізіту. Насамрэч, справа не толькі ў гэтым, але і ў наяўнасці адпаведных сцэнічных пляцовак. У Еўропе даўно скарыстоўваюць невялікія памяшканні чалавек на 30 — 50, а то і меней, дзе артысты і гледачы знаходзяцца адно ад аднаго на адлегласці рукі. У нас такіх пляцовак няма, ёсць больш-менш традыцыйныя: сцэна — і зала; чым больш гледачоў — тым большы прыбытак. Да таго ж, наш тэатр усё-такі больш рэжысёрскі, скіраваны на канцэпцыю. А гэткі “монаакцёрскі” — больш на бязмежныя магчымасці творчай асобы.

Гэта не значыць, што ў сусветным лялечным мастацтве адмовіліся ад маштабнасці. Лекцыя прафесара Марэка Вашкеля (Польшча), багата аздобленая відэаматэрыяламі самых нашумелых пастановак, пераканала ў іншым: тэатр лялек — паняцце папраўдзе бязмежнае, здольнае ахапіць што заўгодна і вырашыць сродкамі сінтэзу розных відаў мастацтва самыя складаныя тэмы.

Ды ўсё ж нашы філасофскія спектаклі трэба разглядаць не толькі ў суадносінах з еўрапейскімі, але і ў рэчышчы беларускіх нацыянальных традыцый — не адно батлеечных ці, глыбей, фальклорных, звязаных з абрадавымі тэатралізаванымі дзеяннямі. Тое, як лялечнікі паспяхова карыстаюцца сімвалічнасцю ўвасаблення, асацыятыўнасцю глядацкага мыслення, прычым выкананымі зусім не “метадам плаката”, не “ў лоб”, наўпрост адсылае нас да лепшых здабыткаў айчыннага драматычнага тэатра 1970-х — 80-х. Адначасова з гэтым беларускія лялечнікі куды больш актыўна, у параўнанні з тэатрам драматычным, звяртаюцца да найноўшых тэхналогій, знаходзяцца, што называецца, “у трэндзе”, адпавядаючы сусветнай стылявой палітры. Такі выхад на еўрапейскія рубяжы з беражлівым захаваннем нацыянальных традыцый, уключаючы розначасовыя пласты прафесійнага мастацтва, шырокі зварот да гістарычна-патрыятычнай тэматыкі ў яе філасофскім асэнсаванні дазваляе разглядаць многія беларускія спектаклі скрозь прызму так званай ліцвінскай культуры, што працягвала і развівала традыцыі часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай ажно да ХХ стагоддзя, дзе яны былі, на жаль, перапынены.

Сярод тых традыцый, дарэчы, было і актыўнае спасціжэнне, перайманне, укараненне на нацыянальнай глебе лепшых замежных здабыткаў. Калі так, дык нашым тэатрам было б няблага звярнуць увагу на ўменне Беластоцкага тэатра лялек фарміраваць рэпертуар, ахопліваючы гледачоў “ад аднаго да сто аднаго года”, не мінаючы падлеткаў (“Ленка”, “Мантэкі і Капулеці”), на стыльнасць ды эксперыментальныя пошукі літоўскіх калег, асабліва ў тэхніцы “аб’ёмнай кнігі” (“Чароўны час Папялушкі” з Клайпеды).

Але ўсё роўна, сярод лепшых спектакляў двух фестываляў давядзецца назваць ледзь не ўсе беларускія. Акрамя згаданых (“Чаму старэюць людзі?”, “Халстамер”, “Фаўст. Сны”), гэта “Ладдзя роспачы” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Самазванец” Брэсцкага тэатра лялек (абодва — у пастаноўцы А.Ляляўскага), “Гамлет” Магілёўскага абласнога тэатра лялек з рэжысурай Ігара Казакова і адметным выкананнем цэнтральнай ролі Юрыем Дзіваковым, нават дзіцячая, быццам бы цалкам забаўляльная пастаноўка “Шматочкі па закуточках” Аляксандра Янушкевіча ў Мінскім абласным тэатры “Батлейка” ў Маладзечне.

Звужэнне з пашырэннем

Ужо адно такі ўнушальны спіс наводзіць на думку, што ўсяго два міжнародныя фестывальныя праекты тэатраў лялек на ўсю Беларусь — зусім не “занадта”, а можа, і малавата. Тым больш, што кожнае з гэтых святаў заняло сваю культурную нішу, атрымала сваё аблічча, склала ды працягвае назапашваць і надалей свае традыцыі.

У Мінску адной з такіх “разыначак” сталася “сцяна роспісаў”. У фае змясцілі невялічкую сцэну, заднік якой быў прызначаны для таго, каб кожны жадаючы, макнуў,шы пэндзаль у фарбы (усе гэтыя “інгрэдыенты” арганізатары прадугледзець не забыліся), мог пакінуць свой аўтограф, малюнак, водгук. Пасля кожнага са спектакляў там выстройвалася цэлая чарга, асабліва запальваліся дзеці і моладзь, але ж і бацькі не адставалі.

У Гродне сапраўдным фестывальным брэндам сталіся жартоўныя “прэамбулы” гурта “Дзеўкі гарадзенскія” ў жанры сучасных тэатралізаваных прыпевак, што сачыняюцца-імправізуюцца маладымі артысткамі да ўсіх фестывальных падзей і ўласна да кожнага са спектакляў. Невыпадкова штораз узнікала думка аддаць ім галоўны прыз! А ўжо пра любоў гледачоў і казаць не трэба: некаторыя з іх адкрытым тэкстам прызнаваліся, што ішлі на незнаёмы ім спектакль, каб найперш на “Дзевак...” падзівіцца.

Яшчэ адной гродзенскай адметнасцю можна лічыць спантаннасць, калі ўжо ў працэсе фестывальнага разгорту дадаюцца многія рэчы, незапланаваныя раней. Такое фантанаванне ідэй, з аднаго боку, сведчыць пра крэатыўнасць арганізатараў, з іншага ж — патрабуе яшчэ больш пільнай увагі да “разрульвання” падзей у часе і тых “маленечкіх дробязей”, якія яшчэ больш спрыялі б утульнай гасцявой атмасферы. Нават такія дэталі: калі ў тэатры няма буфета, а дамовіцца з рэстаранам, каб час харчавання не супадаў са спектаклямі, немагчыма, дык трэба прадугледжваць хаця б чайнік, шклянкі-кубкі, каву-чай-цукар-печыва. А калі ў зале рэзервуюцца месцы для дарослага і дзіцячага журы, дык да іх можна дадаць і пяць месцаў для крытыкаў. Дробязь, але ж як будзе прыемна!

Абодва фестывалі развіваюцца, не стоячы на месцы. Наспеў час вызначыцца са статусам гродзенскай імпрэзы: па сутнасці, ужо на сёння гэта самы сапраўдны міжнародны фестываль з конкурсным складнікам. Бо такія праекты спрыяюць развіццю нацыянальнага мастацтва, пазіцыянуюць Беларусь як краіну высокага ўзроўню культуры, папулярызуюць у свеце не толькі нашы тэатральныя здабыткі, але і ўсю нашу Бацькаўшчыну.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"