Яго Муза з... цукерні

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Учора, 23 мая, споўнілася 70 гадоў з таго часу, як на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага мастацкага тэатра імя Янкі Купалы ідзе п’еса “Паўлінка” — своеасаблівая візітоўка славутага калектыву.

/i/content/pi/cult/477/10156/8-1.jpg

Выканаўцы ролі Паўлінкі розных пакаленняў: Ала Доўгая...

/i/content/pi/cult/477/10156/8-2.jpg

...і Кацярына Алейнікава. / Фота Юрыя ІВАНОВА

З нагоды юбілею ў тэатры адбылася вечарына, на якой прысутнічалі, у тым ліку і тыя купалаўцы, што бралі ўдзел у спектаклі цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Сярод іх — Генадзь Гарбук, Віктар Манаеў, а таксама Ала Доўгая — старэйшая цяпер Паўлінка трупы. Менавіта яна выконвала галоўную ролю ў галоўным спектаклі тэатра цягам 18 гадоў: з 1965-га па 1983-ці. А ў Мінск Ала Доўгая трапіла з Віцебска: на пачатку 1960-х яна брала ўдзел у конкурсе Паўлінак — і перамагла!.. Дарэчы, 20 мая знакамітая актрыса святкавала свой дзень нараджэння. Так што, можна сказаць, пад час тэатральнай вечарыны адзначаліся адразу два юбілеі, а імянінніцу купалаўцы і госці мерапрыемства віталі кветкамі, усмешкамі ды апладысментамі. Як прызналася артыстка, п’еса Купалы ёй падабаецца тым, што сцвярджае перамогу кахання. А каханне, упэўнена Ала Доўгая, заўсёды павінна трыумфаваць у жыцці…

Выступленні гасцей чаргаваліся з дакументальнымі фільмамі, архіўнымі відэа і аўдыязапісамі “Паўлінкі”. Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка распавёў некалькі цікавых эпізодаў з жыцця Паўліны Мядзёлка — першай выканаўцы гэтай ролі, а таксама — і аб прызнанні ў каханні беларускага Песняра да сваёй Музы, якое адбылося ў адной з цукерняў Вільні. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч распавяла пра гісторыю стварэння неўміручай п’есы. Камедыя, як вядома, нарадзілася з аднаго з купалаўскіх апавяданняў “А вербы шумелі”, была напісана ў Акопах, а ўпершыню пастаўлена ў той самай Вільні. А 23 мая 1944 года спектакль-сімвал тэатра імя Янкі Купалы ўпершыню быў пастаўлены ў гады Вялікай Айчыннай у Томску, дзе трупа знаходзіліся пад час эвакуацыі з Беларусі...

А завяршылася святочная імпрэза незвычайна: усе запрошаныя бадзёра падпявалі цяперашняй Паўлінцы — Кацярыне Алейнікавай, якая выканала некалькі песень са знакамітага спектакля.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"