Пра самае каштоўнае

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

“Жылі-былі дзед і баба…” Пасля такога зачыну ў любой народнай казцы распавядаецца, як старыя гаруюць, хварэюць ды чакаюць дапамогі ад дзяцей-унукаў. На думку пісьменніка і мастака Сяргея Давідовіча-Зосіна, фальклорным персанажам даўно пара змяніць імідж. Таму на персанальнай выстаўцы ў офісе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “2008. Год здароўя” дзядулі і бабулі Давідовіча заняліся спортам.

 /i/content/pi/cult/147/1015/Kashtounaje.jpg

Намеснік міністра культуры В.Кураш, міністр інфармацыі У.Русакевіч і мастак С.Давідовіч-Зосін.

На дваццаці палотнах забаўныя дзядкі кідаюць замест молата мяхі, гуляюць у тэніс, выкарыстоўваючы замест сеткі звычайны плот, фехтуюць на галінах дрэў ды вытанцоўваюць на лёдзе возера не горш за ўдзельнікаў тэлевізійнага шоу “Ледніковы перыяд”.
— Я не бачыў ніводнага чалавека, які б не выйшаў адсюль з узнятым настроем. Да такіх вобразаў я прыйшоў невыпадкова. Я сам з Лагойшчыны, таму дакладна ведаю, што вясковыя людзі, якія дажылі да сталага веку, захавалі сваю душу, свой аптымізм,— расказаў Сяргей Фёдаравіч. — Пасля прагляду выстаўкі не абавязкова садзіцца на веласіпед або станавіцца на лыжы. Хай кожны хоць задумаецца пра самае каштоўнае — здароўе. А здароўе кожнага чалавека паасобку— гэта, у цэлым, здароўе нашай сям’і, нашай працы, нашай эканомікі, нашай дзяржавы.
Міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч адзначыў, што ў галіне працуе шмат таленавітых людзей — фотамастакоў, фотажурналістаў, мастакоў-афарміцеляў кніг, таму добра было б, каб гэтая экспазіцыя стала першым каменчыкам у падмурак новай традыцыі: міністэрства пачне арганізоўваць выстаўкі, конкурсы, адзначаць лепшых. А наведвальнікі ўстановы змогуць любавацца тым, што зроблена таленавітымі суайчыннікамі.
Напрыканцы цырымоніі адкрыцця выстаўкі першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч аб’явіла, што выдаўцы і распаўсюджвальнікі друку разам з Сяргеем Давідовічам пад патранажам Міністэрства інфармацыі да выстаўкі “Тыдзень моды на здароўе” выпускаюць камплект паштовак, каб больш шырокае кола людзей пазнаёмілася з мастацтвам віноўніка сённяшняй урачыстасці.
— Мы спадзяёмся, што і гэтыя паштоўкі, і гэтая выстаўка, і іншыя нашы тэматычныя акцыі ўсе дванаццаць месяцаў будуць суправаджаць Год здароўя, аб’яўлены Прэзідэнтам краіны, — падкрэсліла Лілія Станіславаўна.

Настасся ПАНКРАТАВА