Ю.Гаўрын. “На Іслачы”. |
Выхаванец ММВ і БДТМІ, вучань Леаніда Шчамялёва і Гаўрылы Вашчанкі, Юрый Васільевіч увайшоў у вялікае мастацтва перш за ўсё як таленавіты мастак-манументаліст, аўтар вітражоў, роспісаў, сграфіта ў розных дзяржаўных і грамадскіх будынках Мінска, Віцебска, Пінска. А паралельна з манументальнымі аб’ектамі ішла работа ў станковым жывапісе. Яго карціны “Стары батлейшчык”, “Месячная сцяжынка”, “Песня аб Нёмане”, “У палёце”, “Памяці М.Багдановіча” з поспехам экспанаваліся на розных выстаўках.
Сваю юбілейную выстаўку, святочны вернісаж якой адбыўся 22 студзеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Гаўрын назваў проста — “Тэмпера”. Тэхніка тэмперы (ад італьянскага “tempera” — “змешваць фарбы”) — жывапіс фарбамі, у якіх сувязнымі рэчывамі з’яўляюцца натуральныя (яйка, сокі раслін), або штучныя (водны раствор клею з алеем або алейным лакам).
Праўда, у экспазіцыі (усяго прадстаўлена больш за 30 твораў) ёсць і карціны, якія напісаны алеем. Мастацкі свет Ю.Гаўрына — гэта калейдаскоп, у якім спалучаецца спектр самых розных колераў і адценняў, самых адмысловых абрысаў і жанраў — ад глыбока паэтычных матываў цудоўнай прыроды Беларусі да фігуратыўных кампазіцый на міфалагічныя тэмы (“Бітва анёлаў”, “Малітва”, “Анёлы-ахоўнікі”), ад цыкла “залаціста-вохрыстых” ню да “ўспамінаў” пра егіпецкія піраміды...
Але мне асабліва блізкія яго пейзажы, нібы жывыя істоты, — частка адзінага светаўспрымання мастака, яго погляду на навакольны свет і ўглыб сябе...
“И если кого впущу я в душу, то сначала поярче ее освещу...” — нібы гаворыць Юрый словамі паэта. Чыстымі, светлымі думкамі жыве мастак, заняты пошукамі свайгозямнога раю, сваёй краіны белых туманаў, месячных сцяжынак, зімніх садоў, блакітных азёр — краіны шчаслівай, цудоўнай, што прываблівае шчодрасцю жывых імпрэсіяністычных фарбаў, ліній, гармоній.
Завітайце ў музей, паглядзіце жывапіс Юрыя Гаўрына — і душа ваша напоўніцца чыстым святлом і чалавечай цеплынёй.
Барыс КРЭПАК