25 гадоў таму…

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Доўжыцца Рэспубліканская выстаўка-конкурс дзіцячага малюнка, прысвечаная 25-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел у ёй бяруць выхаванцы мастацкіх школ і школ з мастацкім ухілам амаль з усіх абласцей краіны.

/i/content/pi/cult/476/10132/11-116.jpg

Творы прадстаўлены ў шасці намінацыях: “Партрэт героя”, “Баявы эпізод”, “Мірны сюжэт”, “Вольная тэма”, “Плакат”, “Фотаработа”. Сярод тых, чые творы адзначаны журы конкурсу, — юныя мастакі з Мінска, Магілёва, Оршы, Клімавічаў, Крычава, Камянца, Барысава.

Хоць у выстаўкі ёсць спонсары, адбылася яна, па сутнасці, дзякуючы ініцыятыве рупліўцаў, заклапочаных тым, што нядаўняя гісторыя забываецца або некарэктна трактуецца, што моладзь мае цьмянае ўяўленне пра падзеі блізкай мінуўшчыны. Экспазіцыя разгорнута ў памяшканні Музея ДОСААФ. Паказ з’яўляецца і своеасаблівым даследаваннем па тэме ”Што дзеці Беларусі ведаюць пра Афганскую вайну?”. Юныя мастакі акцэнтуюць увагу на высакародных якасцях воіна. “Афганцы” на малюнках — спадкаемцы славы абаронцаў Радзімы ў Вялікай Айчыннай.

Ацэньваць дзіцячыя малюнкі з прафесійнага гледзішча не заўжды карэктна, але адзначу: заняткі выяўленчым мастацтвам прыносяць плён, і ў работах некаторых юных мастакоў адчуваецца патэнцыял.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"