У Беларусі бываем (ня)часта…

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Дык няўжо так “добра там, дзе нас няма”? Даследаванне "К" / Частка ІІ
Мы працягваем знаёміць вас з работамі беларускіх артыстаў, якія сёння рэалізуюцца не на радзіме. “Убачыць Францыю — і заваяваць яе”, “Масква паверыла Шадзько” — такія падзагалоўкі можна было б смела даць двум наступным аповедам.

Францужанка Арт: “Cпачатку заваяваць Еўропу?..”

— Пасля прарыву ў сярэдзіне 1990-х у Маскву праекта “Дзі-Бронкс і Наталі”, у якім мне была адведзена роля голасу і своеасаблівага “энергетычнага магніта”, адбылася непрыемная сітуацыя, — пачынае здалёк Наталі Арт (Наталля Арцёмава). — Дуэт раскручваўся некалькі гадоў і атрымаў папулярнасць са мной, а пасля падпісання кантракту з маскоўскім аддзяленнем вядомага лэйбла і выхадам кліпа “Энергія кахання”, паміж мной і Дзі-Бронксам здарыўся канфлікт, у выніку якога, калі казаць сцісла, я аказалася па-за дуэтам: у расійскай сталіцы і на розных пляцоўках суседняй краіны сталі выступаць іншыя “Наталі”...

Наталі спатрэбіўся не адзін год, каб аднавіць творчую дзейнасць сольна, зрэшты, за спявачкай стаяла каманда маладых па тым часе прафесіяналаў, сярод якіх былі Леанід Шырын, Максім Алейнікаў ды іншыя. Артыстку падтрымлівалі і блізкія: яе бацькі, кажа суразмоўца, нават прадалі кватэру, каб фінансаваць сольны праект дачкі. Да 2000-га ёй удалося пакрысе трапіць у абойму запатрабаваных музыкантаў. Здавалася, усё ішло выдатна...

— У той час многія беларускія артысты рабілі стаўку на Маскву, — дзеліцца Наталі. — Шанц быў і ў мяне, і я ўжо была гатова ім скарыстацца, калі б не… выпадак. “Славянскі базар-2001”: мы з Шырыным удзельнічаем у запісе дыскатэкі, у гэтай жа праграме заяўлены “Дзі-Бронкс і Наталі”, замест мяне — Наталля Кудрына... І вось перадача выходзіць у тэлеэфір: там ёсць дуэт, але няма мяне... А незадоўга да фестывалю я атрымала прапанову ад замежнага менеджара з’ехаць у Францыю. Напрыканцы 2001-га прайшла кастынг і атрымала кантракт на пасаду салісткі аркестра кабарэ “Распуцін” на Елісейскіх палях. З таго часу я і засталася ў гэтай краіне, жыву за дзесяць кіламетраў ад Парыжа, працую фрыланс-салістам музычных шоу-праграм у Францыі, а, здараецца, і ў іншых краінах Еўропы. Маю невялікую вакальную школу. Але заробак спявачкі ў кабарэ, як бы гэта ні магло падацца дзіўным, быў невялікi, і яго не хапала на арэнду асобнай кватэры. Даводзілася здымаць невялікія студыі з напарніцамi. Пры гэтым я аплачвала сваё навучанне ва ўніверсітэце Сарбоны, дзе праходзіла курс французскай цывілізацыі, мовы і фанетыкі. Акрамя працы ў кабарэ, давала ўрокі фартэпіяна і вакалу, прымала прапановы быць суправаджальнай у міжнародных экспацэнтрах...

Калі тэрмін кантракту мінуў, Наталі вырашыла прадоўжыць кар’еру ў якасці незалежнага артыста. На пачатку 2002-га яна ўдзельнічае ў конкурсе на месца другога сапрана ў харавой трупе “Оперы Бастыліі” ў Парыжы. 200 прэтэндэнтак на два месцы — у паўфінал трапілі шэсць вакалістак, у іх ліку была і наша Наталі. Пасля адбору яе залічылі ў запасны ліст хору, але оперным мастацтвам яна далей займацца не хоча.

— Праца ў якасці салісткі ў тэматычных шоу-пастаноўках, мюзік-хол-спектаклях, а таксама туры ў складзе эстрадных аркестраў з’яўляецца асновай маёй канцэртнай дзейнасці ў Францыі, — кажа візаві пра сваё сённяшняе жыццё. — У мяне некалькі агентаў, я люблю ствараць сумесныя трэкі з ды-джэямі і прадзюсарамі электроннай музыкі. На англійскай ды французскай мовах у мяне выйшла ўжо некалькі такіх сінглаў. Маю шэраг студыйных альбомаў, сярод якіх — дыск кавераў, прысвечаны рускай эстраднай песеннай класіцы. Пражыўшы за мяжой дастаткова часу, я зразумела, што чалавек не можа скінуць з сябе прыналежнасць да этнічнай групы. І сваёй культурай трэба ганарыцца, тым больш, што славянская музычная культура і, у прыватнасці, руская заслужылі вялікую павагу ды аўтарытэт на Захадзе. Беларуская культура і музыка як самастойная адзінка вядомыя менш, з’яўляючыся ў разуменні еўрапейцаў часткай шматнацыянальнай культуры экс-СССР. Мяркую, нам трэба будзе вельмі шмат працаваць у кірунку папулярызацыі беларускай музыкі ў Еўропе. Урэшце, на Беларусі ёсць выдатныя прафесіяналы, але мне здаецца, што некаторым артыстам бракуе аб’ектыўнасці ў самаацэнцы. Вельмі часта за піярам хаваецца творчая пустата, пасрэдны рэпертуар, адсутнасць імкнення да росту. Дый зрабіць сапраўдную кар’еру ў Беларусі, лічу, немагчыма: гэта невялікая, па геаграфічных мерках, краіна, музычны рынак якой недастаткова развіты. Аднак сітуацыя ўсё ж змяняецца ў лепшы бок...

На радзіму Наталі Арт наведваецца рэдка. Ці шкадуе яна пра ад’езд?

— Адназначна адказаць цяжка, — задумваецца артыстка. — Я не шкадую пра той выбар, які калісьці зрабіла, бо прыклала істотныя намаганні і гады для таго, каб змяніць усё жыццё. Я люблю Францыю, гэта мой дом, што не перашкаджае адчуваць прыналежнасць да Беларусі, настальгіраваць па ёй. Мне часта прапануюць выконваць свае творы беларускія аўтары. Хутка я скончу працу над цыклам рускамоўных песень, які запісала спецыяльна для беларускага слухача. Мару прыехаць з канцэртамі ў Мінск. Цяжка ўявіць, як склаўся б мой лёс, каб я не адправілася ў Парыж. А можа, для таго, каб заваяваць Беларусь, трэба спачатку заваяваць Еўропу?..

Незалежны Шадзько: “Любая магчымасць, каб выступіць у Мінску”

— У Маскве жыву з 2009 года, — распавядае Аляксей ШАДЗЬКО, — а перадгісторыя майго ад’езду наступная. Так ужо здарылася, што я атрымаў траўму нагі і цягам года быў у гіпсе. Не хацелася б скардзіцца, мастацтва — рэч жорсткая, але за гэты тэрмін з тэатра, дзе я на той час служыў, асабліва не цікавіліся, як і што адбываецца са мной, хоць я, мяркую, з’яўляўся не апошнім яго акцёрам: ролі мае аддалі іншым. І чалавек я па натуры незалежны… Нават у Маскве: незалежных і хоць неяк адзначаных талентам у нашай прафесіі не вельмі любяць. А тут мая жонка атрымала адтуль прапанову па працы. І мы пераехалі...

У Маскве Аляксей спрабаваў уладкавацца ў некалькі тэатраў. У многіх, па словах Шадзько, яго “далей за вахцёра не пусцілі — па розных прычынах”. А ў Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры імя Горкага — выслухалі. (Як напаўжартам-напаўсур’ёз кажа артыст, на самой справе, ён шукаў тэатр, які знаходзіўся б максімальна блізка ад дому, і такі знайшоўся...) Паступленне ў трупу заняло пятнаццаць хвілін: настолькі ён падаўся пераканаўчым і мастацкаму кіраўніку Таццяне Даронінай, і мастацкаму савету. “Патрэбны чалавек апынуўся ў патрэбны момант у патрэбным месцы”, — каментуе Аляксей. Першы час ён, што называецца, затыкаў дзіркі: уводзіўся на ролю акцёраў, якія сыходзілі на ролі іншыя. Даводзілася літаральна за пару дзён вывучваць велізарныя кавалкі тэксту! Сёння Шадзько, які працуе ўжо пяты сезон па кантракце (“вылецець” магу ў любую секунду, калі, скажам, кардынальна зменіцца абстаноўка”), заняты ў паўтара дзясятку спектакляў. Акцёрскі склад ён ацэньвае высока, радуе яго і ўвага публікі, а ММАТ называе адным з самых наведвальных маскоўскіх тэатраў.

— Мякка кажучы, — працягвае Аляксей, — горш ідуць справы з музыкай. Выступаю рэдка, у асноўным, у адным клубе — ва ўстанове, не занадта прызначанай для таго рэпертуару, што я выконваю. Мясцовых інструменталістаў, якія суправаджалі б мяне, знайсці пакуль не ўдалося. Збоку зірнеш — быццам бы салідны, упэўнены ў сабе мужык, а пазнаёмішся бліжэй — і музыкант слабы, і чалавек так сабе... Таму выкарыстоўваю любую магчымасць выступіць у Мінску са сваімі сябрамі...

Шадзько прызнаецца, што часта шкадуе аб сваім ад’ездзе і хацеў бы вярнуцца, аднак... “Каму я ў Мінску, акрамя мамы, патрэбен?.." Узровень сталічных тэатраў візаві не надта задавальняе. "Цікава было б паспрабаваць сябе ў маладзечанскім Мінскім абласным драматычным тэатры. Але ў Маскве мой заробак ці не ў дзесяць разоў большы...”

Рэзюмэ да часткі ІІ

Гэтым матэрыялам мы закрываем тэму “невозвращенцев”, героямі якой былі тыя нашы артысты, што змянілі краіну свайго пражывання і цяпер рэалізуюць сябе ў музыцы ці па-за ёй за межамі Беларусі. На чарзе — аповеды пра айчынных выканаўцаў, якія, пакаштаваўшы імпартных “хлеба і відовішчаў”, вярнуліся на радзіму. Сачыце за публікацыямі “К”!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"