У “карпарацыі фанатаў” намі месца ўжо занята?

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Чэмпіянат і культура заўзятарства: як мы забяспечаны спартыўнай атрыбутыкай?
Спартыўнае балельшчыцтва мае сваю традыцыю, этыку, культуру. І як працэс мусіць быць арганізавана. Вось, скажам, сёння ў Беларусі масавая вытворчасць ды продаж спартыўнай атрыбутыкі, а таксама імпарт апошняй — справа звычайная і, мяркуючы па колькасці рэкламы ў Сеціве, досыць прыбытковая. Прынамсі, да такой высновы прыходзіш, праглядаючы спіс прапаноў. З нагоды блізкага ўжо Чэмпіянату свету па хакеі мы даследавалі, што ж са спартыўнай атрыбутыкі сёння даступна беларускім балельшчыкам. Засмучаць можа хіба тая акалічнасць, што замежныя спартыўныя брэнды ў нашай краіне больш папулярныя, чым айчынныя...

Куды падацца беларускаму балельшчыку?

У краме спартыўнай атрыбутыкі для балельшчыкаў, што месціцца на Нямізе, можна набыць світары хакейнай зборнай Расіі, а таксама бейсболкі, шапкі, сумкі, сувенірныя падушкі ды посуд. Ёсць у продажы і аналагічная прадукцыя з Іспаніі, Італіі, Германіі, Аргенціны, Бразіліі… Можна купіць афіцыйную форму нацыянальных зборных па футболе, а таксама форму ці элементы формы славутых клубаў “Арсенала”, “Чэлсі”, “Барселоны”, “Сэлціка”, “Мілана”… Плюс вялікі асартымент спартыўнага інвентару і экіпіроўкі. А яшчэ сувеніры, аксесуары ды побытавыя прылады. Усё — з эмблемамі грандаў сусветнага футбола.

Тое, што ў згаданай краме практычна няма беларускага раздзела, не з’яўляецца падставай для абвінавачвання прадпрымальнікаў у адсутнасці патрыятызму. Прадаюць тое, што купляецца. Купляюць тое, што падабаецца. Вось толькі куды ў такім выпадку падацца фанату беларускага хакея або якой іншай нацыянальнай спартыўнай “дзялянкі”? Сцягі і вымпелы, выкананыя метадам друку на сінтэтычнай аснове, прапаноўвае структурнае падраздзяленне Беларускага Дома друку з назвай “Свет сімволікі”. Іншае ж, прыватнае, прадпрыемства прадасць вам світары беларускай нацыянальнай зборнай па хакеі, сцягі, сувеніры, у тым ліку са спартыўнай сімволікай. А можна і замовіць выраб сувеніраў ці формы адпаведна ўласнаму густу.

Рынак, трэба адзначыць, аператыўна рэагуе на змены кан’юнктуры. Калі барысаўскі “БАТЭ” стаў найпапулярнейшым клубам краіны — лічы, нацыянальным брэндам, — тут жа ў продажы з’явілася “пірацкая” прадукцыя з ягонай сімволікай, і толькі потым — фірменная “БАТЭшная” крама ў Барысаве, дзе гандлююць ліцэнзійнымі таварамі. Мяркую, гэты выпадак не ўнікальны. На маё ж пытанне, звернутае да асоб, адказных за маркетынг “БАТЭ”, наконт таго, ці ўвесь датычны клуба тавар для балельшчыкаў сёння ліцэнзаваны, я пачуў адказ: дакладных звестак няма. Маўляў, робім сваю справу, “пірацкім” сегментам рынку не цікавімся.

Клуб — "упакаваны”

З майго гледзішча не фаната падаецца, што сёння самы “ўпакаваны” спартыўны клуб Беларусі (прынамсі, у хакеі) — мінскае “Дынама”, або “зубры”, як хакеістаў называюць неафіцыйна. Клуб мае сваю інтэрнэт-краму, дзе можна набыць “дынамаўскую” атрыбутыку і сувенірную прадукцыю. Начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы клуба “Дынама-Мінск” Лідзія Сямёнава паведаміла нам, што клуб мае і дзве звычайныя крамы, плануецца адкрыццё трэцяй. Некалькі гадоў таму былі сігналы, што ў продажы з’явілася невысокай якасці “пірацкая” прадукцыя з сімволікай клуба — нейкая драбяза, накшталт магніцікаў. Спадарыня Лідзія трактуе гэты факт як аператыўную рэакцыю рынку на з’яўленне новага брэнда. Зараз попыт балельшчыкаў клуба цалкам задавальняецца ліцэнзійнай прадукцыяй, прычым асартымент яе ўвесь час пашыраецца з улікам запатрабаванняў узроставых і гендарных груп. Скажам, нядаўна імгненна разышлася калекцыя адзення для дзяцей ясельнага ўзросту. Беручы да ўвагі тую акалічнасць, што на матчы “Дынама” ходяць сем’ямі і што 30 працэнтаў фанатаў клуба — жанчыны, у крамах клуба “Дынама” ёсць выбар адзення і для іх. І яшчэ: паколькі “Дынама” — адзіны прадстаўнік Беларусі ў КХЛ, у слоганы, распрацаваныя для клуба, укладзены патрыятычны змест. Зрэшты, і сама эмблема “Дынама” — зубр — акурат такога кшталту сімвал...

Можна канстатаваць, што маштаб рэкламнай прасторы пэўнага клуба ці зборнай залежыць ад статуса каманды, ад яе папулярнасці. Калі матчы з удзелам каманды збіраюць “Мінск-Арэну”, дык у яе балельшчыкаў будзе багаты выбар якасных экіпіроўкі, сувеніраў і побытавых рэчаў з яе лагатыпам. Бо, нагадаю, грошы ўкладаюцца ў брэнд.

Для сябе — калі ласка...

У нашым баскетболе клуб “Цмокі-Мінск” займае, відаць, такое ж месца, як “БАТЭ” ў футболе, а сталічнае “Дынама” — у хакеі. Ягоны маркетынгавы досвед згадвалі ў “К” № 8 за 2014 г. Сёння сваімі развагамі дзеліцца дырэктар Цэнтра эканамічнага развіцця і спартыўнага маркетынгу каманды Аляксандр Куль:

— На хвалі ўздыму цікавасці да каманды людзі больш набываюць спартыўныя атрыбуты, адмысловую экіпіроўку балельшчыка, сувеніры, рэчы з клубнай сімволікай. Але клуб не можа прадастаўляць балельшчыкам адпаведную экіпіроўку бясплатна. Толькі ў асаблівых выпадках: у якасці прызоў ці знакаў заахвочвання. А задарма раздаваць можам хіба што папяровыя флажкі. Аднак не хацелася б і нашых фанатаў уводзіць у страты, таму імкнёмся дасягнуць балансу цаны і якасці. У любым выпадку, шмат на гэтым не заробіш. Мы закупляем прадукцыю ў вытворцаў і, выстаўляючы яе на продаж, дадаём тысячу-дзве нацэнкі да сабекошту. Гэта — праца на імідж. Ці не скарыстоўваюць нашу сімволіку “піраты”? З такой праблемай сутыкацца не даводзілася. Справа ў тым, што лагатып зарэгістраваны як гандлёвы знак, а значыць, яго несанкцыянаванае выкарыстанне, паводле закону, падлягае пераследу. Былі выпадкі, калі балельшчыкі прасілі дазволу нанесці лагатып на майкі. У такіх выпадках кажам: “Калі для сябе — калі ласка. Калі для продажу — не”.

Як правільна “хварэць” за Беларусь

Сёлета адбітак спартыўнай брэндавасці асвятляе ўсю нашу краіну. Зусім мала часу засталося да адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі. І надзённым падаецца пытанне, ці належным чынам арганізаваны працэс “хварэння” беларусаў за сваю каманду. Рэплік світараў зборнай, шалікаў колераў Дзяржаўнага сцяга і з надпісам “Беларусь” хопіць усім ахвотным. Гэта, так бы мовіць, традыцыйны набор балельшчыка.

На маю думку, асартымент можна было б разнастаіць. Скажам, тыя ж світары. Яны не адразу набылі сённяшні дызайн. Чаму б не выставіць на продаж лінейку ўзораў хакейных світараў ад першых дзён Незалежнасці да сёлетняга Чэмпіянату свету? Дзе ў продажы фарфоравыя, драўляныя, пластмасавыя, плюшавыя выявы зубраняці Волата — сімвала-талісману Чэмпіянату? Волат адпрацуе сваё на спартыўным фэсце, а потым што? Няўжо такі сімвал застанецца ў гісторыі знакам адной, няхай і важнай, спартыўнай падзеі?

Ці здолеем скарыстаць Чэмпіянат для пашырэння ў свеце ведаў пра Беларусь? Хакейныя фанаты — гэта супольнасць са сваім карпаратыўным духам і адмысловым менталітэтам. Але пад час Чэмпіянату мэжы гэтай не для ўсіх адкрытай карпарацыі фактычна супадуць з дзяржаўнымі межамі Беларусі.

Падсумаванне ад...

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч зрабіў падсумаванне па тэме:

— Кіраўніцтва федэрацый ды спартыўных клубаў рупіцца найперш пра сваіх падапечных, і толькі потым — пра балельшчыкаў ды ўвогуле культуру “хварэння”. Да таго ж, экіпіроўка, якую дзяржава набывае для членаў зборнай, каштуе нямала. Скажам, у розныя часы вытворцамі формы для зборнай па футболе былі “Пума” і “Адыдас”. Не кожны балельшчык на яе раскашэліцца. А замаўляць нешта за мяжой, не ведаючы, ці будзе яно мець спажывецкі попыт, не пажадана. Форму ж для нашай зборнай на Гульнях у Сочы рабіла літоўская фірма. І кожны ахвотны мог набыць яе ў краме, якая знаходзіцца ў памяшканні Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Што да Чэмпіянату свету па хакеі, дык тут дзейнічаюць правілы. У прывілеяваным стане той, хто выйграў тэндар. Так што нашым вытворцам на Чэмпіянаце адведзена небагатая дзялянка — усё, што пазначана сімволікай Чэмпіянату, будуць рабіць замежнікі. Сярод беларускіх клубных каманд праца з балельшчыкамі найлепшым чынам пастаўлена, як мне падаецца, у хакейным клубе “Дынама-Мінск”. На матчах з удзелам гэтага клуба ладзіцца вялікі продаж “дынамаўскай” сімволікі, формы. А калі чалавек прыйшоў “хварэць” за каманду, дык такі шопінг для яго — частка свята. Дый для хакеістаў балельшчыкі ў “дынамаўскіх” світарах, з “дынамаўскімі” шалікамі — маральная падтрымка.

Хакей у нас — адзін з прыярытэтных відаў спорту. Таму і матэрыяльныя магчымасці брэндынгу, іміджа ў хакеістаў адпаведныя, дый збіраюць яны па 10-15 тысяч гледачоў.

Калі на стадыёне “Дынама” праходзілі міжнародныя матчы з удзелам “БАТЭ”, дык перад уваходам на трыбуны разгортваўся гандаль самымі разнастайнымі таварамі, адпаведнымі характару падзеі ды патрэбам балельшчыкаў. Хачу адзначыць, што яго разгарнулі прадпрымальнікі. І яны ведалі, якія рэчы, якія атрыбуты спатрэбяцца балельшчыкам менавіта ў гэты дзень, менавіта на гэтым матчы. Вось сапраўдны маркетынг!

Вы пытаецеся, ці будзе на Чэмпіянаце свету сярод беларускіх балельшчыкаў попыт на лінейку світараў нашай зборнай, у прыватнасці, на тыя, у якіх каманда гуляла легендарны матч са шведамі? Гэта залежыць ад таго, наколькі паспяховым акажацца выступленне беларускай зборнай на Чэмпіянаце. Для прыкладу згадаю, што калі ў Мінск прыязджалі мэтры сусветнага футбола, дык многія нашы аматары гэтага віду спорту апраналі майкі “Барселоны”, “Мілана”, “Рэала”. Я ведаю, што ў Беларусі шмат заўзятараў брытанскага футбола. Псіхалагічна тое цалкам абгрунтавана: людзі цягнуцца да мегазорак… Вось і вытворцы спартыўнай атрыбутыкі, хутчэй, будуць шыць світары па ўзоры каманд фаварытаў — Расіі, Канады, Швецыі, — спадзеючыся, што іх прыдбаюць найперш.

І ў працяг тэмы… Да Гульняў у Сочы НАК падрыхтаваў матэрыялы пра нашу краіну, пра беларускі спорт, пра алімпійцаў, што захоўваліся ў рэзідэнцыі дэлегацыі, не выклікаючы цікавасці ў гасцей. А пасля таго, як Даша ды іншыя беларускія алімпійцы пачалі браць медалі, усю гэтую прадукцыю імгненна размялі! Дык вось, калі нашы хакеісты здолеюць “парваць” імянітых сапернікаў ці, як мінімум, здзівіць публіку, беларуская атрыбутыка будзе мець поспех у аматараў хакея...

“Хварэе” за БАТЭ, а майка — “Мілана”

Ёсць людзі, якія не шануюць заўзятараў як з’яву. Разважаюць яны прыблізна так: любіш спорт — займайся спортам, а не марнуй час з бутэлькай піва ля тэлевізара, калі транслюецца матч з удзелам тваёй любімай каманды. Аднак калі кіравацца такой логікай, дык атрымаецца: любіш балет — сам стань на пуанты... Кепска, калі вакол — спажыўцы, а няма вытворцаў, але і вытворчасць без спажыўцоў страчвае сэнс. Відовішча ж ва ўсе часы — прадукт запатрабаваны. Прычым цікава не проста назіраць за тым, што адбываецца на сцэне ці стадыёне, але і суперажываць.

І яшчэ. Неяк у Паставах пад час фестывалю народнага мастацтва ў святочным натоўпе ўбачыў хлопчыка ў футболцы з выявай сцяга ФРГ і надпісам “Deutschland”. Выпадковы, думаецца, носьбіт замежнай сімволікі трымаўся за руку маці. Падумалася: чаму нават на сваім свяце беларус упрыгожвае сябе чужымі сімваламі? А ў побыце — тым больш. Курткі і майкі з сімволікай замежных спартыўных клубаў, бірулькі і запальнічкі з эмблемамі замежных аўтаканцэрнаў, посуд з рэкламнымі слоганамі не нашых прадпрыемстваў… Даходзіць да кур’ёзаў. Футбольны фанат хварэе за “БАТЭ”, але носіць майку ягонага саперніка — “Мілана”...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"