Пейзажы і "Дыханне..."

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Вернісаж “Дыханне зямлі” мастака Вячаслава Ігнаценкі стаў праявай дыпламатыі выяўленчага мастацтва беларускай дыяспары Малдовы. Выстаўка твораў нашага земляка адкрылася ў самым цэнтры Кішынёва — у будынку Пасольства Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Малдова.

/i/content/pi/cult/475/10111/10-8.jpg

Пад час вернісажу ў Кішынёве.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова Маціяс Сілагі з’яўляецца сапраўдным экспертам у галіне выяўленчага мастацтва, арганізатарам шматлікіх мастацкіх выставак і творчых сустрэч сярод дыпламатычнага корпуса Рэспублікі Малдова і творчай эліты краіны. Першае асабістае знаёмства спадара Сілагі з творчасцю мастака Вячаслава Ігнаценкі адбылося на выстаўцы “Дарога”, што праходзіла летась у Бюро міжэтнічных адносін. Захапленне ад работ майстра і шчырае жаданне бліжэй пазнаёміць іншых кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Малдовы з творчасцю нашага беларускага земляка і знайшло сваё адлюстраванне ў нядаўнім вернісажы, дзе сабраліся кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў з Беларусі, Венгрыі, Грузіі, Італіі і ЗША.

Вячаслаў Ігнаценка шчыра прызнаўся, што адбіраць работы для выстаўкі, тым больш у дыпламатычным прадстаўніцтве, заўсёды складана, не зважаючы нават на прафесійны вопыт. Творца таксама падзяліўся сваімі планамі з гэтай нагоды: “Прайшло роўна трыццаць гадоў, як я ўпершыню афіцыйна выставіўся на мастацкай выстаўцы: гэта быў 1984-ы, горад Кішынёў. У лістападзе адкрываю персанальную экспазіцыю ў галерэі Саюза мастакоў Малдовы “Канстанцін Брынкуш”, сёлета ж мне спаўняецца 60 гадоў. Карацей, атрымліваюцца нейкія юбілейныя даты”.

На выстаўцы ж у Пасольстве Венгрыі ў Малдове прадстаўлена больш за 20 пейзажаў ды краявідаў роднай зямлі творцы. Агулам жа “Дыханне зямлі” — 37-я па ліку персанальная выстаўка майстра.

Ганна МАЗУР, культуролаг, кіраўнік Беларускага культурнага руху Рэспублікі Малдова “Кліч”

Фота аўтара