Пра расстаноўку акцэнтаў

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Уладзімір ПАРФЯНОК, фатограф, кіраўнік Галерэі візуальных мастацтваў “Nova”, супрацоўнік Цэнтра сучасных мастацтваў
Днямі ў Цэнтры сучасных мастацтваў адкрыліся тры фотавыстаўкі ў рамках ІІ Мінскага фестывалю фатаграфіі: “Наша агульнае прыватнае” ўкраінскай майстэрні “L K”, “Беражлівае стаўленне да дробных рэчаў” малдоўскіх фатографаў і “Чалавек на дарозе” беларускіх аўтараў Андрэя Дубініна і Андрэя Карачуна. У сацыяльных сетках адбылося абмеркаванне згаданай падзеі, якое сканцэнтравалася пераважна на тэхнічных недахопах адной з выставак. Але мне хацелася б звярнуць увагу на іншае — на змест саміх экспазіцый, які, на жаль, амаль не трапіў у поле ўвагі як карыстальнікаў сацыяльных сетак, так і журналістаў.

/i/content/pi/cult/475/10097/4-5.jpgНапрыклад, мне было вельмі цікава прасачыць, як смела эксперыментуюць з фатаграфіяй удзельнікі ўкраінскай групы “L K”, навучэнцы вядомага фатографа і арт-дзеяча Аляксандра Ляпіна. Як маладыя аўтары выкарыстоўваюць выяўленчыя сродкі фатаграфіі, шукаючы, адпаведна сваім ідэям, найлейпшую форму сваім выказванням. Як яны ператвараюць фота ў адвольны мастацкі інструмент, у медыум, прапаноўваючы новыя межы яго скарыстання. Магчыма, на месцы куратара выстаўкі я размясціў бы праекты аўтараў больш свабодна і не абмяжоўваўся б толькі дзвюма заламі Цэнтра сучасных мастацтваў, бо кожная аўтарская серыя патрабуе больш паветра, прасторы для экспанавання. І ў гэтым, дарэчы, мне бачыцца большы прагал, чым у тэхнічным казусе, калі два творы “саслізнулі” са свайго месца. Ды ўсё ж такі мая думка застаецца толькі маёй, бо экспазіцыйнае рашэнне выбудоўваў куратар выстаўкі Аляксандр Ляпін, і для мяне — не зусім этычна ўмешвацца ў ягоную работу.

Праект малдоўскіх фатографаў мне падаўся даволі “стрыманым”. На мой погляд, тут галоўную ролю адыграла акурат праца куратараў — Агнешкі Райс і Таццяны Фёдаравай, моцна скіраваных на трансляцыю каштоўнасцей дакументальнай і прэс-фатаграфіі. Шчыра кажучы, я не адзначыў бы ў работах малдоўскіх фатографаў выразнай мастацкай сілы, але выстаўка як агульнае выказванне атрымалася. Ёсць дакладнае адчуванне “месэджа”, я разумею, што хацелі мне сказаць аўтары, мне падабаецца сацыяльная скіраванасць серый фатографаў, і, можна сказаць, у дадзеным выпадку да месца паралель фота з ясным тэкстам. І гэта — яшчэ адно вымярэнне фатаграфіі, якое ў нас не вельмі распаўсюджана.

І беларуская частка… Дзіўна, але прытым што амаль кожная з выяў Андрэя Дубініна і Андрэя Карачуна з’яўляецца якаснай работай, творам фотамастацтва, тым не менш, у параўнанні з праектамі малдоўскіх і асабліва ўкраінскіх калег, беларускі выглядае даволі традыцыйна. Амаль кожны асобны здымак запамінаецца, але ў цэлым праект не вельмі ўразіў. Атрымалася гэткая “фатаграфія ў сабе”, “дзеля сябе”.

Кантэкст трох розных выставак — добрая нагода паразважаць над тым, якім чынам аўтары выкарыстоўваюць фатаграфію, што за магчымасці яе цікавяць нас і нашых калег. Пра гэта мне хацелася б пачуць ды прачытаць выказванні, развагі ды меркаванні, паўдзельнічаць у спрэчках, а не адказваць на фармальныя заўвагі ды ўколы. Няўжо сапраўды ўсё, чым запамінаецца гэты трайны выставачны праект, — тыя тэхнічныя недарэчнасці?

Вядома, прызнаю заўвагі. Цэнтру сучасных мастацтваў ёсць куды расці ды ўдасканальвацца, як, прынамсі, і іншым культурным установам — дзяржаўным і недзяржаўным. Але давайце прызнаем і відавочнае: вокамгненных змен у мастацтве не бывае. Гэты працэс патрабуе паступовых крокаў ды высілкаў розных бакоў. Тым не менш, пасунуць ЦСМ з пазіцый установы, “вектар развіцця” якой быў не вельмі зразумелы для мінскай арт-супольнасці, мне падаецца цалкам магчымым. У сталіцы не так шмат пляцовак, на якіх прадстаўлена сучаснае мастацтва. Так, яны ёсць: той жа Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, галерэі “Універсітэт культуры”, “Акадэмія” і “Ў”. Але іх недастаткова, каб змяніць стаўленне да сучаснага і актуальнага арту. Нягледзячы на зрухі ў дадзеным кірунку (а ў апошнія гады з’явіліся мастацкія форумы, акцыі, сістэматычна працуюць культурныя агенты), тым не менш, на мой погляд, сучаснае мастацтва да гэтай пары знаходзіцца ў пазіцыі нібыта чужога: яго нібыта і прызналі, але пры гэтым яму не надта давяраюць. Аднак нельга ўвесь час знаходзіцца ўбаку ад астатняга свету. Гэтае “асцярожнае” стаўленне можна змяніць. Акурат у канкурэнцыі паміж падобнымі арт-інстытуцыямі, у працы апошніх мне бачыцца магчымасць зрухаў у свядомасці грамады...

А калі вярнуцца да пачатку, то ўсё ж давайце, калегі, расстаўляць акцэнты больш узважана, нават калі вядзём палеміку ў сацыяльных сетках…

Фота Данііла ПАРНЮКА