“Што з вуснаў мацярок зляцела…”

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
У нашым прыгарадным пасёлку ўсе гаварылі “па-нашаму”: дзекалі, цэкалі, вымаўлялі цвёрдыя “р” і “ч” , елі “буракі”, а не “свеклу”, “бульбу”, а не “картошку”, пілі “гарэлку”, а не “водку”. Гэта была такая ж мова, на якой гаварыла з чорнай талеркі радыё, што слухалі мы з бабуляй, крыху хіба адрозніваючыся нашымі мясцовымі словамі...

/i/content/pi/cult/475/10093/4-1.jpgПа-руску гаварылі толькі прыезджы дзядзька Коля і салдаты, якія прыходзілі да нас у клуб на танцы. Праўда, сярод іх было нямала вузкаглазых ды смуглявых і іхняя мова таксама была нейкай своеасаблівай, не зусім рускай. А рускую мову я ведаў па першых кніжках Маршака і Чукоўскага ды з вуснаў дзядзькі, які прыязджаў з Ленінграда, хаця ён часта казаў, што скончыў у Сіроціне беларускую школу і мог на памяць прачытаць вершы Купалы і Коласа.

Бабуля ж так сакавіта гаварыла па-беларуску, што, узгадваючы свае дзіцячыя гады ды яе расповеды, я знаходжу ў памяці такія моўныя перліны, якія гучалі з бабуліных вуснаў, што хоць асобнай кніжкай выдавай!..

З майго вымаўлення пасмейваліся бацькавы родныя, якія жылі ў цэнтры горада, хаця іх мову, паўяўрэйскую, паўбеларускую, таксама класічнай назваць было нельга.

Увогуле ж, мы з сястрой не адчувалі ніякай розніцы паміж намі і суседскімі Васілём, Воўкам, Мішкам, Генікам, Юляй. Што да мовы, то калі Юлька пайшла ў першы клас, а мне да школы заставаўся цэлы год, я разам з ёй пісаў у сшытку “Хатняя работа”, “сакавік”, “красавік”, асабліва старанна выпісваючы "і" з кропкай зверху. Таму калі праз год сам пайшоў у школу, якая стала рускамоўнай, доўга сумаваў па гэтым “і” з кропкай...

А там, між тым, з нашага вымаўлення (такіх, як я, было паўкласа) пасмейваліся дзеці вайскоўцаў з блізкага ваеннага гарадка, і настаўніца старанна перавучвала нас гаварыць не “гэны”, а “этот”, не “такі”, а “такой”, не “чаму”, а “почему”… Я хутка авалодаў гэтай навукай, і ўжо да канца першага класа малаціў па-руску не горш за сына палкоўніка Хоціна. Тым больш, што кніжак на рускай мове чытаў нямала, бадай, больш, чым на беларускай. Але ў сэрцы чамусьці, пакуль спакваля, нясмела, пачынала расці крыўда за насмешкі, за гэтыя здзеклівыя выразы “трапкай па бруху”, “гоп да кучы”, якімі часта “даставалі” тых, каму пераход даваўся цяжэй, чым мне.

А потым прыйшлі вершы Багдановіча, кніжкі Маўра, апавяданні Брыля… І хоць па-беларуску я пакуль не гаварыў, гэтае слова на роднай мне мове песцілася ў душы, як цёплае птушаня, якое вось-вось вылеціць з гнязда...

І яно вылецела, дзякуючы ўжо Караткевічу, яго “Чазеніі”, яго “Каласам…”, яго “Дзікаму паляванню…”

Не могуць людзі, зневажаючы сваё, адракчыся ад уласнай гісторыі, ад спрадвечных каштоўнасцей сваёй зямлі, быць годна прынятымі больш магутнымі і моцнымі, бо над імі будзе вечна вісець крыж непаўнавартаснасці. Быць высакародным і справядлівым, значыць — не падпіхнуць у забыццё святое і выпакутаванае пакаленнямі, што не ўдалося зрабіць зласліўцам за стагоддзі, а падтрымаць, паспрыяць паўнацэннаму вяртанню, бо страта і заняпад любой мовы — трагедыя для ўсяго чалавецтва. І адчуць шчасце, калі Радзіма даверыла табе быць носьбітам гэтага самага каштоўнага набытку народа...

Так здарылася, што першыя свае паэтычныя спробы я рабіў на дзвюх мовах, пераважна на рускай, бо здавалася, што на ёй гэта гучыць больш ярка, як у маіх любімых Вазнясенскага, Ахмадулінай, Таркоўскага.

Аднойчы, яшчэ школьнікам, гасцюючы ў дзядзькі ў Ленінградзе, зайшоў у рэдакцыю часопіса “Нева”. Пажылая жанчына прывяла мяне да загадчыка аддзела паэзіі Усевалада Раждзественскага. Сівы стары (а гэта сапраўды быў той вядомы паэт яшчэ Сярэбранага стагоддзя) папрасіў пакінуць сшытак з маімі радкамі і прыйсці заўтра.

З трапятаннем ішоў я на гэтую сустрэчу. А стары добразычліва, падаўшы мне мой сшытак з пакрэсленымі чырвоным алоўкам радкамі, сказаў:

— А па-беларуску вы пісаць не спрабавалі? Полацк жа беларускі горад. Пісаць важна на мове таго народа, сярод якога жывеш...

Так вялікі рускі паэт блаславіў мяне пісаць па-беларуску, што і працягваю рабіць вось ужо больш за сорак гадоў.

Але, пачаўшы пісаць вершы па-беларуску, я яшчэ да канца не ўсведамляў, што беларускія словы — не толькі мова паэзіі: гэта душа тых, хто жыў і жыве на гэтай зямлі, што гэта сама гісторыя народа, яго веліч і слава, дзейсны чыннік выхавання сапраўднага патрыятызму...

Гэтае ўсведамленне прыходзіла з гадамі і жыццёвым досведам...

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё