“Я Гамлет, я насілля не прымаў…”

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

У 1987 годзе Міхаіл Савіцкі напісаў партрэт Уладзіміра Высоцкага. Для знаўцаў творчасці мастака гэта было даволі нечакана. Купала, Пушкін, Дастаеўскі, Л.Талстой, Міцкевіч, Багдановіч — зразумела. А вось Высоцкі... Так, Міхаіл Андрэевіч адным з першых айчынных жывапісцаў таго часу прыняў і належна, з годнасцю ацаніў значэнне Высоцкага ў духоўным удасканаленні грамадства, і ў сваім палатне надзвычайна адчуў трагічнае “нутро” музыканта, паэта, акцёра, які жыў і тварыў “не як усе”...

 /i/content/pi/cult/147/1009/Vysocki.jpg
І вось, 25 студзеня Уладзіміру Высоцкаму было б семдзесят. А пражыў ён усяго сорак два з паловай, аддаўшы гэтыя гады краіне, дзе жыў і якую любіў моцна і балюча. І частачка гэтага жыцця — Беларусь, дзе здымаўся ў Віктара Турава, спяваў, ствараў, адпачываў з Марынай Уладзі, гастраляваў, падымаў пыл на Брэсцкай шашы, кіруючыся ў Парыж і назад...
Так, 28 гадоў яго няма з намі. Аднак я не маю рацыі. Ён — з намі. Як і раней. Хаця я ніяк не ўяўляю яго сямідзесяцігадовым чалавекам — ён назаўсёды застаўся маладым, Гамлетам нашых зраненых супярэчлівых 70-х гадоў. І гэта неразгаданы феномен: жыццё пасля жыцця…
Узгадаў радкі:
Когда человек умирает,
Изменяются его портреты…
… Я заметила это,
Вернувшись
С похорон одного поэта.
И с тех пор я проверяла часто,
И моя догадка подтвердилась.
Гэта Ганна Ахматава — пра іншага паэта.
Дзіўна, як мала фатаграфій, на якіх Высоцкі смяяўся б. На большасці — позірк ва ўпор, вочы ў вочы, жорсткі рот, трагічны злом броваў. Глядзіш — і чуеш ягоны несціханы крык — як прадвеснік бяды, як у ясенінскім маналогу Хлапушы: “Проведите, проведите меня к нему/ Я хочу видеть этого человека!”
...
Ён прадбачыў:
Кто кончил жизнь
Трагически,
Тот истинный поэт…
Ведаць свой лёс — таксама лёс.
Цяпер пра тое, чаго ён не прадбачыў. Ён стаў (пасмяротна, безумоўна) лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі (трэба яму гэта?). Даўно зняты “з паліц” фільмы з удзелам Высоцкага — “Інтэрвенцыя” і “Кароткія сустрэчы”. Круцяць цяпер па тэлевізары і самыя першыя яго карціны, і фрагменты са спектакляў Таганкі, якія цудам захаваліся, дакументальныя фільмы пра яго.
Мільёнамі экзэмпляраў выдаюцца ягоныя кнігі і мемуары яго сяброў. Існуе Дзяржаўны культурны цэнтр-музей ягонага імя, які ўзначальвае сын Мікіта Высоцкі. А кружэлкі і дыскі з песнямі вялікага барда разышліся па ўсім свеце, апярэдзіўшы ўсіх “зорак” — модных і часовых.
То там, то тут адкрываюцца выстаўкі, прысвечаныя Высоцкаму, помнікі, мемарыяльныя дошкі.Але, чорт вазьмі, чаму для гэтага трэба было памерці?!
Уяўляю: раптам вось цяпер, на свой 70-гадовы юбілей, з’явіўся б Уладзімір Сямёнавіч, у сваім нязменным світэры, з гітарай на шырокім рэмені. Выйшаў бы да мікрафона і пачаў спяваць... Пра ўсіх нас, пра тыя падзеі, сведкамі якіх мы былі ўжо без яго. І даў бы зразумець, хто што думае пра ўсе гэтыя гады, калі ўжо даўно няма дзяржавы плошчаю шостай часткі зямлі пад назвай “СССР”, і проста пра ўсе нашыя руцінныя справы. Што думае пра гэта рабочы, акцёр, салдат, творца, шафёр, валацуга, што — зняволены, а што — прэзідэнт або прэм’ер. І адразу будзе бачна, хто “за” і чаму, а хто яўна — “супраць”. Хто па-ранейшаму настальгічна ўзгадвае мінулае, хто змагаецца за будучыню. І раптам стане зразумелым, што дэмагогаў не паменела, і ханжаства таксама хапае, як і подласці, здрады, маны, маразму.
Але ўсё гэта, упэўнены, усё-такі перамогуць святло, хай сабе і далёкай зоркі, здаровы сэнс, надзея і прыстойнасць.
Добра, што ў нас быў Высоцкі. Але яго нам сёння так не стае...

Барыс КРЭПАК