Што вам: лекцыю ці пісанку?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Раённы цэнтр рамёстваў знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Рось. Тут вас пазнаёмяць з традыцыйнымі промысламі і рамёствамі, прапануюць экскурсію па Музеі народнага побыту, пакажуць калекцыю традыцыйных і стылізаваных касцюмаў ваўкавыскага строю.

/i/content/pi/cult/474/10089/11-3.jpg

/i/content/pi/cult/474/10089/11-5.jpg

Можна наведаць творчыя майстэрні і паспрабаваць сябе ў майстар-класах пісанкі, ткацтва, лепкі з гліны і салёнага цеста, працы са скурай, бісерапляцення... Сярод паслуг — лекцыя аб гісторыі мясцовых традыцый, абрадаў і звычаяў. Ахвотныя могуць набыць сувенірную прадукцыю: саматканыя ходнікі, палатно на спадніцы, вышытыя ручнікі ды фартухі, адмысловыя пано з гліны па матывах беларускіх прыказак і прымавак, дэкаратыўныя скарбонкі, “абярэгі” і мноства рознай прыгажосці.

Але асабліва хочацца звярнуць увагу на творчую майстэрню па хатнім ткацтве. У сённяшні час яно практычна не існуе. Прадстаўленыя ў музеях этнаграфічныя тканіны сведчаць, што ўнікальная культурная спадчына не запатрабавана ў неабходнай меры. Але гэта не пра наш раён.

У вёсцы Студзянец жыве Любоў Балёнь — стараста вёскі. Яна трымае сваю гаспадарку, але сапраўднае задавальненне атрымлівае за кроснамі ды калаўротам. Любоў Сцяпанаўна — часты госць у Цэнтры рамёстваў, дзе яна перадае сваё рамяство дарослым і дзецям.

Адна з ейных вучаніц — Яніна Іюльская. Пад яе кіраўніцтвам у Цэнтры рамёстваў працуе творчая майстэрня па ткацтве. Аляксандра ж Семянюк — адна з наймалодшых пераемніц простага двухнітовага ткацтва Ваўкавышчыны. За свае дасягненні яна ўзнагароджана дыпломам I ступені на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”. Пазалетась Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне аб наданні статуса гісторыка-культурнай спадчыны традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна з прысваеннем катэгорыі “А”.

Традыцыйныя рамёствы патрабуюць не толькі вывучэння, але і зберажэння ды перадачы досведу. Менавіта ў Цэнтры рамёстваў метадысты, кіраўнікі гурткоў даюць і практычныя навыкі, і веды аб каранях ды гісторыі рамёстваў.

Напрамкі дзейнасці Цэнтра рамёстваў запатрабаваныя і актуальныя. Ужо ў чацвёрты раз ён атрымлівае дыплом I ступені ў абласным конкурсе “Установа культуры года”. Значыць, працуем не дарэмна.

Аксана ТАЛЬКОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік Ваўкавыскага раённага цэнтра рамёстваў