Музыка з душой

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

У зале цішыня. Дзмітрый Свішчоў узмахвае дырыжорскай палачкай. Здаецца, што недзе там, у вышыні, загучаў ледзь улоўны спеў жаўрука. Ён паступова набліжаецца і ўжо нагадвае перазвон мноства маленькіх сярэбраных званочкаў. Гук шырыцца, расце, мацнее. Яшчэ адзін узмах дырыжорскай палачкі — і зала напаўняецца гучаннем іншых народных інструментаў...

/i/content/pi/cult/474/10088/11-1.jpg

На сцэне — народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Творчы калектыў, створаны яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, хутка заваяваў папулярнасць. Аркестр стаў частым госцем на гастролях ва Украіне, у Польшчы.

З 1986 па 1991 гады калектыў неаднаразова прызнаваўся лепшым на Брэстчыне. Ёсць у аркестра і дыпломы. Асаблівы гонар — званне лаўрэата Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці.

— Калектыў заснаваў Леанід Феафанавіч Несцераў, выдатны баяніст, — кажа Ірына Пятрухіна, цяперашні дырэктар школы мастацтваў. — Ля вытокаў аркестра стаялі многія добра вядомыя на Маларытчыне людзі, у іх ліку — Мікалай Уланаў, Уладзімір Самусенка, Таццяна Хутарная, Людміла Удовіна, Яўгенія Байгушава… Рэпертуар калектыву пастаянна абнаўляецца. У ім — творы айчынных і замежных кампазітараў, розныя па жанры і стылі, перакладзеныя для аркестра папулярныя эстрадныя песні, народная ды класічная музыка. Шмат таксама вакальных твораў і п’ес для сольных інструментаў...

У складзе аркестра — выкладчыкі Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, Чарнянскага і Хаціслаўскага яе філіялаў. З верасня 2013-га народным аркестрам кіруе Дзмітрый Свішчоў, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ён аранжыруе, інструментуе і перакладае музычныя творы для свайго калектыву, умела апрацоўвае іх.

— Цягам мінулага года, — распавядае Дзмітрый Свішчоў, — калектыў аркестра прымаў удзел у многіх святочных канцэртах і мерапрыемствах, якія праходзілі на Маларытчыне. Штогод выступаем і на справаздачна-выбарчых сходах СВК раёна. Па дамоўленасці ў любы момант можам сыграць “канцэрт” там, куды запросяць...

Мікалай НАВУМЧЫК

На здымках: народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.