Аптымізацыя: яшчэ 14%, а які падыход выбраць?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

У Мінскай вобласці — пра скарачэнні, “цякучку” кадраў і заробкі
Завяршылася першае кола турнэ газеты “Культура” па абласных цэнтрах, у час якога мы вывучалі эканоміку культуры: што і на якія мэты ўстановы атрымліваюць з бюджэту і дзе шукаюць пазабюджэтныя крыніцы, каб павысіць уласны дабрабыт. Апошнімі пунктамі ў нашым маршруце сталі Мінск і Маладзечна. Першы, зрэшты, у Мінскую вобласць не ўваходзіць, маючы статус самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. А другі якраз і ганарыцца неафіцыйным тытулам яе сталіцы. Культурнай, у тым ліку. Вось, скажам, тут стала праходзіць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Чым не доказ статуснасці? Да ўсяго, у Маладзечне знаходзяцца некалькі ўстаноў культуры, у назве якіх можна сустрэць словы “Мінскі абласны”, ну а шыкоўны Палац культуры знаёмы і замежным гастралёрам.

/i/content/pi/cult/474/10086/10-1.jpg /i/content/pi/cult/474/10086/10-2.jpg

Руслан Трухан; вакальны склад капэлы "Санорус".

/i/content/pi/cult/474/10086/10-3.jpg

Мінскі дзяржкаледж мастацтваў.

/i/content/pi/cult/474/10086/10-4.jpg

У аўдыторыі каледжа.

Каб не нашкодзіць якасці...

Але зыходным пунктам у маім ваяжы стаў усё ж Мінск, паколькі тут таксама ёсць установы культуры, прыпісаныя да вобласці. Найперш жа завітаў я да начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслана ТРУХАНА.

— Якія ўстановы культуры Мінскай вобласці вы назвалі б найлепшымі ў 2013-м?

— Адразу адзначу: больш як дзесяць гадоў мы працягваем сістэму штогадовага спаборніцтва паміж ўстановамі культуры раёнаў і гарадоў вобласці на лепшую пастаноўку працы. Па намінацыях вызначаем лепшыя клуб, бібліятэку, установу дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сферы культуры, музей, улічваючы тыя або іншыя профільныя крытэрыі. Так, па выніках мінулага года пераможцамі па дадзеных катэгорыях сталі Сенніцкі цэнтр культуры Мінскага раёна, Лучнікоўская сельская бібліятэка Слуцкага раёна, Лошніцкая дзіцячая школа мастацтваў Барысаўскага раёна і Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.

— Ці задаволены вы тым, як установы культуры Міншчыны спраўляліся летась з пазабюджэтнай дзейнасцю?

— Збольшага, так. Летась прыбытак па названым паказчыку ў вобласці склаў 35,5 мільярда рублёў (або 151,3% да адпаведнага перыяду папярэдняга года). Калі вас цікавяць больш канкрэтныя лічбы, то, скажам, установы культуры Барысаўскага раёна зарабілі 3,7 мільярда рублёў (179%), Валожынскага — 1,3 мільярда (168%), Маладзечанскага — 4,8 мільярда (159,6%), Нясвіжскага — 1,1 мільярда (186,6%). Урэшце, мы задаволены не толькі лічбамі, але і якасцю паслуг. Вось, скажам, публіка хадзіла на прэм’еры “Падобны на Стынга” Абласнога драматычнага тэатра, дзіцячыя пастаноўкі ў Абласным тэатры лялек “Батлейка”. Асвойваючы новыя кірункі і жанры, дэманструе нестандартныя інтэрпрэтацыі Музычная капэла “Санорус”. Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем створана новая экспазіцыя кватэры-музея мастака Міхаіла Сеўрука, Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеем — экспазіцыя “Кабінет антраполага, археолага Глеба Бонч-Асмалоўскага”, Музеем гісторыі Клеччыны — экспазіцыйная зала па XIX — пачатку XX стагоддзя. Акрамя таго, значнай падзеяй сталася паступленне слуцкіх паясоў у фонды Мінскага абласнога краязнаўчага музея і Слуцкага краязнаўчага музея.

Прыемны і вось які факт: нягледзячы на наяўнасць ва ўсё большай колькасці карыстальнікаў доступу ў Інтэрнэт, павялічылася наведванне публічных бібліятэк на 44 тысячы 300 чалавек, у параўнанні з 2012 годам. Усяго ж наведала гэтыя ўстановы на Міншчыне цягам года 4 мільёны 24 тысячы чалавек. Так што, калі кажуць, нібыта людзі сталі менш чытаць, гэта не адпавядае рэаліям.

— Але, можа, немалая частка наведвальнікаў прыходзіць туды не па кнігі ды перыёдыку, а па іншыя паслугі, што прапануюць бібліятэкі? Скапіраваць дакументы, скарыстацца тым жа Інтэрнэтам, яшчэ як-небудзь... “пазабаўляцца”?..

— Камп’ютарызацыя, Інтэрнэт, безумоўна, пашырылі інфармацыйныя магчымасці бібліятэк і ўвогуле павысілі іх аўтарытэт як інфармацыйных цэнтраў, пашырылі спектр паслуг такіх устаноў. Дый нягледзячы на пэўныя вартасці электроннай кнігі, па-ранейшаму найбольш любімай у чытачоў Міншчыны застаецца кніга на паперы. Але не ўсе сёння могуць дазволіць сабе купіць твор моднага пісьменніка, тоўсты штомесячны глянцавы часопіс. А бібліятэкі набываюць такія папулярныя выданні, і людзі прыходзяць па іх. Прычым праз “камерцыйны абанемент”, таксама плацячы за іх грошы, але — значна меншыя.

— Запытаюся наўпрост. Сам бачыў, як работнікі культуры ўздрыгваюць пры слове “аптымізацыя”. Ці няма засцярогі, што ў гэтым пытанні могуць наламаць дроў, растлумачыўшы яго залішне прамалінейна?

— Я і сам прытрымліваюся пастулату “Не нашкодзь”, і сваіх падначаленых прашу пра яго памятаць. Сапраўды, пытанне няпростае і зусім не відавочнае. Некаторыя гатовы былі выконваць рэкамендацыю калегіі Міністэрства культуры літаральна: скароцім людзей — і ўсе справы. Дык вось, пра людзей я скажу крыху пазней, а спачатку пра аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры.

Вырашаючы пытанні аптымізацыі, мы павінны думаць пра перспектывы і сістэму працы галіны ў будучыні: як арганізаваць дзейнасць установы з больш эфектыўнымі формамі працы, поўным наборам паслуг для задавальнення запытаў насельніцтва. Таму распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя праекты ды мадэлі сацыяльна-культурнай дзейнасці. З улікам канкрэтнай сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі населеных пунктаў адбываюцца прафілізацыя і спецыялізацыя ўстаноў, а таксама рэарганізацыя іх ва ўстановы культуры комплекснага тыпу — накшталт цэнтраў вольнага часу, бібліятэк-клубаў, бібліятэк-музеяў, цэнтраў народнай творчасці і фальклору ды іншых, структура або функцыі якіх прадугледжваюць аказанне розных відаў паслуг.

Адным са шляхоў аптымізацыі інфраструктуры сацыяльнай сферы сяла стала інтэграцыя сельскіх публічных і школьных бібліятэк: іх сёння ў Мінскай вобласці 28. Да 1 верасня, спадзяюся, мы скончым аптымізацыю сеткі дадзенага тыпу ўстаноў.

Сапраўды праблемны момант — гэта якраз пра людзей — аптымізацыя штатнай колькасці работнікаў устаноў культуры да 20%. Калі летась штаты былі скарочаны амаль на 6%, дык у 2014-м паказчык складзе 14%. Усе гэта хваравіта як для людзей, так і для галіны ўвогуле. Калі мы хочам не проста механічна паменшыць колькасць устаноў, а і ўдыхнуць у іх новае жыццё, неабходна ўзважваць кожны наш крок. Нічога не павінна рабіцца на шкоду якасці паслуг, а тым больш — на шкоду людзям. Дзе з дэмаграфіяй усё ў парадку, дзе дамы культуры, клубы, мастацкія школы запатрабаваны ў поўным аб’ёме, там будзе адзін падыход. А дзе людзей жыве не так шмат і наведвальнасць устаноў нізкая — на жаль, іншы...

Усе працаўладкаваны, але ж… аптымізацыя

З часу заснавання ў 1975-м Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў (тады — як культурна-асветніцкае вучылішча) падрыхтаваў звыш 5,5 тысячы чалавек. Сучасныя кірункі падрыхтоўкі — харэаграфія, інструментальнае выканальніцтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, акцёрскае майстэрства, эстрадныя спевы, рэжысура.

З 2005-га, калі дырэктарам стаў Юрый Ляйко, шмат сіл было накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. На першым этапе памянялі цеплатрасу, другі ўключаў і ўключае ў сябе аддзелачныя і ўнутраныя работы, мадэрнізацыю сетак электразабеспячэння, цеплавую ізаляцыю вонкавых сцен. Летась на капітальны рамонт 4 500 квадратных метраў выдаткавалі 4 мільярды рублёў, на бягучы — 500 мільёнаў, яшчэ столькі ж — на набыццё мэблі, інструментаў, пашыў касцюмаў.

Юрый Аляксандравіч бачыць у рэальнай перспектыве і будаўніцтва інтэрната ў Прылуках (з 363 навучэнцаў МДКМ толькі 20% мінчане). А яшчэ ён ганарыцца, што яго выпускнікі ўжо ці вось-вось будуць працаўладкаваны па атрыманай прафесіі. І гэта нягледзячы на аптымізацыю галіны. (Каледж, дарэчы, скараціў набор: замест 108 чалавек прыняў 105.) Пагаджаючыся з яе неабходнасцю, дырэктар усё ж шкадуе пра тое, напрыклад, што, накіроўваючы ў свой час сродкі і выкарыстоўваючы чалавечыя намаганні на стварэнне “культурнай” інфраструктуры — клубаў, бібліятэк, ДК, — цяпер некаторыя з вёсак, невялікіх гарадоў могуць апынуцца без спажывы духоўнай. І застануцца яны сумнымі помнікамі гадам... Лепшым, ці што?.. Аднак, прызнае Ляйко факт відавочны, — людзі, асабліва моладзь, пакідаюць родныя мясціны, накіроўваючыся ў “мегаполісы”. Таму і павялічваецца, хай пакуль не так катастрафічна, колькасць населеных пунктаў мясцовага значэння, у якіх “праведнікаў” амаль не засталося. І акультурваць там проста няма каму...

Папаўняе свае “кішэні” МДКМ і з пазабюджэту. Але Юрый Аляксандравіч не хавае, што на платную форму навучання паступаць сталі менш. Прычына гэтага ў тым, што не ўсе ахвотныя атрымаць адукацыю ў каледжы могуць дазволіць сабе выдзяляць за ўрокі майстэрства пэўную суму грошай (дапусцім, у “эстраднікаў” яна складае каля 1,7 мільёна рублёў на месяц). Зарабляюць жа тут у асноўным з дапамогай дзіцячых студый харэаграфіі і эстрадных спеваў, дзе аплата заняткаў складае 120 тысяч рублёў у месяц. За мінулы год яны прынеслі каледжу каля 100 мільёнаў.

— У нас цудоўны калектыў, — кажа Юрый Ляйко. — Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. І калі наракаюць на меркантыльнасць цяперашняга пакалення, я прыводжу ў прыклад наш каледж, сярэдні ўзрост педагагічнага складу якога — 35-40 гадоў. Але ў нас працуюць і тыя, хто памятае, як усё пачыналася...

Вось каб праграма...

Музычная капэла “Санорус” вітала мяне ў асобах яе дырэктара Алены Анціповіч і мастацкага кіраўніка Аляксандра Хумалы, якія не адмовіліся пагутарыць са мной на тэму фінансаў. “Санорус” не бядуе”, — адразу заявілі мае візаві, але вось пачуўшы пра зарплаты артыстаў (іх у штаце 67 чалавек), менавіта пра тарыфныя стаўкі, я не ўтрымаўся і ўдакладніў:

— Колькі-колькі?..

— Максімальна — у раёне паўтара мільёна рублёў...

— Але ёсць жа бонусы ў выглядзе прэмій, даплаты за стаж? — як бы паспрабаваў падлавіць суразмоўцаў я. Ёсць. З імі вядучы майстар сцэны можа атрымліваць у месяц — у сярэднім — каля двух з паловай мільёнаў рублёў... І праблему з некаторай “цякучкай” кадраў тут не хаваюць. Як жа выходзяць са становішча, якое склалася? Правільна: музыканты перакваліфікуюцца, напрыклад, у рабочых будаўнічых спецыяльнасцей. Або — “ён іграе на пахаваннях і танцах...” У сэнсе, у вольны ад капэлы час працуюць не па асноўнай прафесіі дзе-небудзь яшчэ на паўстаўкі альбо спяваюць, дапусцім, у царкоўным хоры.

Дабаўка да акладу матэрыялізуецца і з пазабюджэтных сродкаў. Летась “Санорус” зарабіў амаль 1,5 мільярда рублёў, што склала 277 працэнтаў ад паказчыкаў года 2012-га. Адкуль такі вынік? З праграм, вядома. Іх было створана цягам мінулага сезона дзесяць, яшчэ дзве абнавіліся. (Дарэчы, сярэдняя цана білета на прадстаўленне капэлы — 60 тысяч рублёў.) І ад арганізацыі канцэртаў, спектакляў іншых калектываў (97 мільёнаў рублёў за справаздачны перыяд). Бюджэтнае ж фінансаванне склала без малога 3 мільярды рублёў. Гэтымі грашыма расплачваліся за камунальныя паслугі, сплачвалі падаткі, арэнду канцэртных пляцовак; яны ішлі на пастановачныя і гастрольныя патрэбы, набыццё абсталявання ды інструментаў. Плюс пазабюджэт накіроўваўся і на аплату працы запрошаных спецыялістаў, тых жа драматычных акцёраў, неабходных для пастановак.

Што ж хвалюе, па вялікім рахунку, гэтых двух прафесіяналаў, якія сядзелі перада мною, у іхняй справе? На дзіва — узровень адукаванасці гледача ў галіне акадэмічнай музыкі. “На бясплатных канцэртах, бясплатных, падкрэсліваю, аднаго з нашых нацыянальных аркестраў, якія прайшлі не так даўно, калектыву, якім дырыжыруе велічыня сусветная, не збіралася і паловы партэра...” — канстатуе Хумала.

— Неабходнасць дзяржпраграмы па выхаванні юнага пакалення наспела ўжо даўно, — дапаўняе яго Алена Анціповіч. — Сёння ж дзяцей, па сутнасці, можна зацягнуць хіба толькі ў цырк (нічога дрэннага не хачу сказаць пра гэты від мастацтва) або ў кінатэатр на 3D-мультфільм. Усё. Ніякага балета, ніякай класічнай музыкі. І вінаваты ў такой сітуацыі не толькі бацькі, але і тыя ж школьныя настаўнікі! Калі ім прапануеш арганізаваць паход у тэатр — драматычны, музычны, нават юнага гледача, — яны адмаўляюцца, кажучы, што дзецям гэтага не патрэбна, дзеці такое не зразумеюць. Але, калі ўсё ж атрымлівалася ўгаварыць наведаць спектакль, то многія дзяўчынкі і хлопчыкі выходзілі з залы вось з такімі вачыма — настолькі ім спадабалася! А потым усё вяртаецца на кругі свая: “не трэба”, “не зразумеюць”. Выкладчыкаў цяперашніх варта выхоўваць, вось ў чым бяда. Праўда, ёсць і прыклады, калі такі “ўкол” мастацтвам прыносіў свой плён, і нас прасілі: “Прыязджайце зноў!” Але ў маштабе краіны такога не назіраецца…

— У нас, — дадае Аляксандр Хумала, — прапагандуецца фізкультура, што выдатна, але ж хіба яны без культуры ды мастацтва абыдуцца? І без гуманітарных навук таксама? Эканаміст, праграміст, “айцішнiк” — гэта патрэбныя спецыяльнасці, але ж паглядзіце, наколькі сёння дамінуе крытычны падыход пры наборы ў кансерваторыю…

Па “малым” жа рахунку, Алену Эрнстаўну і Аляксандра Паўлавіча хвалюе “капэлаўская” “газель”, якую дарогі Мінскай вобласці закаталі да перадiнфарктнага стану... А мая дарога прывяла ў Маладзечна...

Крыху  статыстыкі

Па стане на 1 студзеня 2014 года сетка ўстаноў культуры Мінскай вобласці налічвала 1 402 адзінкі, што на 88 менш, чым летась. У галіне працуе 7 146 кіраўнікоў і спецыялістаў, 2 412 чалавек забяспечваюць тэхнічны стан аб’ектаў. У 2013-м з бюджэту вобласці ўстановам культуры выдаткавана 571,8 мільярда рублеў, з іх на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы — каля 170 мільярдаў. З дапамогай пазабюджэту ўстановы атрымалі 35,5 мільярда рублеў, што на 51,3 працэнта больш, чым у 2012-м. Спонсарская дапамога склала 4,9 мільярда (173,8% ад узроўню 2012 года). Сярэднямесячная заработная плата работнікаў культуры вобласці ў снежні 2013 года склала 3 361,6 тысячы рублеў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Пра фінансавы складнік працы абласных устаноў культуры ў Маладзечне чытайце ў наступных нумарах "К".

Фотасюжэт з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў можна паглядзець тут.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"