Пачалося са "Шляхоў-дарог"

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Пра рэжысёра, які ў Слоніме паставіў 27 спектакляў
Днямі споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння вядомага рэжысёра, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіла Фрыдмана (1894 — 1975), які паставіў у Слоніме 27 спектакляў. У пасляваенны час ён кіраваў драматычным гуртком пры раённым Доме культуры і стаяў ля вытокаў тамтэйшага народнага тэатра, на базе якога ў 1990-м быў створаны цяперашні Слонімскі беларускі драматычны тэатр.

/i/content/pi/cult/474/10084/14-5.jpg

Перад паездкай на гастролі. Трэці злева — Міхаіл Фрыдман. Слонім, 1952 г.

Слонім, лістапад 1948 года. Горад у руінах пасля Другой сусветнай вайны, але развешаныя паўсюль афішы паведамляюць аб першым спектаклі толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага гуртка. Кіраўніком тады быў дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921 — 1985), і разам з Міхаілам Фрыдманам яны паставілі згаданую прэм’еру — “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава. Дарэчы, на той час Фрыдман ужо меў за плячыма вялікі тэатральны вопыт.

Родам з Варшавы, у 1910 — 1927 гг. ён быў акцёрам яўрэйскіх тэатральных труп на Украіне і Беларусі, праз год скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва”. А ў 1932-м разам з жонкай паехаў у Бірабіджан у складзе тэатральнай групы рэжысёра Марка Рубінштэйна, каб стварыць там яўрэйскі нацыянальны тэатр.

Пасля вайны на васямнаццаць гадоў асеў у Слоніме. З першых дзён існавання драматычнага гуртка вёў у ім бязлітасную барацьбу з дылетантызмам, абыякавым стаўленнем да заняткаў. У пакоі, дзе праходзілі рэпетыцыі, знаходзіўся вялікі партрэт К.С. Станіслаўскага, а ўнізе — ягоная цытата: “Любі мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве”.

Сярод 27 спектакляў, пастаўленых Фрыдманам у Слоніме, былі “Выгнанне раскусніцы” І.Шамякіна, “Вяселле з пасагам” М.Дзьяканава, “Любоў Яравая” К.Транёва, “У добры час” В.Розава, “Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага, “Нячыстая сіла” Г.Стафанскага, “У бэзавым садзе” Ц.Саладара ды многія іншыя. А ў 1959 г. той драматычны гурток Слонімскага РДК атрымаў званне народнага тэатра.

На пачатку лютага 1964-га слонімскія артысты прывезлі ў Мінск спектакль “Апошнія” па п’есе М.Горкага. Зала Тэатра юнага гледача была перапоўнена. Паглядзець пастаноўку прыйшлі старэйшыя беларускія майстры: народная артыстка СССР Ларыса Александроўская, якая выступіла са сцэны са словамі прывітання, Канстанцін Саннікаў, Вера Пола, Сцяпан Бірыла... Пра гэтую падзею расказалі амаль усе беларускія газеты. Пастаноўка таксама была запісана і паказана Мінскай студыяй тэлебачання. Тэатральны крытык Арсень Лабовіч у газеце “Знамя юности” 27 лютага 1964 года пісаў: “...Дасягненне адзінства мастацкага стылю з’яўляецца пацвярджэннем высокага рэжысёрскага майстэрства пастаноўшчыка, кіраўніка Слонімскага народнага тэатра М.І. Фрыдмана. Усе выканаўцы аб’ядноўваюць свае намаганні вакол галоўнай ідэі спектакля — раскрыць перад гледачамі бесперспектыўнасць грамадскіх стасункаў, дзе чалавек чалавеку воўк. У гэтым — сучаснасць і актуальнасць пастаноўкі. Выканаўцы разумеюць, адчуваюць свае задачы, адчуваюць эпоху”. Спектакль быў адзначаны Падзякамі Міністэрства культуры: калектыву Слонімскага народнага тэатра і яго рэжысёру Міхаілу Фрыдману, а таксама народнай артыстцы Беларусі, колішняй актрысе Купалаўскага тэатра Вользе Галіна, якая выконвала ў слонімскай пастаноўцы цэнтральную ролю — Соф’і.

Добра быў падрыхтаваны і меў поспех пастаўлены М.Фрыдманам спектакль “Глыбокая плынь” паводле рамана Івана Шамякіна. Многія ўдзельнікі вайны, калі глядзелі гэтую сцэнічную пастаноўку, плакалі. А на камедыях “Кухарка” і яе працягу “Кухарка замужам” А.Сафронава ў зале не сціхаў смех. У спектаклях, асабліва ў апошнім, было шмат гумару, рэжысёрскай фантазіі, імправізацый акцёраў.

Са слонімскім тэатральным калектывам Міхаіл Фрыдман развітаўся ў 1965-м. А ў 1968 годзе на пасадзе кіраўніка яго замяніў Мікалай Варвашэвіч…

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра

Фота з архіва аўтара