Нобіль, не ўзяты “на аловак”

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя
Мы ўжо апавялі пра пачатак жыццёвага шляху нашага земляка Станіслава Рэйтана. Сапраўды, быў такі іншы час, калі ягонае імя не сыходзіла са старонак часопісаў, газет. Яго літаратурная кар’ера, мяркуючы па крытычных заўвагах яшчэ аднаго сваяка роду — пісьменніка Генрыка Жавускага, распачалася ў 1830-х. Мы не ведаем назваў твораў, але апошні называў Станіслава Рэйтана “дылетантам”, які не мог бы напісаць “Гавэнды Сапліцы”. Паколькі твор выйшаў ананімна, Жавускаму часам даводзілася пацвярджаць у зацікаўленых колах сваё аўтарства. Відавочна, у тыя часы і было пасеяна зерне непрыязнасці паміж сваякамі. І на тое былі свае падставы.

/i/content/pi/cult/474/10083/14-2.jpg /i/content/pi/cult/474/10083/14-4.jpg

Капліца ў Усаве; вокладка апошняй кнігі Станіслава Рэйтана.

(Заканчэнне. Пачатак у № 11.)

Урэшце, сам Жавускі даволі хутка змяніў свой погляд, адлюстраваны, скажам, у “Гавэндах старога шляхціча”, і стаў на шлях супрацы з новай уладай, якая змянілася на беларускіх землях пасля знікнення Рэчы Паспалітай. Так, у 1841 годзе Жавускі пад псеўданімам “Jarosz Bejla” выдае двухтомнік (1841, 1843) “Meszanin obyczajowych” — кнігу, што лічыцца найвялікшым літаратурным скандалам эпохі рамантызму, паколькі яна паспрыяла расколу шляхты на два супрацьлеглыя лагеры па поглядах наконт стаўлення да імперскай улады.

Станіслаў жа Рэйтан поглядаў не змяніў. Ён надрукаваў свой першы буйны твор “Papiery Pana Ambrozego” пад псеўданімам “Wada” ў часопісе “Athenaeum” у 1845-м, калі рэдактарам быў Язэп Крашэўскі. Тыя “анекдоты” фактычна былі жорсткай крытыкай творчасці Жавускага. Далей пакрыўджаны сваяк адгукнуўся разгромнай крытыкай праз “Пецярбургскі штотыднёвік” пад псеўданімам “B.Niekrasz…”. Крашэўскі ж з ахвотай прадаставіў пану “Wada” старонкі свайго альманаха для адказу.

Гэтае “ліставанне” з’яўляецца сёння вельмі цікавым і карысным матэрыялам, бо датычыцца, між іншым, і роду Радзівілаў. Жавускі, які, апрача сваяцтва з Рэйтанамі, меў і кроў Радзівілаў, зацята бараніў Пане Каханку ды іншых прадстаўнікоў, у тым ліку постацей адыёзных, з гэтай слыннай фаміліі. Рэйтан пісаў больш непрыхільна, бо быў сведкам і шмат ведаў пра сакрэты Радзівілаў ад бацькі. Урэшце, пасля заявы Станіслава спрэчка неяк сама сабой сціхла...

Тым часам, у 1856 годзе ў Львове ён перавыдае свой першы твор, змяніўшы назву на “Князь Геранім Радзівіл”. Дарэчы, налета ў тым жа штотыднёвіку друкаваліся ў адных і тых жа нумарах “З дзённікаў Анны з Рэйтанаў Герычовай” (ужо памерлай у Парыжы), а таксама, ананімна, “Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды” Ігната Яцкоўскага. Аўтарства апошняга твора некаторыя даследчыкі, сярод якіх быў і Вінцэсь Каратынскі, доўгі час прыпісвалі і Станіславу Рэйтану.

У 1854-м Рэйтан быў прызначаны ганаровым куратарам Слуцкай гімназіі, што не магло не адбіцца на ягонай творчасці. Наступны буйны твор “Пан Марцін Квеч” спачатку быў надрукаваны ў газетах. А пасля прыхільнай крытыкі, якая зычыла таленавітаму аўтару не спыняцца, — і асобнай кнігай. Здарылася гэта ў 1857 годзе ў Варшаве. Мяркую, жыхарам Случчыны гэты твор спадабаецца больш чым каму, бо горад і яго ваколіцы часам становяцца арэнай “баёў” галоўных герояў. У гэтым творы зноў у не самым лепшым выглядзе паўстаюць некаторыя прадстаўнікі Радзівілаў разам з іх кліентэлай.

Апошні вядомы нам твор, які Станіслаў напісаў ды выдаў асобнай кнігай, мае назву “Так было ў нас” (Варшава, 1858). Менавіта з гэтай кнігай пад пахай я і вяртаўся з “палявання”, пра што згадаў у першай частцы аповеду. Калі параўноўваць “Пана Марціна Квеча” і гэты, апошні твор Рэйтана, то розніца паміж імі — каласальная. Кніга 1858 года быццам бы ўся прасякнута біяграфічнымі рысамі. Яна з’яўляецца энцыклапедыяй маленькага свету павятовай шляхты, замкнутай у сваім дробным жыцці, дзе павуцінне інтрыг вяжуць рукі асоб з мясцовай адміністрацыі… І можа, дзякуючы такому адлюстраванню гэтую рэалістычную карціну страчанай эпохі так цікава чытаць-разгадваць?..

Творчасць Станіслава, на маю думку, абавязкова павінна быць узята “на аловак” літаратуразнаўцамі. Недаравальна, што грунтоўныя працы па літаратуры ХІХ стагоддзя і дасюль абыходзяць увагай такую постаць. Гісторыкі таксама знойдуць у перыпетыях лёсу нашага героя шмат цікавых падрабязнасцей. Мне як “рэйтаназнаўцу” пашанцавала адшукаць невядомыя раней дэталі, наўпрост звязаныя з жыццём роду. І гэта без уліку таго, што дзве апошнія кнігі Станіслава ўспрымаюцца літаральна як біяграфічныя нарысы прадстаўнікоў фаміліі.

...З паўгода таму, знайшоўшы час, я выправіўся на веласіпедзе ў бон-ваяж па “Станіслававых мясцінах”. У праграме былі Слуцк, Дактаровічы, Усава і Капыль. Слуцкі краязнаўчы музей, які хоць і месціцца ў колішнім Доме дваранскага сходу, дзе, верагодна, бывалі і Рэйтаны, ані словам пра іх прысутнасць у гісторыі краю ў экспазіцыі не згадаў. На жаль, у капыльскую ўстанову я не паспеў заехаць, таму спадзяюся, што памяць аб адным са сваіх выбітных землякоў горад захаваў, хоць у свой час і абышоўся не самым лепшым чынам з касцёлам Святых Пятра і Паўла, фундаванага Станіславам Рэйтанам у 1859 годзе. Цяпер гэта рэстарацыя пры дарозе.

У абодвух Дактаровічах, якія належылі сваякам Рэйтанаў, ужо амаль нічога з той пары не засталося. А вось Усава, дзе у сярэдзіне ХІХ стагоддзя завяршылі свой зямны шлях Станіслаў і яго жонка Саламея, трохі парадавала. Сядзібнага будынка ўжо даўно няма, а месца яго заарана, стаў жа, вельмі маляўнічы напапярэдадні навальніцы, паціху зарастае. Але амаль некранутая часам стаіць капліца, пабудаваная ў 1840-х у стылі класіцызму. Пакуль на ёй адсутнічае, мяркую, цалкам годная шыльда “Помнік архітэктуры 1-й паловы ХІХ стагоддзя”, ахоўную функцыю выконвае... баршчавік, які шчыльна атачыў пабудову з усіх бакоў. Сумна ж тое, што капліца не першае дзесяцігоддзе выконвае функцыі сметніцы. Дах жа патрабуе нязначнага рамонту, бо дзе-нідзе з’ехалі лісты шыферу...

Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да неабыякавых чытачоў газеты “Культура”, якія жывуць у тых мясцінах. На Беларусі засталося не так шмат нерухомасці, якая тым ці іншым чынам звязана з родам Рэйтанаў: сядзіба і капліца ў Грушаўцы ды каплічка ў Ляхавічах, а таксама ў вёсцы Усава. Кожны герой, выбітная асоба (і Рэйтаны тут якраз яскравы прыклад), якія нарадзіліся на нашай зямлі, патрабуюць нашай жа павагі. Выказаць яе мы можам, узяўшы клопат над тым, што захавалася. Бо калі згінуць апошнія руіны, то знікне і памяць…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар