Такая інтэрпрэтацыя музейнага брацтва з'явілася ў Адэсе.
Днямі ў Адэсе паставілі бронзавы помнік музейшчыкам. На плінце — надпіс “Музейшчыкам Адэсы прысвячаецца”, на пастаменце — “Музейнае брацтва”. А скульптурную кампазіцыю складаюць трое… пацукоў. У лапках “музейных пацукоў” — атрыбуты навуковай працы: лупа даследчыка, указка экскурсавода... Пацукі, як карыятыды, трымаюць на плячах піраміду. Такім чынам яны сімвалізуюць “трох кітоў” ці “трох сланоў”, на якіх усё і ў культуры трымаецца. Цяжар для сімпатычных мышак немалы, але яны гераічна трываюць. Каля іхніх ног — чацвёрты пацучок, маленькі: расце рупліўцам змена…
Якія яшчэ работнікі культурнай галіны ўганараваны бронзавымі выявамі на людных месцах? У Расіі ёсць помнік бібліятэкару. Яго ўсталявалі ў Кургане ў гонар Клаўдзіі Жураўлёвай, якая ў другой палове мінулага стагоддзя цягам пятнаццаці гадоў узначальвала мясцовую Цэнтральную бібліятэчную сістэму. А яшчэ культура не можа існаваць без чытачоў, слухачоў, гледачоў. Вельмі кранальны помнік тэатральнаму гледачу паставілі ў Калузе побач з мясцовым тэатрам: дзяўчына трымае ў руках аркуш з надпісам “Ёсць лішні білет?”...