Стартавая канструкцыя

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Прынамсі, пяць ідэй для аднаго ўніверсітэта
“К” проста не магла не пасябраваць са студэнткай чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Насцяй Батура. Менавіта яна стала ініцыятарам праекта “ПРАЦАвіТЫ”, пра які мы пісалі летась (гл. “К” № 45 за 2013 г.). Нагадаю: студэнты факультэта культуралогіі і менеджменту сацыякультурнай сферы запрасілі да сябе патэнцыйных працадаўцаў. Любы ахвотны маладзён мог выбраць сабе не толькі першае месца працы пасля заканчэння навучання, але і месца першай падпрацоўкі (па спецыяльнасці) літаральна з першага курса. Сёлета неўтаймоўная Насця аб’яднала ініцыятыўных ды неабыякавых студэнтаў у каманду ITV START. Каманда стартавала фантанам ідэй. Адна з іх — праект “Канструктар: будуем універсітэт мары”. Пачаткам “будаўніцтва” стала прэс-канферэнцыя “100500 пытанняў рэктару” з кіраўніком БДУКіМ (гл. “К” № 12 за 2014 г.). Днямі ITV START прапанаваў рэктару цэлы “пакет” праектаў, арыентаваных на паляпшэнне ўмоў навучання, павышэнне станоўчага іміджа ўстановы. Вось яны, гэтыя пяць “цаглінак” у падмурак універсітэта мары.

/i/content/pi/cult/474/10079/12-1.jpg

Удзельнікі праекта "Канструктар" пад час сустрэчы з рэктарам. / Фота Юрыя ІВАНОВА

Ко-івэнт

Як тлумачыць Насця Батура, гэта самая event-арганізаваная каманда праекта “Канструктар”. Тут твораць мары, трансфармуюць іх у думкі, ажыўляюць праекты.

— Мы ствараем канцэпцыю падзеі, — кажа кіраўнік ITV START, — пераўтвараем студэнцкія “Хачу” і “Трэба” ў творчы праект. Ніякіх стэрэатыпаў — толькі інавацыі! Варта пасябраваць з рызыкай ды ўважліва прапрацаваць каштарыс неабходных рэсурсаў. Ніводная творчая ініцыятыва студэнтаў не павінна застацца па-за ўвагай…

“Канструктар” мае намер паказаць прыцягальнасць “думацельнай” атмасферы, што вядзе рэй у аўдыторыях і майстэрнях БДУКіМ, змяніць да лепшага ўяўленне аб установе. Як тут не згадаць Самэрсэта Моэма: “Геній — вось што такое звычайны чалавек. Усё астатняе — выключэнне з правіла”...

Што ж за падзея рыхтуецца? Свята студэнцтва напрыканцы навучальнага года. Як абяцае ITV START, гэта будзе творчая справаздача з мноствам “фішак”, якія проста не пакінуць шанцаў стэрэатыпам. Пабачым-пабачым…

Ко-відэа

Без свайго тэлебачання такой установе, як БДУКіМ, абысціся сапраўды немагчыма. Тут студэнцкія “Хачу” і “Трэба” зліваюцца ў маналітнае жаданне стварыць партал інтэрнэт-тэлебачання з выхадам на Youtube, на старонкі сацыяльных сетак ды ўніверсітэцкі сайт. Мэта: інфармаванне студэнтаў і супрацоўнікаў аб акцыях ды праектах, стварэнне ўласнага кантэнту якасных і запатрабаваных перадач, што маюць трансляваць ва ўніверсітэце і выкласці ў Сеціве. А што, справа — іміджаўтваральная.

Ко-брэндынг

Дык вось, пра імідж. З брэндавасцю ён — заўжды поруч. Каманда ко-брэндынг стварае ўніверсітэцкі брэнд. Моцны і непахісны. Справа — не з лёгкіх. Але хто з маладых ды мэтанакіраваных баіцца цяжкасцей? Тым больш, што ў планах гэтых маладых — наладжванне ў сацыяльных сетках он-лайн-продажу сувенірнай прадукцыі з універсітэцкімі сімваламі.

Ко-папера

Гаворка — пра ўніверсітэцкую газету “Alma Papera”. Новая каманда катэгарычна вырашыла: тут многае трэба змяняць. Пашырыць штат, папрацаваць над фірмовым стылем, “заактуаліць” рубрыкі… У добры шлях, калегі! Спадзяёмся, што неўзабаве “папяровыя” матэрыялы з’явяцца і на старонках “К”.

Ко-прадзюсары

Яны плануюць ушчыльную заняцца “раскруткай” універсітэцкага фальклорнага калектыву “Талака”. Гаворка — пра брэнд, рэкламу, піяр, арганізацыю гастролей. Таксама слушная ідэя. Кіраўнік “Талакі” — загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаслаў Калацэй — знішчае стэрэатып пра тое, што фальклор любяць толькі асобы ва ўзросце. І сённяшнім маладым крэатыўшчыкам без яго проста не абысціся. Так што “раскрутка” калектыву — справа самая што ні ёсць прагрэсіўная. Хоць і ведаюць пра “Талаку” ў Францыі, Літве, Эстоніі, Расіі, піяр у Беларусі гурту ніяк не пашкодзіць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"