Дык грошы альбо моладзь? Кантакт альбо кантракт?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Роздум пра ІХ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт"
ІХ Міжнародны маладзёжны форум “М.@rt.кантакт”, што прайшоў у Магілёве напрыканцы сакавіка, быў прасякнуты не толькі святочным настроем, атмасферай сяброўска-творчага спаборніцтва (Гран-пры паехаў у Літву), але і роздумам пра тое, якім быць фестывалю надалей. У бліжэйшай перспектыве — чым адметным можа вызначыцца праз год юбілейны, Х фестываль. У далёкай — як распрацаваць такую стратэгію, што “скантактуе” паміж сабой супрацьлеглыя, здавалася б, паняцці: моладзь (форум — маладзёжны!) і вялікія грошы, якіх патрабуе падобны з’езд тэатраў свету.

/i/content/pi/cult/474/10075/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Містрас" (Літва) — уладальніка Гран-пры форуму.

Гэтая дылема, падалося, маячыць перад вачыма арганізатараў ледзь не прывідам бацькі Гамлета. І гучыць, можна сказаць, сінонімам гамлетаўскага пытання: “Быць ці не быць?”. У працэсе фестывальнага разгорту яна трансфармавалася ў розныя абліччы, закранаючы не толькі закуліссе, але і сцэну, бо тыя ж пытанні ўзнікалі і ў фаўсціяне (прадаваць душу Мефістофелю ці не?), і ў “дастаеўшчыне” з яе “Злачынствам і пакараннем”, і ў магілёўскай пастаноўцы “Фрэкен Жулі” А.Стрындберга (ці можна пакахаць “за грошы”?), і ў многіх іншых спектаклях — наўпрост ці ўскосна. Вечная праблематыка? Так. Якім жа будзе яе сучаснае вырашэнне? Пытанне не без адказу. Бо сёлета арганізатары і ўласна дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра Аляксандр Новікаў, адзначаны ў фінале форуму нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прыклалі шмат намаганняў, каб і маладзёжнасць захаваць, і грошы зберагчы. Многае — удалося, але... Пра гэта і пагаворым.

Падлікі і пралікі: чаго аказалася больш?

Статыстыка форуму ўражвае. За 7 дзён — 19 спектакляў на пяці сцэнічных пляцоўках: 17 у асноўнай праграме, яшчэ два — у дадатковай, для больш вузкага кола гасцей. Гэта значыць — па два-чатыры спектаклі на дзень. І пры такой “раскіданасці”, калі ў патэнцыйных гледачоў вочы разбягаліся, куды лепш пайсці, — ажно сорак працэнтаў “адбітых” грошай! На многіх замежных тэатральных фэстах, як паведамілі госці, нават тры-чатыры працэнты прыбытку ад агульнай сумы капіталаўкладанняў лічацца за поспех. Але звярну ўвагу на адну дэталь, якая не можа не насцярожваць. Горш за ўсё прадаваліся білеты на “Містрас” Дзяржаўнага Вільнюскага Малога тэатра, які атрымаў Гран-пры. Гэта быў адзіны спектакль форуму з неаншлагавай залай, прытым што само імя рэжысёра Рымаса Тумінаса сталася знакавым для сусветнай тэатральнай грамадскасці. Дык якога гледача мы хочам выхаваць: заможнага ці ўдумлівага? Тут ёсць пра што падумаць.

Акрамя спектакляў, сёлетні “М.@rt.кантакт” — гэта дзве прэс-канферэнцыі, шэсць абмеркаванняў, дзе крытыкі дэталёва “раскладалі па палічках” прагледжаныя спектаклі, “круглы стол”, цыкл з чатырох майстар-класаў, штодзённая магчымасць адпачынку ўдзельнікаў у начным клубе, знаёмства гасцей з сябрамі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” і аматарскага аб’яднання “Магілёўскія майстры”, нарэшце, творчая сустрэча з народнай артысткай СССР, улюбёнкай публікі Адай Рогаўцавай, запрошанай на форум у якасці старшыні журы. Насычанасць праграмы — ажно на ўзроўні “Славянскага базару ў Віцебску”. Але калі там наўмысна праграмуецца “накладанне” адной падзеі на другую, каб сэканоміць фестывальныя дні і “развесці” публіку па розных пляцоўках, дык тут усё плануецца ў рэжыме non-stop. А калі і ўзнікалі некаторыя затрымкі пачатку чарговага спектакля (хвілін на 15-20), дык толькі таму, што ранейшы скончыўся пазней. І не па віне арганізатараў, а з-за саміх удзельнікаў, якія недакладна пазначалі працягласць сваіх пастановак. Так што арганізацыйны бок форуму быў на найвышэйшым узроўні, хаця хтосьці з гасцей, чула, і скардзіўся на “шчыльнасць” фестывальных падзей, якая не пакідала часу на адпачынак.

Даеш маладзёжнасць!

А як ацэньвала форум мясцовае “маладзёжнае журы”, удзельнікі якога выпускалі штодзённую фестывальную газету? Сапраўды, стала ўжо добрай традыцыяй — намаганнямі зацікаўленай моладзі і прызы сімвалічныя ўручаць (сёлета гэта былі талеркі), і рабіць штодзённыя друкаваныя выпускі, якія распаўсюджваюцца ўжо на ранішніх пасяджэннях “дарослых” крытыкаў, а тыраж пазначаны так: “Па патрабаванні” (калі попыт раптам перавысіць прапанову, дык заўсёды можна дадаткова вывесці столькі копій, колькі трэба). Кажуць, былі ў той газеты і лепшыя часіны. Былі і “наезды” з боку прафесіяналаў: маўляў, хто вы тут такія, каб нас крытыкаваць? Адзін год выпускі заставаліся выключна “віртуальнымі”, існуючы толькі на экране манітора, а не ў папяровай “вопратцы”.

Тое, што я ўбачыла сёлета, уразіла. Па-першае, аператыўнасцю, на якую ў нас даўно ўжо забыліся ўсе друкаваныя выданні: “перлы на паперы” ўзнікалі акурат зранку. Гэта значыць, што матэрыялы пра вечаровыя спектаклі (а тыя завяршаліся, здаралася, апоўначы) ствараліся ўначы. Па-другое, узрадавалі амаль забытыя ў афіцыйным друку жанры: не “справаздачы ў карцінках”, не “спісванне прэс-рэлізу” ці “пераказ сюжэта”, а менавіта рэцэнзіі, нават фельетоны, падбор водгукаў гледачоў (не прыдуманых, а сапраўдных: я неаднойчы бачыла, як “дзяжурныя” чакалі публіку на выхадзе ды заахвочвалі падзяліцца ўражаннямі “на мікрафон”). Па-трэцяе, зачапіла імкненне да канцэпцыйнасці: усе публікацыі, як і сама газета, былі аб’яднаны сёлета жартаўліва-гастранамічнай тэмай. Нарэшце, кранула сама ініцыятыва: не, не знікла ў нас моладзь, гатовая штурмаваць вяршыні “без папярэдняй аплаты”!..

Што ж да ацэнак... Яны то супадалі з думкамі журы ды запрошаных крытыкаў, то — не. І гэта таксама не магло не радаваць. Бо перш чым пісаць, аўтары не запытваліся, як гэта часам робяць студэнты, якія вучацца на крытыкаў: “А трэба ўхваляць ці лаяць?” Яны шчыра выказвалі свае думкі, часам не па гадах мудрыя. І тое, што ніводнага з іх не пусцілі на адзін з “не самых лепшых”, мякка кажучы, спектакляў (маўляў, месцаў няма, хаця асабіста я налічыла побач з сабой ажно чатыры пустыя крэслы), можна трактаваць дадатковым сведчаннем таго, што іх крытыка — дзейсная і пачутая.

Шкада толькі, што такая ініцыятыва застаецца выключна фестывальнай. А між тым, тэатр мог бы выкарыстоўваць яе ў сваім штодзённым жыцці. Чаму б не выпускаць падобную “ўнутрытэатральную” газету, якую распаўсюджвалі б на спектаклях? Там маглі б быць і кідкія анонсы, і наўмысна правакацыйныя рэцэнзіі — па некалькі розных на адну і тую ж пастаноўку. Гэта дадаткова прыцягвала б у тэатр маладзёжную публіку. Выхоўвала б яе. І выхоўвала б тэатральных крытыкаў! Днямі тэатр заявіў новы праект —“Май*КАНТАКТ-2016”, скіраваны на фарміраванне тэатральнай студыі, набранай з цяперашніх школьнікаў, якія пройдуць пры тэатры навучанне. Чаму б не прадугледзець там і асновы тэатразнаўства, тэатральнага менеджменту? Будучыя кадры — ёсць!

На ўсе густы, без “акрамя”?

Праграма сёлетняга “М.@rt.кантакта” была надзвычай размаітай. Яна ахоплівала не толькі так званыя фестывальныя спектаклі, якія апошнім часам склаліся ў асобны тэатральны кірунак, але і вельмі шырокую сцэнічную палітру. Тут была, да прыкладу, антрэпрыза — неверагодна высакаякасная, з бліскучай акцёрскай ігрой (“Да заўтра!” Тэатра адначасовай ігры “Zooпарк” з Ніжняга Ноўгарада). Быў спектакль-кабарэ (“У бары “У кракадзіла” з Берліна) — цікавы, але далёка не найвышэйшага ўзроўню, што не перашкодзіла яму атрымаць Прыз глядацкіх сімпатый. Можа, ён дапамог бы нам ацаніць майстэрства нашага кабарэ-бэнда “Сярэбранае вяселле”, больш папулярнага ў замежжы, чым на радзіме? Быў танцавальны перформанс харэографа Вольгі Скварцовай — “Happy Valentine” сталічнага Тэатра танца “SKVO’S dance company”. Быў монаспектакль, створаны зусім не з “монап’есы” (“Мілка” з Польшчы паводле п’есы “Пясочніца” М.Вальчака), амаль мюзікл (“Аракул?..”, выпакутаваны рэжысёрам Барысам Луцэнкам і кампазітарам Аляксеем Ераньковым), вулічны спектакль (“Баль генія” Львоўскага акадэмічнага духоўнага тэатра “Уваскрэсенне”). Была “вельмі страшная казка на ноч” (“Бясстрашны пан” Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра з Масквы) — дасканалая па форме, філігранная па акцёрскім ансамблі і рэжысёрскіх прыдумках, але... зусім не дзіцячая па змесце. Сустракаліся эксперыменты — як і павінна быць, са справядліва ўзаконеным правам на памылку. “Платэ... Міжземнаморская ўтопія” Даследчага тэатра “АтэльекункеоН” з Італіі — пры ўсёй недасканаласці выканання, прыцягнула постмадэрнісцкім імкненнем спалучыць розныя артыстычныя тэхнікі і прыёмы. Быў цалкам аўтарскі праект — фантазія “The beautiful” Петара Мілашэўскага з Лондана. Быў спектакль, у якім рэжысёры выступілі і аўтарамі п’есы, — “Павук” Тэатра-лабараторыі “Сфумата” з Сафіі, дзе тэкст “перамог” рэжысуру.

Было шмат класікі — той, з якой павінен быць знаёмы літаральна кожны. “Фаўст. Першы вопыт” ТЮГа з Цвяры скіраваў увагу, як і ў оперы Ш.Гуно, на Маргарыту, якую па чарзе ўвасаблялі чатыры артысткі, сімвалізуючы розныя грані вобраза. А вось цікавая, хаця і не новая ідэя абмену целамі засталася цьмянай (целамі мяняліся Фаўст з Мефістофелем, што, паводле задумы рэжысёра Рамана Феадоры, павінна было сімвалізаваць адноснасць дабра і зла). “Кароль Лір” Уладзімірскага акадэмічнага драматычнага тэатра стаўся своеасаблівым даведнікам ці нават метадычным дапаможнікам па сучасных рэжысёрска-сцэнаграфічных прыёмах, сабраўшы разам многія пазнавальныя элементы, наўпрост звязаныя з феноменам сучаснага літоўскага тэатра (рэжысёр — Лінас Зайкаўскас з Літвы). Але побач са складанымі шматузроўневымі асацыяцыямі былі і настолькі прамалінейныя ходы, якія “па-школьнаму” падзялялі герояў на “добрых” і “дрэнных”, што чым далей, тым больш нецікавым, другасным падаваўся аповед — пры ўсёй вонкавай сучаснасці яго тэатральнай мовы. Ну а “Гамлет” Валагодскага дзяржаўнага драматычнага тэатра, хаця і выклікаў ажыятаж публікі (менавіта на яго не трапіла безліч ахвотных), аказаўся ўсяго толькі “школьным” пераказам сюжэта.

На такім фоне “Злачынства і пакаранне” Тэатра-студыі “Невялікі драматычны тэатр” з Санкт-Пецярбурга сталася папраўдзе “самым маладзёжным” спектаклем, як яго адзначыла журы. У ім было галоўнае — адсутнасць ментарскай павучальнасці, якую так не прымае моладзь. Але, пры ўсёй іроніі, нават парадыйнасці (чаго каштуе хаця б дадатковая дзеючая асоба — лектарка-“вучылка” з “уступным словам”!), раптам узнікаюць сапраўдны боль, душэўныя пакуты і духоўныя пошукі пісьменніка, якія ўспрымаюцца зусім не хрэстаматыйна.

Якімі ж паўсталі на форуме беларускія спектаклі — найперш, магілёўскія? Ці ляжала бездань паміж імі і пераможным “Містрасам”? Пра ўсё гэта ды многае іншае — у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"