…пачаткоўцаў і прафесіяналаў

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Вольга ШУКАЙЛА, фатограф:
— Можна сказаць, што — пра набалелае, але з такім сутыкнулася ўпершыню.

/i/content/pi/cult/474/10072/2-2.jpgЯ даўно дзесьці чула, дый сама потым думала пра гэта: маладыя фатографы часта самі сябе падстаўляюць і абясцэньваюць сваю працу, кажучы: “Я — фатограф-пачатковец, магу зрабіць фотасесію не за 100 у.а., а за 50”. Ім патрэбен заказ, каб праявіць сябе, ім патрэбна магчымасць. І ўсё ў такім жа духу... Потым у заказчыка, які не звяртае ўвагі на словы “Я — фатограф-пачатковец”, фарміруецца няправільнае ўяўленне пра кошт фотапаслугі. І якасць часам мала хвалюе кліента, асабліва калі гэта на самой справе нескладаная здымка. Некаторыя кажуць: “Там жа няма нічога складанага: прыйсці, адзняць ды скінуць фота”.

Праз некаторы час здараюцца такія падступныя сітуацыі, калі да цябе звяртаюцца з просьбай: “Трэба знайсці фатографа за 10 у.а.”. Пры гэтым 10 у.а. — аплата за чатыры гадзіны здымак, а працаваць трэба тры дні. Гэта значыць, за дванаццаць гадзін працы — 30 у.а., і — “там жа няма нічога складанага”... У гэты момант ты спрабуеш адкрыць чалавеку вочы ды вярнуць у рэальнасць, кажучы: “Выбачайце, але падобная сесія, на добры лад, каштуе 30 — 40 у.а. за гадзіну”. У кошт жа ўваходзіць не проста час ды амартызацыя абсталявання, але і веданне, уменні, досвед, гарантаваны якасны вынік.

Гэта можна ўспрымаць як думкі ўслых, а не заклік да дыскусіі або скаргу. Так, праца на дарозе не валяецца, але... І наконт заказчыкаў. Часам гучнае імя апошняга можа аказацца проста гучным імем. У адзін цудоўны момант ілюзія разбураецца. Часам лепш працаваць з адэкватнымі, няхай і прасцейшымі, кліентамі.

І яшчэ. У любым выпадку, трэба паважаць працу іншых людзей. Памятаю, у школе была шыльда “Паважайце працу прыбіральшчыцы!”, а па Інтэрнэце гуляе “Паважайце працу працоўных!”. Фатографы — гэта з той жа катэгорыі, дарэчы.

Фота Сяргея ПІЛІПОВІЧА