1200-я варыяцыя на тэму крылаў

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Адкрыю вам тайну прыроды: у той студзеньскі вечар неба не па-зімоваму расплакалася дожджыкам менавіта дзеля таго, каб растапіць “лядовае возера” ля Палаца Рэспублікі і, расчуліўшыся, ператварыць яго ў лебядзінае. А ўсё таму, што ў самім Палацы ішоў ажно 1200-ы спектакль неўміручага балета П.Чайкоўскага. Юбілей сабраў не толькі глядацкі, але і выканальніцкі “бамонд”: у кожнай дзеі эстафету працягваў новы склад артыстаў, увасабляўшых галоўных герояў.

 /i/content/pi/cult/147/1006/Lebedinoje1.jpg

Сцэна з балета “Лебядзінае возера”. Зігфрыд — Мікалай Радзюш, Адэта — Вольга Гайко.

Адэта Вольгі Гайко вабіла лірычнасцю, шчырай безабароннасцю, не проста дзявочай, а амаль “птушынай” пужлівасцю. Марына Вежнавец увасабляла Адэту закаханую — наколькі пяшчотную, настолькі і самаадданую. У чорнай лябёдцы Адыліі Кацярына Борчанка акцэнтавала папраўдзе лебядзіную ганарлівасць, энергічнасць упэўненай у сабе жанчыны, якая добра ведае, чаго хоча.
Тры выканаўцы партыі Зігфрыда дэманстравалі кожны свайго лірычнага героя. Ігар Артамонаў быў сапраўдным прынцам — далікатным, бездакорным па манерах (і найперш — па харэаграфічнай). А дзякуючы ўдзелу ў па-дэ-труа, якое звычайна выконваецца іншым салістам, — яшчэ і вельмі галантным, уважлівым да запрошаных на баль дам.
Зграбная постаць Мікалая Радзюша асацыіравалася з юнаком, гатовым страціць раўнавагу духу, трымаючы на руках каханую. Пётр Борчанка паводле сваёй пластыкі нагадваў упартага, непахіснага ў сваім выбары падлетка-акселерата.
Не давялося, праўда, пабачыць розных Блазнаў: і Віталь Пятроўскі, і Алег Яромкін, на жаль, атрымалі траўмы і ў спектаклі не ўдзельнічалі. Затое на абодвух балях валадарыў Канстанцін Кузняцоў, чыя гарэзлівасць ніколі не пераходзіла межы класічнай узнёсласці: ягоны Блазан быў, па сутнасці, клапатлівым сябрам прынца, у любы момант гатовым прыйсці на дапамогу. Развіццём дэманічнасці Ротбарда стаўся выхад у гэтай партыі спачатку Юрыя Кавалёва, а потым Дзяніса Клімука.
Увогуле ж “парад артыстаў” не толькі ствараў адчуванне своеасаблівага агляду-конкурсу, але і нечым нагадваў прэзентацыю ці рэкламную акцыю: абраўшы на юбілейным спектаклі сваіх “улюбёнцаў”, надалей можна хадзіць менавіта на іх выступленні. А вось пра стварэнне драматургічнай канцэптуальнасці падчас падобных юбілейных акцый гаварыць звычайна не даводзіцца. Як тут адбудуеш адзіную сэнсавую лінію, калі ў кожнага з салістаў сваё ўяўленне пра характары герояў? Тым не менш, нават у такіх умовах
 /i/content/pi/cult/147/1006/Lebedinoje2.jpg
Сцэна з балета “Лебядзінае возера”. Кацярына і Пётр Борчанкі. 
артысты, выпеставаныя на па-філасофску глыбокіх, псіхалагічна ўдумлівых пастаноўках мастацкага кіраўніка Беларускага балета, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева, здолелі знайсці ў класічнай, усім, здавалася б, добра вядомай харэаграфіі галоўны лейтматыў — лейтматыў крылаў.
Дастаткова было ўбачыць выразную, трапяткую руку Таццяны Шаметавец, каб зразумець: прынц, узрошчаны такой маці, ніколі не абярэ ў спадарожніцы адну з тых мілых какетак, што яго акружаюць. Ён будзе шукаць дзяўчыну, не падобную на іншых, з такімі ж узвышана гаваркімі рукамі-крыламі, як у ягонай маці. І як у яго самога! Кідкія ж “крылы” Ротбарда — усяго толькі кітчавая падмена нябачных крылаў духоўнасці.
Пры такім раскладзе новае сэнсавае адценне ўнёс выхад двух “былых” прынцаў (І.Артамонава і М.Радзюша) у Іспанскім танцы, якім суправаджаецца з’яўленне на балі “цёмных сіл”. Калі Адылія часта ўспрымаецца быццам зваротным “чорным” бокам Адэты, дык і Ротбард аказаўся лагічным “працягам” Зігфрыда: прынц быццам сам сабе паставіў выпрабаванне, не адолеў яго, але кінуўся выпраўляць сваю памылку — і перамог.
Яшчэ адным канцэптуальным складнікам спектакля магла б стаць музыка, бо дырыжыраваў Віктар Пласкіна — адзін з лепшых сімфанічных стратэгаў і драматургаў. Тонкасць фразіроўкі, некаторыя тэмпавыя змяненні выдавалі імкненне да сцішана пастэльных фарбаў, гарманічнай ураўнаважанасці. Але на такой эмацыйнай ноце прагучала ўся партытура, што, можа, і надало ёй яшчэ большую цэласнасць, але пазбавіла фінал драматычнага напалу, а ІІІ дзею — карнавальнага бляску. У “Лебядзіным возеры” раптам пераважыла не ўласцівая П.Чайкоўскаму рэтушаваная “прыгожасць” замест жывой пульсуючай прыгажосці. І раптам падумалася: такая падмена — ці не яшчэ адна варыяцыя на тэму крылаў? Калі “па-анёльску” прыгожанькія крылцы падмяняюць вольную палётнасць, што сягае за небакрай…

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА