— Як узнікла ідэя пісаць казкі?
— Я займаюся імі ўжо досыць даўно. Калі маім сынам было прыблізна па тры гады (аднаму зараз ужо дзесяць, а другому праз месяц будзе дзевяць), я пачаў пісаць казкі. Прычым гэта адбылося вельмі спантанна. Калі ўкладваў дзяцей спаць, то яны прасілі мяне распавесці пра што-небудзь: пра пагоркі, пра зоркі, пра тое, што такое квадрат... Яны задавалі мне нейкія пытанні, і я падумаў: а чаму б і не? У нейкай простай форме ім трэба даносіць звесткі — яны будуць лягчэй усё запамінаць. Вось так паступова выпрацавалася такая традыцыя: калі кладзёмся спаць, яны задаюць мне нейкі сюжэт...
— Колькі напісана казак?
— Дакладную колькасць я не ведаю, але думаю, што больш за пяцьдзясят. Некаторыя з казак аб’ядноўваюцца ў тэматычныя блокі. Ёсць таксама такія, што стаяць асабняком: яны пра дабро, пра любоў да маці, пра любоў да радзімы. А ў блоках — па дзясятку казак і больш. Напрыклад, аповедаў пра Белага рыцара на белым кані ўжо з тузін. У маіх казках ён з’яўляецца такім супергероем, які ратуе свет. Маю і каля дваццаці розных па змесце казак пра Гродна — пачынаючы ад таго, адкуль узята ягоная сімволіка і як узнік сам горад...
— А ці звязаны вашы казкі з сучасным светам?
— На маю думку, усе сучасныя казкі — пра сучасны свет. Няма казак пра тое, што калісьці было. Усе яны ствараюцца для таго, каб дзеці спазнавалі навакольны свет. Я рыхтую тэматычныя казкі пра Гродна да выхаду адной кніжкай. Таксама ёсць пачатак тэматычных казак пра гісторыю Беларусі аж да сённяшняга часу. Прычым героі, якія ўдзельнічаюць у аповедах, — цалкам рэальныя постаці, аднак усё апісана ў казачнай форме.
— Вы расказваеце дзецям казкі пра камп’ютар, пра тэлевізар?
— Зразумела, зараз больш казкі распавядаю не пра дамавіка, а пра камп’ютаршчыка. Гэта тая асоба, якая бліжэй сучаснаму дзіцяці, і, канешне ж, усе сучасныя атрыбуты прысутныя: сотавыя тэлефоны, “сімкі” ды многае іншае...
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна