Але колькі слоў пра стары будынак. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна — у так званай Гарадніцы, — ён быў узведзены ў 70-х гадах XVIII стагоддзя падскарбіем надворным літоўскім, гродзенскім старастам Антоніем Тызенгаўзам для оперна-балетнай трупы. Цеплыня, утульнасць глядзельнай залы з балконамі, інкрустацыі, пазалота, аксаміт — усё надае асаблівы каларыт, прасякнуты гісторыяй. Да ўсяго, на гэтай сцэне ў розныя часы выступалі італьянскія балетмайстары і спевакі, прыгонныя мясцовыя танцоры, прэзентаваўся оперны і балетны рэпертуар нямецкіх, французскіх, італьянскіх аўтараў, гастралявалі выдатныя польскія калектывы, стала дзейнічаў тэатр Саламеі Дэшнер. Пэўны час сцэна была сваёй для Дзяржаўных польскага тэатра БССР і польскага тэатра лялек, Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра. З цягам часу ў тэхнічным плане стары будынак перастаў адпавядаць сучасным патрэбам, а ў горадзе наспела неабходнасць правядзення маштабных мерапрыемстваў і прыняцці гастролей. На той час ніводзін гмах у Гродне не быў прыстасаваны да падобных імпрэз…
Абраная пад узвядзенне новага тэатра пляцоўка месцілася ў цэнтры горада і мела сваю гісторыю. У XVII cт. тут знаходзіўся касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Маці Божай кляштара бернардзінак, якія вялі школу для дзяўчынак, апекаваліся сіротамі і ўбогімі, мелі свой пансіён. Пасля касацыі ў 1853-м сюды перавялі праваслаўны Барысаглебскі мужчынскі кляштар. У 1930-я тут размяшчалася праваслаўная гімназія, жаночая кравецкая школа. Пад час Другой сусветнай вайны касцёл і кляштар былі моцна пашкоджаны, а месца цягам доўгага часу заставалася без гаспадара...
Урэшце, гродзенцы, якія беражліва ставяцца да захавання спадчыны, спачатку без аптымізму віталі футурыстычны навабуд архітэктара Г.Мачульскага. Тэатр, па сутнасці, паўставаў у гістарычным цэнтры, дзе планіровачная структура складалася не адно стагоддзе, і моцна кантраставаў з гістарычным наваколлем. Мяркуйце самі: будынак атачаюць Свята-Барысаглебская (Каложская) царква XII ст., Ніжні (Стары) XII — XIX стст. і Верхні (Новы) замкі XVII ст., Базыльянскі манастыр XVII — XVIII стст., касцёл Адшукання Святога Крыжа кляштара бернардзінцаў XVI — XVII стст.
А вось убранне інтэр’ераў, канешне ж, радавала вока: дэкаратыўныя ліхтары, каскады лесвіц, светлыя фае, упрыгожаныя аб’ёмнымі скульптурнымі кампазіцыямі з гісторыі тэатра, якія спалучалі элементы жывапісу, скульптуры і нават архітэктуры, а разам з сістэмай кансолей, святлом стваралі свае візуальныя ды пластычныя прасторы такім чынам, нібы гэта “маленькія тэатры ў тэатры” (мастакі — І.Пчэльнікаў ды І.Лаўрова). Бюсты Пушкіна, Шэкспіра і Мальера, выявы Скарыны, Гусоўскага, Коласа, актыўна ўваходзячы ў сцены, аддзяляюць фае ад Вялікай (665 месцаў), а фрэскі ад Малой (216 месц) залаў.
Сёння старэйшае пакаленне акцёраў згадвае, як хадзілі на суботнікі прыбіраць будаўнічае смецце, рэпетыцыі, тагачаснае адчуванне ўздыму, што не псавалі нават недахопы праекта: холад, слабая акустыка, непрыстасаванасць да патрэб тэатра памяшканняў і механікі. Так, пасля пэўныя хібы выпраўляліся, а некаторыя пакоі перапрыстасоўваліся…
Неўзабаве пляцоўка на ўзвышшы з цудоўным відам на Нёман вакол тэатра стала ўлюбёным месцам адпачынку гараджан. Басейн з фантанам, рашэнне цэнтральнага ўвахода з пластычна выгнутымі сценкамі і фігурнай скульптурнай кампазіцыяй з выявамі Паэта, Крылатага Пегаса, Музы скульптара Л.Зільбера надаюць гэтаму месцу адметны каларыт. А пра тое, што будынак Гродзенскага абласнога стаў брэндам горада над Нёманам, сведчыць прысутнасць яго выяў ва ўсёй магчымай сувенірнай прадукцыі. Дарэчы, сёлета эскіз тэатра, выкананы ў беларускіх матывах, стаў лагатыпам акцыі “Гродна — Культурная сталіца Беларусі”.
Лана ПЯТРОЎСКАЯ, вядучы рэдактар літаратурны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра