Нядолі жырандолі на... сметніцы

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Як абараніць артэфакты савецкага часу ад вынікаў еўрарамонту?
Сцісла пра важнае: нам неабходна тэрмінова знайсці, упарадкаваць і закансерваваць прадметы інтэр’ера савецкай эпохі. А цяпер больш падрабязна. Рэчы абазначанага мной часу маюць сакавіты, ёмісты, пазнавальны каларыт. Маштаб, матэрыялы, прапорцыі, характар прадметаў — усё асаблівае. Гэта, безумоўна, стыль і прадмет гонару для нас, уладальнікаў узораў названага кірунку. Але сёння ў Мінску, ды, напэўна, і ў іншых гарадах Беларусі, такія артэфакты, часцей за ўсё, захаваліся выпадкова: мода на еўрарамонт ужо змяніла ці зніштожыла большасць прадметаў не такой і далёкай ад нас эпохі. Тыя рэдкія фрагменты, якія да гэтага часу з намі, жывыя толькі па адной прычыне: няма грошай на нармальны рамонт памяшкання, дзе яны знаходзяцца...

/i/content/pi/cult/473/10045/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/473/10045/3-2.jpg

Хто цяпер успомніць, якая была столь у краме “Акіян” на мінскай вуліцы Казлова, а сістэма асвятлення? Новае абсталяванне, таннае на выгляд ды і не лепшае па якасці, спрэчныя, мякка кажучы, “упрыгожанні”… Гэтыя новаўвядзенні павінны былі зрабіць інтэр’ер лепшым за той, савецкі, а значыць — больш прыгожым, сучасным, што само па сабе гучыць як нонсэнс. Скажам, каштоўнасць металічных дэкаратыўных панэлей у краме дзякуючы сучасным суседзям знізіцца і наблізіцца да нуля. А між тым, такі элемент ужо можна экспанаваць у музеі. Урэшце, паўтаруся, каб хапала грошай на “чалавечы” рамонт, то гэтых дзіўных панэлей мы б ужо не ўбачылі.

Чаму? Бо схема рамонтаў у грамадскіх інтэр’ерах у нас простая: на падлозе з’яўляецца керамінаўскі грэс, два хадавыя колеры якога і ягоны памер адразу абязлічваюць памяшканне, на столі — армстронг, уваход перагароджваюць белыя пластыкавыя дзверы, а пустыя кавалкі на сценах займае няўдалая па колеры рэклама. Пагадзіцеся, ужо хочацца знайсці інвестара, які цалкам змяніў бы аблічча крамы!

Іншы прыклад. Завітайце ў мінскі ж Дом літаратара і зірніце на столь ды гронку сапраўды вялікіх, па сённяшніх мерках, шароў-свяцільняў! Дадзены тып кампаноўкі групы апошніх — адзін з хадавых сёння сярод вядучых еўрапейскіх фабрык. А гэта ж 1976 год! Дадамо да агульнага ўражання высачэзныя вокны з гардзінамі, якія абсалютна не выглядаюць недарэчна, як у большасці сучасных будынкаў, фасад з натуральнага туфу — і вось ён, годны помнік сваёй эпохі, аб’ект турыстычнага паломніцтва. Бо экскурсіі па архітэктурных помніках — адзін з найпапулярных заняткаў для турыстаў. Пытанне ў дадзеным выпадку ў тым, як захапляльна прадставіць і апавесці пра кожны канкрэтны аб’ект ды іх сукупнасць агулам. Упэўнена, што савецкая эпоха вартая быць прадстаўленай у гісторыі сусветнай архітэктуры. З кожным годам каштоўнасць матэрыяльных помнікаў ды сімвалаў эпохі ўзрастае, і пра гэта трэба памятаць ды ўлічваць пры кожным рамонце.

Чарговы прыклад. Столі і люстры гандлёвага цэнтра “Шчасце” ў мікрараёне “Усход”. На жаль, ужо відавочныя спробы рамонту: новае колеравае рашэнне на сценах закранула і бэлькі столі. Гэты інтэр’ер па-свойму прыгожы, паколькі сведчыць пра канкрэтны час і здольны акунуць чалавека, які ўвайшоў сюды, менавіта ў тую атмасферу: “паляўнічыя” на эмоцыі і ўражанні яго ацэняць. Што яшчэ назваць? Уражвае актавая зала гасцініцы “Юбілейная”, свой час прадстаўляюць жырандолі ў кінатэатры “Перамога”...

Яшчэ адна важная дэталь. Прыглядзіцеся: савецкія інтэр’еры знаходзяцца ў поўнай гармоніі з фасадамі і агульным кампазіцыйным рашэннем будынка. Сёння для нас, на жаль, гэта амаль недасяжны ўзровень праектавання.

Дарэчы, калі будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры, то прадугледжваецца, што прадметы інтэр’ера таксама падлягаюць ахове дзяржавы. Аднак калі ў пералік абавязковых да аховы матэрыяльных аб’ектаў у пашпарце будынка свяцільні або сценавыя панэлі не ўваходзяць, то іх лёс залежыць ад абставін і асабістага густу чалавека, які прыме рашэнне аб характары і кірунку рамонту, а таксама аплаціць яго. Азнаёміцца са спісам тых элементаў не так проста, паколькі яго няма ў агульным доступе, так што праходзячы міма цудоўнай, але вельмі ж савецкай жырандолі, мы, да вялікага жалю, не можам быць спакойнымі за яе будучыню.

Чаму? Бо статус помніка архітэктуры не перашкаджаў некаторым уласнікам усе гэтыя гады выкідваць цяжкія, прыгожыя і часта папраўдзе шыкоўныя ўваходныя дзверы ды ставіць замест іх танныя пластыкавыя. Некаторыя ўзоры часу яшчэ функцыянуюць. Калі казаць пра Мінск, дык гэта, да прыкладу, уваходы кінатэатра “Цэнтральны” і адзін з уваходаў будынка па Камсамольскай, 13. І гэта толькі тыя прыклады, якія апынуліся бліжэй за іншыя пры падрыхтоўцы візуальнага шэрагу да матэрыялу.

Савецкі перыяд падарыў нам мноства цудоўных узораў прадметнага свету. Шмат з таго, савецкага, значна лепшае і больш якаснае за навінкі прасунутага Захаду. Так, мы імкнёмся выкарыстоўваць новыя матэрыялы ды тэхналогіі — гэта лагічна. Аднак тое не павінна нам даваць права бяздумна знішчаць матэрыяльныя сляды мінулай эпохі.

Упэўнена, што савецкі перыяд мае патрэбу ў сістэматызаванні і музеефікаванні. Засталося не так шмат: можна пачынаць захоўваць усё, што здолеем знайсці. Часткі столяў і жарандолі маглі б пераехаць у музей савецкай эпохі. Стварэнне такой установы, пра якую ўжо неаднойчы пісала і газета “Культура”, дапаможа нам падагульніць пэўны гістарычны этап і дасць магчымасць дыхаць на поўныя грудзі ў гэтай сферы, але — па-сучаснаму! З чаго б пачаць? Мо нарэшце скласці маршрут па горадзе, дзякуючы якому можна пазнаёміцца з усімі помнікамі перыяду — ад будынкаў да крэслаў і жырандоляў?..

Аляксандра БАЯРЫНА, архітэктурны антраполаг, сябра Беларускага саюза дызайнераў