…культуру як прадукт

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст:
— Мне як практыку (сцэнарысту дакументальных фільмаў) было надзвычай цікава пачуць на нядаўняй канферэнцыі ў Інстытуце культуры Беларусі даклады спецыялістаў у такіх судакранальных з культурай сферах, як эканоміка, сацыялогія, культуралогія, філасофія ў іх узаемасувязях і ўзаемаўплывах. Натуральна, з часам з'яўляюцца новыя формы, мадэлі ды перспектывы развіцця культуры. Вось толькі мне падалося, што новае — не заўжды сінонім слова “добрае”…

/i/content/pi/cult/472/10036/3-3.jpgНайперш, мяркую, тое датычыцца новых паняццяў і новай тэрміналогіі. У многіх дакладах гучала: “культурныя паслугі”, “культурныя прадукты”, “рынак культурных паслуг”. Паслухала я выступоўцаў і падумала: дык мо перадаць установы культуры ў… сферу бытавога абслугоўвання насельніцтва?

Мяне шчыра цікавіць, адкуль і чаму ўзніклі такія выразы ды фармулёўкі, што ўжо сталі ўстойлівымі і ў паўсядзённасці. Нават у нядзельнай пропаведзі на адным з нашых тэлеканалаў святар прамаўляе літаральна наступнае: “Вернікі ўспрымаюць гэты інфармацыйны прадукт”. А чаму б не сказаць проста: “інфармацыю”? Няўжо "не модна"?

Тады я — безнадзейна нямодны чалавек… І па завядзёнцы стаўлюся да культуры, перадусім, як да асветніцкай місіі (таго, што робіць чалавека высакародным), як да набору пэўных кодаў. А ў іх атачэнні культурнаму прадукту не надта каб утульна…

Фота Ірэны ГУДЗІЕЎСКАЙ