…пошук герояў у мінуўшчыне

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар:
— Калі я быў малы, выбар вартых прыпадабнення герояў не стаяў так востра, як цяпер. Дзятва неабсяжнага СССР лічыла сваімі героямі Чынгачгука, Капітана Нэма ды іншых персанажаў прыгодніцкіх кніг. Натуральна, па меры сталення яны страчвалі сваю актуальнасць. І чым далей, тым сур’ёзней я задаваўся пытаннем: а ці ёсць у нас свае, нацыянальныя героі? Не плён пісьменніцкай фантазіі, а — рэальныя постаці, якімі сапраўды можна захапляцца? Урэшце, пераканаўся ў тым, што гісторыя героямі нас не абдзяліла. І сярод іх асаблівае месца займае прызабыты сучаснікамі Тадэвуш Рэйтан, чыё імя стала сімвалам патрыятызму не раўнуючы ва ўсім свеце.

/i/content/pi/cult/472/10035/3-2.jpgГэта нібы сапраўдны Кландайк для дапытлівых даследчыкаў. З вяртаннем імені Рэйтана на Беларусь вяртаецца і цэлая эпоха — складаная, жорсткая, але рамантычная. Эпоха вялікіх герояў і дробных злодзеяў. На прыкладзе гэтых рэальных постацей можна многае патлумачыць нашай моладзі.

І пакуль пясок не расчышчаны, нам па-ранейшаму будзе бракаваць герояў, здатных натхняць маладое пакаленне. Прычым герояў менавіта сваіх — тых, якія гадаваліся ў нашых вёсках ды гарадках.

І няма сумневу ў тым, што такія героі ды іх супярэчлівая эпоха здатныя насычаць гістарычную плашчызну падзеямі ды падсілкоўваць людзей творчых. Тым самым ствараецца адмысловы культурны фон. Змяняюцца людзі.