Каб прабіцца — рабіць за 2,5 еўра або задарма

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Чаму мы "мерцвякі" для сусветнага дызайну?
На беларускім рынку выраз “дызайнерскія свяцільні” асацыюецца сёння з замежнымі брэндамі, а зусім не з айчыннымі аўтарамі. Апошнім наўрад ці калі наканавана канкурыраваць з масавай прадукцыяй “Ikea”, але ж асобнай паліцы ў краме іх вырабы ўсё ж заслугоўваюць.

/i/content/pi/cult/472/10032/2-1.jpg /i/content/pi/cult/472/10032/2-2.jpg

/i/content/pi/cult/472/10032/2-3.jpg

/i/content/pi/cult/472/10032/2-4.jpg /i/content/pi/cult/472/10032/2-6.jpg

/i/content/pi/cult/472/10032/2-5.jpg /i/content/pi/cult/472/10032/2-8.jpg

/i/content/pi/cult/472/10032/2-7.jpg

Праект “Ліхтарт”, што прайшоў у галерэі “Універсітэт культуры”, быў прысвечаны эстэтызацыі крыніцы святла — не метафізічнага, а электрычнага. Як і іншыя падобныя ініцыятывы Беларускага саюза дызайнераў, выстаўка ставіла перад сабой не столькі прагматычную, колькі чыста творчую мэту. Практыкуючыя “прадметнікі”, прызвычаеныя самавыяўляцца пад пільным наглядам заказчыка, атрымалі магчымасці для крэатыву. І, натуральна, накрэацівілі. Залы галерэі нагадвалі нейкую дзівосную краму старызніка. Асаблівую ўвагу прыцягвалі шматлікія паржаўленыя канструкцыі ў духу папулярнага цяпер стымпанка або рэтра-футурызму (падобна, ён усур’ёз прыйшоў на змену стылістыцы хай-тэк і “хай-так”). Ва ўсялякім выпадку, музейны раздзельчык экспазіцыі, дзе прадстаўлены даўнія ўзоры дызайну, амаль зліваўся з уласна аўтарскай часткай.

Многія з выстаўленых у рамках праекта свяцільняў зусім не прызначаліся для чыіхсьці кватэр, офісаў або нават кавярняў. Гэта як авангардная мода: паглядзець цікава, але на штодзень наўрад ці хто будзе насіць. Аднак некаторыя “ліхтарты”, падаецца, могуць паспяхова існаваць не толькі ў галерэйнай прасторы, але і ў інтэр’еры. Да таго ж, менавіта эксперыментальныя арт-праекты часцяком становяцца ўрадлівай глебай для серыйнай вытворчасці — няхай сабе і ў адаптаваным выглядзе.

Уласна, гэтай тэме быў прысвечаны “круглы стол” “Дызайн на каленцы”, што адбыўся ў рамках праекта з мадэраваннем архітэктара, дызайнера Аляксандры Баярынай. Як адзначыў старшыня Саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, арганізатары выстаўкі імкнуліся звярнуць увагу вытворцаў на патэнцыял айчыннай дызайнерскай супольнасці. І гэта важна хаця б таму, што сёння такой увагі відавочна бракуе.

— Наколькі мне вядома, у нас ужо ёсць спробы нешта рабіць, прычым даволі паспяховыя, — адзначыў Дзмітрый Сурскі. — Аднак пакуль усё залежыць толькі ад высілкаў саміх дызайнераў. Спадзяюся, гэтая гутарка дапаможа ім знайсці шляхі прасоўвання сваіх ідэй на рынак...

Пыласос і баначкі для смятаны

Як ні дзіўна, залаты час беларускага “ліхт-бізнесу” прыпаў на складаны перыяд “змены эпох”. Некаторыя дызайнеры зрабіліся кааператарамі (мабыць, не ад добрага жыцця) ды ўласнаручна наладжвалі напаўсаматужную вытворчасць аўтарскіх свяцільняў, балазе рынак тады быў гатовы з’есці ледзь не ўсё. Першыя ж спробы развеялі ўсе сумневы наконт складанасці вырабу такіх прадметаў інтэр’ера. Нават ва ўмовах каматознага стану прамысловасці гэта было цалкам рэальна і не надта затратна. Часам у справу ішлі адыходы вытворчасці, пра што наўрад ці здагадваліся ўдзячныя спажыўцы.

— Мы з хлопцамі (двума іншымі дызайнерамі) распрацавалі свае светачы з традыцыйнай керамічнай вазай, абажур быў з полістэролу, — распавядае Віктар Астахновіч. — Полістэрол — добры і танны матэрыял, мы знайшлі яго на барысаўскім камбінаце, дзе робяцца баначкі для смятаны. Прычым найвышэйшы яго гатунак ішоў менавіта на баначкі, а нам перападала тое, што заставалася. Зрабілі з пыласосу фармовачную машыну і штампавалі па сто абажураў у дзень... Карацей кажучы, выйшлі на тыраж. Мелі нават свой мадэльны шэраг, прадавалі прадукцыю і ў нас, і ў Маскву ды Піцер з правадніцамі адпраўлялі... Куплялі няблага...

Аднак кааператывы адышлі ў мінулае, як і іншыя атрыбуты эканомікі “пераходнага перыяду”, а на больш сур’ёзны ўзровень беларускія дызайнеры так і не выйшлі. Паліцы крамаў пустымі не засталіся: іх хутка запоўніла штампоўка “мэйд ін…” самі ведаеце, дзе.

Дапамога бізнес-анёла

Натуральна, мадэль кааператыву састарэла і чыста маральна. У цяперашні век складаных тэхналогій і вузкіх спецыялістаў самастойна асвоіць увесь вытворчы цыкл для дызайнера даволі складана. Тым больш, не ягоная гэта справа — уласнаручна ўвасабляць свае ідэі. І паколькі айчынныя вытворцы не праяўляюць асаблівага інтарэсу, дызайнеры шукаюць кантакту з замежнымі...

— Цягам апошніх чатырох гадоў я супрацоўнічаю з кітайскімі прадпрыемствамі, — распавёў Максім Шняк. — Прадаю ім свае ідэі. На жаль, здараецца так, што рынак перапрацоўвае іх да непазнавальнасці, і аўтар ніяк не здатны ўплываць на гэты працэс. Думаю, гэта адна з асноўных праблем, з якімі часта сутыкаецца дызайнер...

Максім Шняк спрабуе рэалізоўваць свае задумы і на Беларусі — няхай сабе і невялікімі тыражамі, — але вытворчыя цяжкасці надта ж даюцца ў знакі. Падобныя праблемы мае і ягоны калега Кірыл Басаў. Ён ужо выпусціў тыраж уласнай свяцільні лікам... ажно ў восем штук. Справа мела поспех, усе яны разышліся. Але ці ўдасца нарасціць аб’ёмы, ён пакуль не ведае: шмат розных складаных тэхналагічных дробязей...

Па словах вядомага дызайнера Васіля Андрэева, аўтарскі прадукт апрыёры не здатны канкурыраваць з серыйнай вытворчасцю ўсім вядомых брэндаў. Асноўны прынцып, якім яны кіруюцца, — максімальная аптымізацыя затрат праз адмову ад тых “лішніх” дэталей ды матэрыялаў, што і з’яўляюцца аўтарскай фішкай.

— Калі шведскі дызайнер можа лічыць сябе крутым, робячы прыстойны прадукт па цане пяць еўра, беларускаму дызайнеру, каб стаць крутым, трэба зрабіць тое ж самае за два з паловай, — дадаў Васіль Андрэеў. — Пакуль што мы “мерцвякі” для сусветнага дызайну, ніхто пра нас асабліва не ведае. І таму важна заяўляць пра сябе на вялікіх міжнародных форумах, як гэта ўжо актыўна робіць, скажам, Польшча...

Удзел у “круглым стале” ўзяў і бізнес-анёл Андрэй Гусараў. “Бізнес-анёл” — гэта не дзіўны эпітэт, а род дзейнасці: інвестар, які ўкладае грошы ў смелыя інавацыйныя праекты, кіруючыся перадусім прагматычнымі мэтамі. Менавіта таму прамоўца не спяшаўся нікога “акрыляць” канкрэтнымі абяцаннямі. Але пры гэтым адзначыў, што бачыць перспектыву ў наладжванні вытворчасці эксклюзіўных дызайнерскіх светачаў, разлічаных на элітны сегмент рынку. А запэўніванне ў тым, што добрая ідэя можа каштаваць шалёныя грошы, без сумневу, абнадзеіла ўсіх прысутных.

Электрычны мозг

Малады дызайнер Ігар Салаўёў не так даўно “прачнуўся знакамітым”. Для гэтага спатрэбілася ўсяго толькі даслаць на адзін буйны міжнародны інтэрнэт-партал свой крэатыў — свяцільню ў выглядзе мозга. Выява ўсім спадабалася, і яе ахвотна растыражавалі дзясяткі рэсурсаў з розных краін.

— Я адразу атрымаў процьму лістоў ад ахвотнікаў купіць такую лямпу, бо многія не разумелі, што гэта ўсяго толькі рэндар, — дадаў аўтар.

З таго часу прамінула ўжо два гады, а канцэпт пакуль так і не ўвасобіўся ў канкрэтны прадукт. Праблема ўсё тая ж: тэхналагічна складаная вытворчасць. Хіба адна французская фірма набыла правы на выкарыстанне самой "карцінкі".

Па словах Дзмітрыя Сурскага, задума з электрычным мозгам мае самыя розныя спосабы рэалізацыі — у тым ліку, і ў выглядзе светлавой скульптуры:

— Як я бачыў развіццё гэтай ідэі... Думаю, рабіць звычайную энергазберагальную лямпачку — ад пачатку тупіковы шлях, бо калі яе ўключаеш, ніякіх звілінаў не ўбачыш — проста яркая пляма. Настольная ж свяцільня — больш прадуктыўная. Але ці не найлепшы варыянт — самавіты арт-аб’ект на гарадской вуліцы, зроблены ў вялікіх памерах. Думаю, яму проста наканаваны лёс папулярнай адметнасці.

— Хацеў зрабіць розныя варыянты гэтай свяцільні: і для столі, і для сцен, і ў розных колерах, але… грошы скончыліся, — дызайнер тут жа апусціў усіх на зямлю.

Чаму ж беларускія вытворцы не праяўляюць ініцыятыву, каб асвоіць выпуск перспектыўнага, здавалася б, нішавага прадукта? У сваім выступленні на “круглым стале” выкладчык кафедры прамысловага дызайну БДАМ Алесь Фаменка распавёў пра свае спробы наладзіць з імі кантакт: каб найлепшыя ідэі студэнтаў не траплялі ў шуфляду.

— Я неаднаразова прапаноўваў іх дырэктарам розных прадпрыемстваў, — кажа ён. — Часам ідэі проста выдатныя: прыкладам, убудаваная ў асфальт парковачная свяцільня, якая сігналізуе, што месца вольнае... Але плёну пакуль ніякага. Вытворцы звяртаюцца да нас па “халяўныя” праекты, каб пры нагодзе з іх дапамогай можна было зрабіць справаздачу “наверх”: маўляў, варушымся, шукаем, без справы не сядзім... А вось укладаць сродкі ў асваенне новых вырабаў ніхто не хоча. Таму работы студэнтаў так і не спазнаюць лагічнага завяршэння — укаранення ў вытворчасць...

Да таго ж, як адзначыў Алесь Фаменка, узнікае процьма юрыдычных нюансаў: “падвесці базу” пад камерцыйнае супрацоўніцтва паміж навучальнай установай і прадпрыемствам на сёння вельмі няпроста. Зазвычай усё абмяжоўваецца банальным “бартарам”: студэнты праходзяць практыку на тым або іншым заводзе, а наўзамен пакідаюць напрацаваныя ідэі. Натуральна, задарма.

І ўсё ж дыскусія скончылася на аптымістычнай ноце. Дырэктар кампаніі — аднаго са спонсараў праекта — была настолькі ўражана яго творчым вынікам, што выказала гатоўнасць укласці ўласныя сілы і рэсурсы ў прасоўванне айчыннага “ліхтарту”. Балазе магчымасці для гэтага ёсць: фірма мае буйны салон свяцільняў, у якім дагэтуль была прадстаўлена толькі замежная прадукцыя. Адпаведна, некаторыя экспанаты выстаўкі непасрэдна з галерэі выправяцца на паліцы крамы, у якой нават будзе створаны адмысловы раздзел. Гэта значыць, што арганізатары “Ліхтарту” стараліся не дарма: апрача ўражанняў публікі, праект можа мець і нейкія куды больш адчувальныя наступствы.

Фота аб'ектаў з выстаўкі зрабілі Сяргей ЖДАНОВІЧ і Таццяна ГЛАДКАЯ.