Так, зусім нядаўна Мірскі замак наведаў Антоній Беліна-Бразоўскі, пляменнік апошніх яго ўладальнікаў. Ён разам з жонкай Евай пабываў у Беларусі ўпершыню. За тры дні знаходжання ў нашай краіне госці завіталі ў Мінск, Нясвіж, Навагрудак, пазнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва Мірскага замка, ацанілі маштаб яго рэстаўрацыі, падрабязна вывучылі генеалагічнае дрэва Святаполк-Мірскіх. Прадстаўнікі славутага роду зацікавіліся лёсам князя Міхаіла, яго братоў ды іншых сваякоў. У сваю чаргу, яны расказалі пра цётку Катажыну, у прыватнасці, перадалі ўспаміны маці Антонія пра сваю сястру.
Лёс гэтай жанчыны быў цяжкі, хоць першапачаткова нічога не прадвяшчала кепскага: шчаслівае дзяцінства ў доме бацькоў, удалы шлюб і пераезд у дом мужа... А потым — круты паварот лёсу: арышт, высылка ў Сібір... Катажына была чацвёртым дзіцем з семярых у сям’і Канстанціна і Ірэны Бнінскіх. Нарадзілася ў 1916-м, у 22 гады выйшла замуж за Аляксандра Дзмітрыевіча Святаполк-Мірскага, пляменніка князя Міхаіла. Муж і жонка пасяліліся ў маёнтку “Замір’е”, але жыць разам доўга і шчасліва не атрымалася. Праз некалькі месяцаў адбылася змена ўлады. Аляксандр як “сацыяльна небяспечны элемент” быў адпраўлены ў турму. Яго чакала высылка ў Сібір. З немаўляткам на руках, разам з сястрой Тэрэзай і стрыечнымі братамі туды ж была саслана і яго жонка Катажына...
У час сустрэчы з дырэктарам Замкавага комплексу Вольгай Папко Антоній Беліна-Бразоўскі перадаў у архіў музея вясельны фотаздымак цёткі Катажыны Святаполк-Мірскай.
Вольга КАЛАСОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір".