“Настальгія” — гэта...

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

У Віцебскай вобласці прайшоў ХІІ Абласны агляд-конкурс клубаў “Ветэран” і ветэранскіх творчых калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў рамках Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў. Праведзены ён, сярод іншага, у мэтах развіцця ды папулярызацыі традыцый аматарскай творчасці ветэранскіх калектываў Віцебшчыны і прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Арганізатарамі агляду-конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ды абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

Праграма прадугледжвала выступленні ветэранскіх калектываў і сольных выканаўцаў. Абавязковай умовай было выкананне твораў аб Вялікай Айчыннай вайне (або напісаных у гады вайны). Журы правяло агляд па некалькіх зонах: у Віцебску і Оршы, а таксама ў пасёлках гарадскога тыпу — Коханаве Талачынскага раёна і Шаркаўшчыне.

У аглядзе цягам трох конкурсных дзён прынялі ўдзел 57 калектываў мастацкай самадзейнасці з устаноў культуры ды іншых арганізацый, а таксама больш за 60 сольных выканаўцаў. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: Гран-пры атрымалі народны вакальны ансамбль “Настальгія” Культурна-дзелавога цэнтра “Першамайскі” Віцебска і хор ветэранаў “Залатыя гады” Докшыцкага ГЦК.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага центра народнай творчасці