І тады прыйшла траўніца…

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

У 1992 годзе, па ініцыятыве аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама і ў адпаведнасці з рашэннем Старабудскага сельсавета, адкрыўся Старабудскі дом-музей народнай медыцыны.

/i/content/pi/cult/472/10025/10-8.jpg

Работу ўстановы з дня яе заснавання ладзіць бібліятэкар першай катэгорыі і вядомая траўніца Ніна Сярэбраная. Веды пра зёлкі перадала ёй маці — Ганна Іванаўна Хомчанка. Дапамагла і спецыяльная літаратура. Было створана аматарскае аб’яднанне “Здароўе ў нашых руках”, куды апрача Хомчанка ўвайшлі яе муж, дачка, а таксама дырэктар мясцовага СДК Алена Дзмітрачкова.

Да аматарскага аб’яднання падключаецца і фельчарска-акушэрскі пункт. Сумесна распрацоўваюць планы пасяджэнняў, лекцый, гутарак. У Доме народнай медыцыны любога ахвотнага навучаць лячыцца, да прыкладу, ягадамі. Тут пастаянна праходзяць цырымоніі дэгустацыі фітагарбат, сустрэчы ля самавара, віктарыны на веданне зёлак. Вывучаюцца методыка гатавання лекавых адвараў, афармленне расліннага інтэр’ера.

Такім чынам, у Старой Будзе не толькі збіраюць ды гатуюць лекавыя расліны, але і наладжваюць сувязі з людзьмі, што валодаюць ведамі нетрадыцыйнай медыцыны, якая пастаянна ўдасканальваецца.

Што можна ўбачыць у музеі? Зёлкі, рассартаваныя па лекавых здольнасцях. Кожны збор мае сваё прызначэнне, канкрэтны рэцэпт. Прэзентуецца каля 30 відаў такіх збораў. Ёсць і карта-схема распаўсюджвання траў на тэрыторыі сельсавета, вядзецца картатэка мясцовых траўнікаў.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымку: зёлкавыя зборы ў Старабудскім доме-музеі народнай медыцыны.