Па модусе "дзесьці густа, дзесьці пуста"

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Шэсць пацерак аршанскіх караляў: як зрабіць вогнетушыцель музейнай аздобай?
Віцебшчына, дарэчы, багатая не толькі самымі рознымі творчымі варыяцыямі раённых дамоў рамёстваў, але і вось такімі шматпрофільнымі музейнымі аб’яднаннямі. Згадайма з гэтай нагоды адпаведныя ўстановы Полацка ці Браслава. Шэсць музеяў дзейнічаюць і ў Оршы. Пра іх узаемадзеянне і хацелася распавесці ў чарговай частцы нашых “аўтамабільных” публікацый. Жаданне гэтае абумоўлена яшчэ і тым, што ў Оршы — шэсць музеяў, а ў Верхнядзвінску і Дуброўне — пакуль аніводнага. Мо аршанскі прыклад натхніць тых, хто адказвае за нармальнае фінансаванне дзяржпраграм развіцця рэгіянальнай культуры?..

/i/content/pi/cult/472/10023/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/472/10023/10-3.jpg

Млын і будынак колішняга езуіцкага калегіума — элементы музейнай інфраструктуры Оршы.

/i/content/pi/cult/472/10023/10-2.jpg

Уладзімір Кузубаў.

/i/content/pi/cult/472/10023/10-4.jpg

Наталля Антаневіч.

/i/content/pi/cult/472/10023/10-5.jpg

Арыгінальны спосаб размясціць вогнетушыцель.

/i/content/pi/cult/472/10023/10-6.jpg

Сацыякультурны аб'ект у аграгарадку "Рудкаўшчына".

Бізнес-планы “аб’яднанага” дырэктара

Сустрэліся ды паразмаўлялі з дырэктарам Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Уладзімірам Кузубавым, які на паўдня стаў для нас аршанскім гідам. Вельмі хутка і прадметна давёў, што менавіта ў ягоным родным горадзе першым з’явіўся камень-помнік у гонар літары “у нескладовае”, што менавіта Орша з яе цэрквамі, скверамі і помнікамі мае вялізны патэнцыял для далейшага развіцця музейнай справы ў прыватнасці і туріндустрыі — увогуле…

Дык вось, у аршанскіх музейных каралях — шэсць пацерак: музеі Канстанціна Заслонава, які з’явіўся першым у горадзе ў 1947 годзе, Уладзіміра Караткевіча, народнага разьбяра Шаўрова, гісторыі і культуры Аршаншчыны, этнаграфічны, а таксама Галерэя Віктара Грамыкі, дарэчы, самая “маладая”, якая дзейнічае ў сценах езуіцкага калегіўма з 2008 года.

А наперадзе — стварэнне новых цікавых музейных аб’ектаў. Так, на думку Уладзіміра Кузубава, неабходна выкарыстаць патэнцыял старадаўняга Куцеінскага мужчынскага манастыра. Менавіта там, упершыню на беларускіх землях, у 1631 годзе быў надрукаваны “Буквар”, а таму неўзабаве там мяркуецца стварыць аднайменны музей з разнастайнымі інтэрактыўнымі элементамі, які будзе арыентаваны галоўным чынам на дзіцячую аўдыторыю. Пра тое, што планы гэтыя — не фантастычныя, сведчыць выдзеленае фінансаванне на рэстаўрацыю манастыра, а таксама ўзнаўленне там колішніх старадаўніх будынкаў. Да ўсяго, да музейнага кіраўніцтва горада з гарвыканкама паступіла прапанова стварэння яшчэ адной установы — Музея спорту. Вось толькі ці знойдзе ён свайго наведвальніка, апрача арганізаваных груп школьнікаў, у і без таго багатым на цікавыя перліны горадзе? Урэшце, відавочна: “музейны патэнцыял” Оршы — вялікі.

Толькі чаму ж тады далёка не кожны турыст выдаткоўвае свой час на гасцяванне ў музеі, пра што адзначалася ў мінулым нумары “К”?..

Уражаныя Музеем нашага слыннага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, абмяркоўвалі перспектывы ўстановы ледзь не да апоўначы. І хоць далей па маршруце аўтападарожжа нас чакалі аб’екты культуры Магілёўшчыны, калегіяльна вырашылі: перш чым прадоўжыць вандроўку, яшчэ раз наведаць Оршу, а калі больш дакладна — дэталёва разабрацца з асаблівасцямі музейнай структуры старадаўняга і багатага на культурныя артэфакты горада.

Мяркуйце самі: па статыстыцы, за мінулы год музеі горада наведала крыху больш за сорак тысяч чалавек. А колькі не наведала? Такую інфармацыю статыстыка не дае. Магчыма, бракуе добрай рэкламы, зручных указальнікаў. З гэтай нагоды, па словах Уладзіміра Кузубава, музей плённа супрацоўнічае з аддзелам гарвыканкама, які адказвае за турызм: зараз сумесна распрацоўваецца канцэпцыя па турыстычных знаках і інфармацыйных бігбордах, каб сарыентаваць госця ў гарадской прасторы. Толькі ці дапаможа гэтая канцэпцыя турысту, што гіпатэтычна прыедзе ўжо ў маі на Чэмпіянат свету па хакеі? Відаць, не, бо ці паспеюць яе ўвасобіць?

Дарэчы, акрамя гарадскіх указальнікаў, для турыстаў вялікае значэнне маюць не столькі цікавыя экспанаты ў музеі, колькі арыгінальныя сувеніры. У той жа час, на думку Уладзіміра Кузубава, на сувенірнай прадукцыі музей асабліва не ўзбагачаецца. Але кіраўнік музейнай сістэмы Оршы згодны, што галоўнае ў такой прадукцыі — пакінуць матэрыяльны ўспамін госцю. Таму няхай сабе пакуль і не створана асобных сувенірных крам пры музеях, але ў кожным з іх можна набыць тое-сёе для душы, чым, дарэчы, мы і скарысталіся.

З пераліку запатрабаваных музейных паслуг, пра якія казаў нам спадар Кузубаў, адзначаем цікавы падыход да папулярнай у розных установах культуры арганізацыі вяселляў. У Оршы яно двух тыпаў: шляхецкае — праводзіцца ў колішнім езуіцкім калегіуме, і народнае — у этнаграфічным музеі “Млын”. Да яго і скіраваліся.

Што прапануе “Млын”?

“Млын” калісьці быў сапраўды млыном, пабудаваным у далёкім 1902 годзе. Ён і цяпер пануе па-над Дняпром. Але ўжо як музей….. Гаспадыняй тут — Наталля Антаневіч.

Музей размясціўся на трох паверхах. У першай частцы экспазіцыі, якая носіць назву “Хлеб наш надзённы”, прадстаўлены прадметы, якія раней выкарыстоўвалі сяляне пры пасяўных работах і ў працэсе жніва. Акрамя гэтага, можна ўбачыць і цікавосткі з побытавых рэчаў, што могуць распавесці пра звычайныя будні беларускага сялянства ў ХІХ стагоддзі: бочкі, узоры тавараў, якія сяляне вывозілі на кірмаш... Другая частка экспазіцыі — “Святло душы і таленту” — размяшчаецца на другім паверсе і дэманструе ўзоры рамеснай творчасці ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, а таксама прадметы, якія адлюстроўваюць духоўную культуру. У экспазіцыі можна ўбачыць велізарную колькасць вышываных ручнікоў, якія ўражваюць сваімі ўзорамі ды расфарбоўкамі. Немалую гістарычную каштоўнасць уяўляе калекцыя традыцыйных нацыянальных жаночых строяў. З вырабаў сучасных майстроў вылучаюцца абразы ручной работы, якія стварыла аршанская мастачка. Але наша вока зацікавіла разная драўляная скрынка, прымацаваная да сцяны. Думалі, што таксама выраб нейкага самародка. Аказалася, гэта ўдала замаскіраваны вогнетушыцель. У выніку — і тэхніка бяспекі на належным узроўні, і аўтэнтычная атмасфера захавалася.

На ніжнім ярусе музея, прызначаным пад часовыя выстаўкі, нам прыглянуліся кафля са старадаўнім шляхецкім гербам, а таксама корак ад піўной бутэлькі ХІХ стагоддзя — сведчанне пра бровар Вайнберга ў Оршы.

Усё гэтае багацце народнай культуры дэманструецца ў рознай форме — у залежнасці ад патрабаванняў узроставых груп. Прадугледжаны ў “Млыне” і інтэрактыўныя экскурсіі-падарожжы ды гульнёвая форма.

Але Наталля Антаневіч і яе калегі прывабліваюць наведвальнікаў не толькі экскурсійнай, але і актыўнай асветніцкай дзейнасцю — праз школьныя музейныя заняткі, на якіх падрабязна распавядаецца пра адметнасці народнага побыту, да прыкладу, пра гліняны посуд ды цацкі. Да слова, ці не кожны аршанскі вучань хаця б аднойчы на год наведвае такі занятак. Але прыцягваюцца ў музей не толькі дзеці і іншагароднія турысты. Важна, што шмат дарослых аршанцаў прыходзіць на курсы (між іншым, платныя) па народных рамёствах, майстар-класы па вышыўцы, аплікацыі з саломкі...

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Можна доўга разважаць пра брэнды Оршы. Казаць пра Днепр, Уладзіміра Караткевіча і Куцеінскі манастыр. Але асабіста ў мяне першае слова, якое асацыюецца з Оршай, — “лён”. А таму выязджаючы з горада мы проста не маглі не завітаць па сувеніры ў фірменную краму Аршанскага льнокамбіната. Уразіў выбар разнастайнай прадукцыі на любы густ: ручнікі — стыльныя, зробленыя нібыта французскімі дызайнерамі, і не менш прыгожыя — распрацаваныя ў народным стылі, — а таксама сурвэткі ды дыванкі. Прыемным стала і тое, што супрацоўніца крамы, да якой давялося звярнуцца, выдатна арыентуецца ў беларускіх узорах.

Здзівіла хіба толькі назва крамы, якая цяпер мае шыльду не “Аршанскі лён”, а “Віцебскі лён”. Такое найменне, можа, і дадало саліднасці, ды толькі раскручаны раней і ўжо вядомы далёка за межамі Беларусі брэнд пачынае забывацца. Гэта скажа любы маркетолаг. Як і тое, што дзеля шырокай раскруткі “льняныя” святы трэба ладзіць у шырокім фармаце сумесна з народнымі майстрамі, арганізацыяй не толькі выязнога продажу, але і майстар-класаў па ткацтве, адмысловай шоу-праграмай. І запрашаць на такія святы не толькі мясцовых жыхароў, але і патэнцыйных інвестараў. Аднак “Беллегпраму”, як кажуць, відней.

Згадка пра “Льны беларускія”…

У 2008 годзе “К” напісала пра падрыхтоўку Оршы да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Менавіта тады з дапамогай комплекснай дзяржпраграмы мясцовы езуіцкі калегіум пераўтварыўся ў культурна-адміністрацыйны цэнтр. Тут размясціўся не толькі аддзел культуры, але і Дзіцячая бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча, залы для прэс-канферэнцый, Мастацкая галерэя народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі, зала для афіцыйных прыёмаў, кавярня… А суседняя бурса стала Домам рамёстваў з салонам па продажы твораў традыцыйнага народнага мастацтва.

Мы агледзелі ўсё, і гэтае “ўсё” нас бязмежна ўразіла. Вытанчаная строгасць залаў караткевічаўскай бібліятэкі, утульнасць кавярні, шматжанравасць Дома рамёстваў, светлаколеравая магічнасць Галерэі Віктара Грамыкі...

Віктар Аляксандравіч неяк распавядаў “К”, як хваляваўся пры адборы сваіх карцін, якія меўся дарыць аршанскай галерэі. У выніку трапілі сюды, бадай, лепшыя творы жывапісца, у тым ліку і варыяцыя знакамітых ды канцэптуальных для беларускага мастацтва “Ільноў беларускіх”. Ёсць тут палотны, прысвечаныя партызанскай маладосці мастака, паваеннаму жыццю нашай краіны. І нават у пахмурны дзень галерэя літаральна выпраменьвае нейкае гаючае святло...

Чарговы раз у якасці высновы гэтага раздзела публікацыі мы згадваем пра тое, што далёка не ў кожным нашым горадзе працуе карцінная галерэя. Вось Орша дамаглася такога статуса. Працэс не быў лёгкім, але вынік дадаў да мастацкага аблічча Оршы яшчэ адну адметную рысу...

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Некалькі гадоў таму пабываў у складзе беларускай дэлегацыі на Днях нашай нацыянальнай культуры ў Санкт-Пецярбургу. У ліку іншых бясконцых цікавостак Паўночнай Пальміры агледзеў і гасцявы пакой у Смольным, дзе прадстаўнікоў Беларусі сустракаў намеснік мэра горада на Няве. (Стрыманае галандскае барока, упадабанае яшчэ Пятром I, неяк не пераконвала.) Дык вось, па ўбранстве і афарміцельскім дызайне зала тая, па маім перакананні, значна саступае пакою для афіцыйных гасцявых сустрэч у Оршы. На сценах нашай залы — партрэты вялікіх князёў. У памылковай грувасткасці цяжкай драўлянай мэблі — грунтоўнасць і абдуманасць любога лёсавызначальнага рашэння...

Мадэльнасць Рудкаўшчыны

І напрыканцы музейнага аповеду — невялічкі клубны “акорд”… Уявіце сабе карціну: па левы бок ад шашы месціцца аграгарадок “Рудкаўшчына” Горацкага раёна, з правага — дамінуе адна толькі клубная ўстанова. І ў такой “дыспазіцыі” крыецца вялікі сэнс. Летась здадзены СК (для статуса СДК у вёсцы насельніцтва не стае) выглядае, як магнацкі палац пасярод пустак і імшараў. Ён дамінуе па гэты бок невялічкай вёскі, бо адказвае не толькі за культуру, але і за захаванне гэтай самай вёскі. Таніраванае шкло, грунтоўны пандус для інвалідаў, цеплыня памяшканняў, душавая, узорныя прыбіральні (у тым ліку і для інвалідаў), зала больш чым на паўсотні наведвальнікаў, лепшая ў раёне апаратура і новы баян — такога багацця не мае іншым разам і Палац культуры абласнога цэнтра. Як жа выкарыстоўвае такую матэрыяльную базу персанал?

Загадчык СК пераконвае, што план па аказанні платных паслуг выконваецца, у асноўным — за кошт выязных канцэртаў. Вось і заўтра зборная канцэртная брыгада двух аматарскіх аб’яднанняў і трох гурткоў накіроўваецца ў аграгарадок “Красуліна”… Разам з тым, цікава, што ў клуб на мерапрыемствы прыязджаюць нават з суседніх вёсак Аршаншчыны.

Аналагічная сітуацыя з тэхнічным аснашчэннем і ў сельскай бібліятэцы: тры камп’ютары. Загадчык установы Ірына Карпіцкая распавядае, што дэлегацыя са Смаленшчыны была гэтаму факту вельмі здзіўлена: у іх пра такую раскошу і марыць баяцца... А каб яшчэ ў супольным клубна-бібліятэчным памяшканні была б кавярня — каб не губляць часу на хатнія абеды, — дык ва ўстанове можна было б сядзець, так бы мовіць, “невылазна”!

У любым выпадку, ад’язджалі з Рудкаўшчыны мы з ціхім гонарам за абласное кіраўніцтва, якое здолела ў наш няпросты час падарыць вяскоўцам мадэльную па знешнім выглядзе ўстанову...

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Вы заўважылі, што сённяшняя публікацыя не мае асаблівых крытычных заўваг? Доўга спрачаліся, ці пісаць пра тое, што бібліятэкарка і клубніца спазніліся прыйсці на працу пасля абеду на пятнаццаць хвілін. Доўга спрачаліся, але вырашылі напісаць, хоць і не ўказаўшы канкрэтную ўстанову. І толькі з той прычыны, што за гэтыя пятнаццаць хвілін у бібліятэку ды клуб ніхто з вяскоўцаў так і не завітаў. І наша журналісцкая логіка тут нескладаная: мо таму і не было наведвальнікаў, што спазненне — ледзь не планавае. Так можна дайсці да таго, што вяскоўцы і за цэлы дзень на культурныя каштоўнасці не паквапяцца. Але ж вельмі шкада такую прыгажосць зачыняць з-за непатрэбнасці...

 

Чытайце папярэднія матэрыялы з гэтага аўтатуру па Міншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне:
Абяцанага чатырнаццаць гадоў чакаюць;
Як і чым дапамагчы... інвестару?.

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":

Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
.

 

Пра перспектывы развіцця ўстаноў культуры Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўшчыны чытайце ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"