Прыгожыя? Надта ж...

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Развагі з нагоды Другога Мінскага фотафэсту
Другі Мінскі фестываль фатаграфіі набліжаецца да сваёй кульмінацыі. 3 красавіка ў Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску адкрыюцца тры новыя выстаўкі форуму: першая — маладых малдоўскіх фатографаў “Беражлівае стаўленне да дробных рэчаў”, другая — украінскай групы “L K” — “Наша агульнае асабістае”, і трэцяя — беларускай “Школы фатаграфіі “Studio 67” пад назвай “Чалавек на дарозе”.

/i/content/pi/cult/472/10021/8-3.jpg

В.Качан. З серыі "Партрэт з партрэтам".

/i/content/pi/cult/472/10021/8-4.jpg

А.Грышкявічус. "Становячыся драўляным".

Мы ж пакуль звернем увагу на першую палову фестывалю, якая адзначылася шэрагам праектаў: традыцыйнай маштабнай выстаўкай сябраў Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва” — “Ступені”, выстаўкай-рэплікай армянскага фатографа Вігена Мнаяна “Ленінакан. 25 гадоў пасля. Цэнтральны рынак” і калектыўнай выстаўкай фотамастакоў Літвы — “Літоўская фатаграфія: праз пакаленні”. Пэўныя паралелі паміж імі правяліся самі сабой.

Сёлетні форум распачаўся не толькі з пэўных спадзяванняў, але і з перасцярог. З аднаго боку, праграма Мінскага фестывалю інтрыгавала істотнай колькасцю выставак замежных аўтараў, і, як адзначыў старшыня фотааб’яднання Сяргей Плыткевіч, гэты акцэнт быў зроблены наўмысна. “Такім чынам мы даём нашым фатографам магчымасць ацаніць самім, на якім узроўні знаходзіцца беларуская фатаграфія”, — патлумачыў ён, вызначыўшы асаблівасць Другога фестывалю. З іншага — тыя самыя перасцярогі ў дачыненні да беларускай часткі. Што ўбачым на “справаздачнай” выстаўцы “Фотамастацтва”? У цэлым, якое разуменне фатаграфіі прадэманструе айчыннае фотааб’яднанне на прыкладзе Другога Мінскага? Прызнацца, пэўныя скептычныя меркаванні назіраліся. Што ж на выхадзе? Калі падводзіць папярэднія вынікі, то тыя “змяшаныя” прадчуванні спраўдзіліся. На прыкладзе выстаўкі “Ступені” — у наяўнасці аказаліся і пэўныя зрухі ў адным, і трывалы застой — у іншым. Значная колькасць выставак яшчэ наперадзе, але нават літоўскі праект пацвердзіў галоўны недахоп беларускага фота (прынамсі, ад членаў “Фотамастацтва”) — інертнасць думкі.

Усё ж паспрабую адзначыць і вартасці “Ступеняў”. У параўнанні з мінулым годам, калі аднайменная выстаўка ў галерэі “Універсітэт культуры” выглядала пярэстай зборкай фота, экспазіцыя ў Галерэі Міхаіла Савіцкага сталася выставачным варыянтам на парадак вышэй. Нельга было не заўважыць стаўлення да работ, — фатаграфіі надрукаваны з любоўю і павагай, — заўважны і пошукі экспазіцыйных рашэнняў: якія творы “перагукаюцца” з іншымі, дапаўняюць адно аднаго, у цэлым, адчуваецца “прысутнасць” куратара, што, безумоўна, патрабаваўся, каб наведвальнікі атрымалі пэўнае візуальнае ўражанне. Пабудова экспазіцыі, культура друку работ, культура подпісаў пад адбіткамі — зрухаў у прэзентацыі фатаграфіі нельга не адзначыць, і можна толькі парадавацца таму, што ў фармальным плане, нарэшце, мы навучыліся рабіць годны выставачны прадукт. Што ж да зместу… “Уся гэтая пышнасць” няўмольна выявіла галоўнае: фатаграфія ва ўспрыняцці пэўнай часткі нашых майстроў чамусьці па-ранейшаму не выходзіць за межы “прыгожых карцінак”. І, як паказала выстаўка, часам толькі гэты адзіны складнік лічыцца эталонам добрага фота.

Яркія да галавакружэння пейзажы, гарадскія замалёўкі, эстэцкія партрэты, жывапісныя нарысы, канцэптуальныя спробы… Як ні круці, але перад намі, за рэдкім выключэннем, — фатаграфія-паверхня, “фоташпалеры”, прызначэнне якіх — дэкаратыўная функцыя. Гэты варыянт будзе выдатна глядзецца ў інтэр’еры кватэры, офіса, урэшце, на рабочым стале камп’ютара (і, несумненна, цешыць вока), але няўжо геній фатаграфіі вычэрпваецца толькі гэтым? Няўжо прызначэнне апошняй — адно “прыгажосць”? Падобны “дыягназ” можна паставіць убачанаму, і нягледзячы на тое, што серыі пэўных аўтараў (гаворка — пра творы Марыны Бацюковай, Сяргея Плыткевіча, Вадзіма Качана, Элана Лыскова) выбіваліся з агульнай плыні “немагчымай прыгажосці”, гэта не змяняе сутнасці. Справа не ў тым, што згаданыя аўтары з’яўляюцца прынцыпова іншымі, “правільнымі” ці больш таленавітымі, а ў тым, чаму мы бачым менавіта гэтую плынь, дзе іншыя прыстойныя фатографы тонуць у “дзікім баляванні” эфектаў?

Што бачым у суседзяў? Акурат выстаўка літоўскіх фатографаў, якая праз пэўны час была адкрыта ў гэтай жа зале Галерэі Савіцкага, толькі падкрэсліла нашы прыкрыя слабасці. Тут няма аніякіх злых намераў: экспазіцыя проста прадэманстравала іншы падыход да фатаграфіі, скарыстацца якім цалкам у магчымасцях сябраў нашага фотааб’яднання.

Чаму мы не можам звярнуцца да ўласных фондаў — напрыклад, таго ж фотаклуба “Мінск”, асабістых архіваў фотамастакоў і паказаць знакавыя серыі, творы “легенд беларускай фатаграфіі” ды прадоўжыць гэтую лінію пераемнасці, нават спроб пераемнасці праз работы аўтараў наступных пакаленняў? Чаму мы не здольныя зрабіць падобную рэтраспекцыю, якую так па-мастацку выбудаваў Саюз фотамастакоў Літвы, даўшы магчымасць мінскай публіцы зазірнуць у недалёкае мінулае літоўцаў, пазнаёміцца з іх тагачаснай паўсядзённасцю, убачыць простых людзей у іх звычайным атачэнні? Чаму не можам далучыць да падобнага блока “класічнай фатаграфіі” сучасныя спробы асэнсавання нашай рэальнасці маладымі айчыннымі фатографамі? Усё можам, але глядзім у зусім іншы бок.

У выніку, выстаўка “Літоўская фатаграфія: праз пакаленні” здолела на тых жа самых метрах Галерэі Савіцкага распавесці пра гісторыю краіны, даць уяўленне пра феномен літоўскай фатаграфіі і пазнаёміць з яе аўтарамі. А серыі Альгіса Грышкявічуса “Цуды ў Мікалішкес” і Гіціса Скуджынскаса “Цішыня” нават дапамаглі патрапіць далей — у светапогляд літоўцаў.

Выстаўка армянскага фатографа Вігена Мнаяна “Ленінакан. 25 гадоў пасля. Цэнтральны рынак” — пра вынікі землятрусу ў Арменіі 1988-га — таксама выглядае не горшым прыкладам успрымання фатаграфіі як сродку асэнсавання сваёй гісторыі: фатограф працуе з паняццем калектыўнай траўмы, трагедыі, наступствы якой і праз дзесяцігоддзі нікуды не зніклі.

Калі казаць у гэтым ракурсе пра “Ступені” — фатаграфія як фіксацыя паўсядзённага жыцця, як сродак спасціжэння нашай рэальнасці, грамадства, паўтаруся, сродак асэнсавання гісторыі, — то ў памяці ўзнаўляюцца серыі Марыны Бацюковай “Андрэй Чэжын ардэнаносны ў Запаведніку Камунізму”, Сяргея Плыткевіча “Вялікая вада: прыгажосць і трагедыя”, Вадзіма Качана “Партрэт з партрэтам” і Элана Лыскова “Дом Марыі і міласэрнасці”. Але ці раскрывае ў поўнай меры кожны з іх сваю тэму? Ці складваюцца гэтыя работы ў нейкую агульную карціну?

Увогуле, што мы можам расказаць пра беларусаў і беларускую фатаграфію пасля прагляду выстаўкі “Ступені”? Пытанне, лічыце, не да месца, бо ў тым самым “асадку” — ружовыя заходы сонца, неба ў лужынах і барвовы колер лістоты. А мы з вамі ведаем, што толькі гэтым жыццё не вычэрпваецца.

І гэта, калі не дзіўна, дык вельмі сумна.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"