Славутасці з іншага ракурсу

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Летась адзін з беларускіх мабільных аператараў сувязі ладзіў арыгінальныя бясплатныя экскурсіі, маршрут якіх стаў для многіх гараджан сапраўдным сюрпрызам. Нашы ўсходнія суседзі пайшлі далей. Так, намаганнямі Цэнтра культурнага менеджменту ў шэрагу гарадоў Украіны былі створаны альтэрнатыўныя мастацкія даведнікі. Больш за год працягвалася праца над праектам. У выніку прадстаўлена сем даведнікаў з Кіева, Львова, Івана-Франкоўска, Херсона, Харкава, Адэсы і Данецка.

/i/content/pi/cult/472/10019/13-1.jpg

Кожны праект мастацкага даведніка — унікальны, бо для кожнага горада распрацоўвалася свая канцэпцыя. Альтэрнатыўныя даведнікі адлюстроўваюць гарадскую прастору па-рознаму: праз гістарычныя і сучасныя гарадскія краявіды, мастацкія творы, праз тэксты і візуальныя вобразы, а таксама праз віртуальныя старонкі.

Да працы над даведнікам было вырашана далучыць вядомых асоб — пісьменнікаў, паэтаў, фотамастакоў і творцаў, якія ведаюць свой горад так, як яго не заўсёды паказваюць прыезджым экскурсаводы з турфірмаў. Да многіх праектаў таксама далучылася нямала гараджан, якія падавалі ідэі, дзяліліся фотаздымкамі або расповедамі пра цікавыя мясціны і яркіх людзей.

Існуе альтэрнатыўны гід і па Бялградзе — гэты праект фінансуецца Дэпартаментам культуры сербскай сталіцы. Дзякуючы праекту можна, да прыкладу, правесці дзень як студэнт аднаго з факультэтаў Бялградскага ўніверсітэта. Акрамя таго, праграма экскурсіі можа быць складзена па запытах турыста.

Разумеюць, што неабходна ламаць стэрэатыпы ў адлюстраванні гарадской культуры, і ў Рызе. Для гэтага сапраўдныя “інсайдэры” Рыгі, мастакі, архітэктары, журналісты і фатографы, якія любяць свой горад і гатовы падзяліцца яго сакрэтамі, стварылі інтэрнэт-даведнік “Another Travel Guide”, які зусім нядаўна займеў друкаваны варыянт.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"