А ўсе кажуць: "Кулёк"...

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Тады ўжо лепш “Кулёк шчасця”, або Пра што пыталіся студэнты ў рэктара?
Калектыўныя сустрэчы з рэктарам — звычайная практыка для многіх айчынных ВНУ. Але Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў вырашыў праявіць крэатыўны падыход, зрабіўшы з гэтай, здавалася б, шараговай падзеі сапраўднае ток-шоу пад назвай “100500 пытанняў да рэктара” Юрыя БОНДАРА. Да слова, мерапрыемства адбылося ў рамках праекта “Канструктар: будуем універсітэт мары”.

/i/content/pi/cult/472/10018/6-1.jpg /i/content/pi/cult/472/10018/6-2.jpg

Юрый Бондар адказвае на пытанні студэнтаў у рамках універсітэцкага "ток-шоу". / Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/472/10018/6-3.jpg

/i/content/pi/cult/472/10018/6-4.jpg

Як адзначыла адна з арганізатараў праекта, студэнтка выпускнога курса Настасся Батура, “100500 пытанняў…” — толькі адзін з этапаў задумы, скіраванай на прыцягненне ўвагі студэнтаў малодшых курсаў да будучыні іх альма-матэр. Гэтымі днямі завяршаецца праект студэнцкіх ініцыятыў: цягам двух тыдняў пяць каманд распрацоўвалі ініцыятывы па накірунках ко-брэндынг, ко-відэа, ко-папера, ко-івэнт, а таксама ко-прадзюсарынг. У рамках праекта былі прадугледжаны майстар-класы, сустрэчы з экспертамі.

Мы ж пастараліся пакуль што “ўціснуць у аб’ём” на палосах найбольш цікавыя і актуальныя пытанні навучэнцаў да Юрыя Бондара.

— Ці марылі вы ў дзяцінстве быць рэктарам ВНУ?

— Прызнаюся, у дзяцінстве я быў свавольнікам. А таму, паверце, нават і не думаў пра такую пасаду. Тут яшчэ дадаўся і суб’ектыўны фактар: мае бацькі — педагогі, выкладчыкі сталічных універсітэтаў… І з іх размоў рэктар уяўляўся мне асобай недасяжнай.

— Якія інавацыі чакаюцца ва ўніверсітэце бліжэйшым часам?

— Інавацыі ўжо жывуць у ВНУ. Гэта адносіцца і да новай канцэпцыі яе творчай дзейнасці. Вялікім дасягненнем апошняга часу для ўніверсітэта стала стварэнне практыкаарыентаванай магістратуры, на базе якой — упершыню ў краіне — адкрылася спецыяльнасць “Арт-менеджмент”. Хочацца ўвасобіць і сваё бачанне творчай дзейнасці ВНУ. Увесь працэс навучання павінен быць скіраваны на практычнае выкарыстанне атрыманых ведаў. А гэта мае на ўвазе стварэнне камерцыйна перспектыўнага творчага прадукту. Так, зараз мы працуем з расійскім кампазітарам Кімам Брэйтбургам над пастаноўкай “Дуброўскага”, прэм’ера якога запланавана на канец мая ў Музычным тэатры.

— Па дысцыпліне “Беларускі народны каляндар” заняткі праводзяцца раз на тыдзень. Пры гэтым за палову семестра мусім вывучыць больш за шэсцьдзясят песень. Ці рэальныя такія патрабаванні?

— Сапраўды, за адну пару вывучыць нічога нельга. Але сённяшняя канцэпцыя вышэйшай адукацыі мае перадумовай надзвычай высокую ступень самастойнай работы. Кожны са студэнтаў павінен разумець, што прымусова рабіць спецыяліста найвышэйшага ўзроўню мы ні з каго не будзем. У сувязі з пераходам на чатырохгадовае навучанне вельмі цяжка знайсці баланс інтарэсаў паміж усімі дысцыплінамі. Тым не менш, прыслухоўваемся да меркаванняў студэнтаў.

— Ці плануецца пры паступленні ў БДУКіМ, акрамя конкурсу сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, уключыць прафарыентацыйны тэст ці сумоўе? Не хочацца, каб у менеджары сферы культуры ішлі выпадковыя людзі...

— Згодны, менеджар не павінен быць “амёбай”. Пакуль у нас не здаюць дадатковы профільны іспыт толькі абітурыенты, якія паступаюць на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый, а таксама будучыя менеджары. Таму гэтую прапанову можна абмеркаваць на пасяджэнні навукова-метадычнага савета і ў будучым увесці аналаг прафесійна-псіхалагічнага тэсціравання. Гэтае пытанне можа быць урэгулявана, праўда, ужо не ў бягучым годзе.

— Ва ўсім свеце існуе практыка па абмене студэнтаў паміж разнастайнымі ВНУ. Ці зможа мне дапамагчы ўніверсітэт паехаць, скажам, на год у Сарбону?

— Нягледзячы на тое, што наша краіна не рэалізуе ў вышэйшай адукацыі прынцыпы Балонскай сістэмы заліку модуляў, бадай кожны ахвотны студэнт можа паспрабаваць павучыцца за мяжой. Прынцып просты. Калі ў нас маецца ВНУ-партнёр і заключана пагадненне аб метадычным узаемадзеянні, то мы можам без цяжкасцей абменьвацца студэнтамі. Сёння БДУКіМ можа прапанаваць вам паехаць на семестр павучыцца ў Цюмень, Новасібірск, Санкт-Пецярбург, Маскву. Скажу, што сёлета прыйшла прапанова адправіць на навучанне дзесяць студэнтаў у Кітай. Але мы так і не знайшлі ніводнага ахвотнага...

— Калі будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўніверсітэцкі даўгабуд — спартыўны комплекс?

— Гэта мой боль. Я пачынаў свой шлях у гэтым універсітэце са стартам дадзенага праекта. У свой час давялося курыраваць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. На жаль, на завяршэнне будаўніцтва не хапіла сродкаў. Пагоршыла сітуацыю тое, што цяпер юрыдычных правоў у адносінах да даўгабуда мы не маем: заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца міністэрская Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца. Для мяне справа гонару — завяршыць узвядзенне аб’екта. Магчыма, ён будзе выстаўлены на інвестыцыйны аўкцыён.

— Ці можа ўніверсітэт дазволіць студэнтам выбіраць тыя або іншыя прадметы, а таксама пакідаць водгукі аб дзейнасці выкладчыкаў?

— У нас выкарыстоўваецца сістэма менеджменту якасці — штогод праводзяцца апытанні студэнтаў. Кожны можа выказацца адносна педагагічнай дзейнасці выкладчыкаў, існуючых праграм курсаў. Скажу, што кадравая праблема ў нас — тэма асобнай размовы. Сёння адбываецца імклівае старэнне кадраў у сістэме вышэйшай адукацыі краіны.

— Калі ў інтэрнатах нарэшце ўстановяць шклопакеты? Паколькі нам нельга карыстацца абагравальнікамі, зімой даводзіцца жыць у спартанскіх умовах...

— Мы ў курсе гэтай праблемы. Пад час зімовых маразоў, дзякаваць богу, у нас не было зафіксавана тэмпературы ніжэй за 17,5 градуса. Устаноўка шклопакетаў — гэта задача на бліжэйшую перспектыву. Але і тут вырашальную ролю адыгрывае пытанне з фінансамі. Каб замяніць вокны ў інтэрнатах, патрэбна каля паўтара мільярда рублёў.

— Усім вядома пра неафіцыйную назву нашага ўніверсітэта ў народзе — “Кулёк”. Шмат хто змагаецца з гэтым, пратэстуе. Можа, лепш перабудаваць у свядомасці людзей адносіны да гэтай назвы, разглядаць яе ў значэнні “Кулёк шчасця”?

— Калі ў 1970-х на абсягах Савецкага Саюза былі створаны інстытуты культуры, то такая назва прыклеілася амаль да іх усіх. У нас жа былі розныя спробы, так бы мовіць, рэбрэндынгу назвы. Зараз я ўсім кажу, што “кулёк” паходзіць ад англійскага слова “cool”, а таму мы, так бы мовіць, — “маленькі круты ўніверсітэт”.

— Хутка я траплю на сваю першую азнаямленчую практыку. Але ад многіх дасведчаных ды ініцыятыўных студэнтаў мінулых гадоў чуў, што буду адсылаць на практыцы факсы... Чаму ўстанова, прызначаная даць мне хоць нейкія навыкі, застаецца да мяне абыякавай? Я не хачу рассылаць факсы!..

— Усё залежыць ад кіраўніка той установы, куды вы трапілі на практыку. Вось на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый работа гэтая наладжана добра. Студэнты на практыцы займаюцца канкрэтнай справай, зарэкамендоўваюць сябе, у большасці выпадкаў потым трапляюць туды на працу. Калі ж закасцянелы кіраўнік лічыць, што студэнт-практыкант павінен чай яму гатаваць... Калі вы трапіце ў падобнае становішча, звяртайцеся да дэкана ці да мяне, мы памяняем вам месца практыкі. Іх сёння хапае.

— Я наконт адпрацовак у інтэрнаце, без якіх туды проста не заселішся. Між тым, такую працу можна назваць прымусовай, а апошняя забаронена 13-м артыкулам Працоўнага кодэкса...

— Безумоўна, прымусовая праца забаронена. Мы з пашанай ставімся да Працоўнага кодэкса. Але ж ёсць нормы кодэкса Грамадзянскага, якія дэкларуюць прынцыпы свабоды заключэння дамовы, падпісанай вамі яшчэ на пачатку навучання. Менавіта там і ідзе гаворка пра адпрацоўкі. І гэта — не капрыз інтэрнатаўскага каменданта: трэба падтрымліваць элементарны парадак у пакоях, на прылеглай тэрыторыі. А тут ніякіх прыбіральшчыц не хопіць. Так што спадзяёмся і на вашу супрацу. Тым больш, кожны ахвотны студэнт універсітэта забяспечаны інтэрнатаўскім адносна танным жыллём. І толькі наша ВНУ можа гэтым пахваліцца. Так што я — за раўнапраўнае партнёрства, заснаванае на грамадскіх інтарэсах.

— Ходзяць чуткі пра аб’яднанне ВНУ сферы культуры. Як вы да іх ставіцеся?

— Колькі працую, столькі пра гэта і чую. Пакуль гаворка пра аб’яднанне не вядзецца.

— Калі комплексна вырашыцца пытанне са сталоўкай? Маюцца на ўвазе недавага страў, неадпаведнасць іх складу, заяўленым у меню, непрафесіяналізм супрацоўнікаў…

— Сталоўка — гасразліковае прадпрыемства, што дзейнічае на прынцыпах самаакупнасці. Таму заробкі — малыя, кадравыя праблемы — пастаянныя. Правяраем работу сталоўкі рэгулярна, ловім работнікаў на нядобрасумленнасці — выганяем з працы. Галаўны боль — пастаянны. Давайце вырашаць праблему студэнцкага харчавання разам з вамі. Мо варта стварыць піцэрыю? Я не супраць.

— Я выпускнік — будучы бібліятэкар. Хвалюе тэма размеркавання. Прыйшоў запыт з Пінска. Мой будучы сярэднямесячны заробак — 1 мільён 900 тысяч рублёў. Зараз вучуся і падпрацоўваю, часу на падпрацоўку выкарыстоўваю ўдвая менш, чым будзе ў Пінску, але зарабляю паўтара мільёна рублёў. Пытанне: як жыць?

— Пытанне філасофскае. Так, заробак у маладога спецыяліста маленькі. Але, зразумейце, працадаўца паведамляе вам пра будучы аклад. Ёсць жа самыя розныя формы заахвочвання, сацыяльных выплат. Насамрэч вы будзеце атрымліваць у месяц недзе 2 мільёны 700 тысяч. Таксама мала, але з нечага трэба пачынаць…

— Ці зменіцца палітыка размеркавання?

— 30 працэнтаў выпускнікоў застаецца ў Мінску, 70 — працуе ў рэгіёнах. Гэтую прапорцыю мы захаваем. Пастараюся, каб гэтыя 30 “мінскіх” працэнтаў працавалі ў новай якасці, атрымлівалі годныя рабочыя месцы па спецыяльнасці і ў адпаведнасці з пажаданнямі. Той, хто з бюджэтнікаў адмаўляецца ад двухгадовай адпрацоўкі, кампенсуе рэальны кошт адукацыі: прыкладна 120 мільёнаў рублёў.

— Чаму ва ўніверсітэце ёсць царкоўны шапік і няма медпункта ці аптэкі?

— Медпункт знаходзіцца ў інтэрнаце № 1, там пастаянна дзяжурыць фельчар… Наконт царкоўнага шапіка... А каму і калі перашкодзіла вера?

— Двухгадовая адпрацоўка будзе павялічвацца да пяці гадоў?

— Не блытайце: пяць гадоў — абавязковы тэрмін адпрацоўкі для мэтавікаў.

— Вучуся на кафедры менеджменту і сацыякультурнай дзейнасці. Набор на спецыяльнасць, як я разумею, — неабмежаваны. На патоку — больш за 70 студэнтаў, узровень асобных з якіх выклікае сумневы, бо пішуць з памылкамі. Ці не ўплывае гэта на якасць навучання? Жорсткага адбору няма. За гады навучання адлічылі толькі двух студэнтаў, і тое — за ненаведванне. А дыпломы ў нас будуць аднолькавыя. І ўвогуле, менеджар сацыякультурнай сферы — хто гэта?

— Чалавек з вялікай літары. На аднаго менеджара — тры заяўкі. Забірае іх, у асноўным, Мінск. А, да прыкладу, Касцюковічы крыўдзяцца і крытыкуюць мяне за тое, што гадамі не даём туды спецыялістаў. Менеджар — не кіраўнік, а чалавек, кампетэнтны ў прававых, эканамічных, рэкламных пытаннях… Пры вялікіх наборах мы не прыхоўваем сваю камерцыйную скіраванасць. Спецыяльнасць запатрабавана сярод студэнтаў-платнікаў. Больш за тое: яны пераводзяцца да нас з іншых прэстыжных ВНУ. Усё ж мы даём, напэўна, грунтоўныя веды таму, хто іх жадае набыць… Так, дыпломы вашы — аднолькавыя, а вось рэйтынгі — розныя. І любы працанаймальнік вызначыць гэта на першых хвілінах субяседавання... За гады навучання мы фарміруем лад вашага мыслення, уменне генерыраваць ідэі. І пераважная большасць выпускнікоў — нестандартныя асобы. А што пішуць з памылкамі… Бывае, і прарэктары пішуць гэтак жа.

— Ці плануецца больш дынамічнае развіццё бесправадных падключэнняў Wi-Fi ва ўніверсітэце і інтэрнатах?

— Справа ў тым, што заканадаўства забараняе ананімны доступ да Інтэрнэту. Патрэбна аўтарызацыя. Цяпер дзейнічаюць электронныя студэнцкія білеты (яны ж — і пропускі), зробім, напэўна, каб на падставе іх вам выдаваўся код для доступу ў Wi-Fi. Што да інтэрнатаў, дык да іх трэба падводзіць аптычную лінію, а гэта будзе каштаваць недзе 200 мільёнаў рублёў. Можна чакаць, калі ўніверсітэт знойдзе гэтыя грошы, а можна ўсё арганізаваць самім, стварыўшы прыватную сетку.

— Калі ў мяне першая адукацыя атрымана ў каледжы (педагог гісторыі і тэорыі музыкі), а другая — на кафедры этналогіі і фальклору нашага ўніверсітэта, мяне могуць размеркаваць па першай адукацыі, скажам, у ДШМ?

— Вас туды і размяркуюць. Бо сёння, на жаль, няма ў штатных раскладах устаноў культуры пасады спецыялістаў па фальклоры. А ў школе вы зможаце весці гурток народнай музыкі.

— Ці будзе арганізавана ва ўніверсітэце ваенная кафедра?

— Не, не будзе.

— Мы вучымся ў першую змену, заняткі пачынаюцца а восьмай раніцы. А можна пачынаць хаця б у 9.30? І ці можна перанесці ранішнія суботнія лекцыі на іншыя дні?

— Пытанні звязаны з фарміраваннем нашага раскладу. Пры сённяшняй колькасці аўдыторных гадзін мы не можам сабе дазволіць рэалізаваць вашы прапановы: не хопіць аўдыторнага фонду. Але вядзём работу па падрыхтоўцы матэрыялаў для самастойнай працы студэнтаў (навучальна-метадычныя комплексы, электронныя рэсурсы, формы тэсціравання), каб вы зайшлі на старонку вашага выкладчыка і выканалі ягоныя заданні. Пры гэтым скароціцца частка аўдыторных гадзін. Тады можна будзе змяніць графік навучальнага працэсу.

— Наша мара — пабудаваць універсітэт мары. А ў вас якая мара?

— Гэткая ж. Хачу, каб называлі нас не “Кульком”, а беларускім Гарвардам…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"